СК Беларусі папоўніў сьпіс тых, каго чакае завочны суд.
Ціханоўскай інкрымінуюць наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрыманьня будынкаў і збудаваньняў);
- ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- чч.1 і 2 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкіх фармаваньняў і кіраўніцтва імі).
Кавальковай і Латушку:
- ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня);
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне варожасьці);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме).
Дылеўскаму:
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам),
- ч. 3 арт. 361,
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Мароз інкрымінуюць:
- ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрыманьня будынкаў і збудаваньняў);
- ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
«Мы сталі прывыкаць да пастаянных абвінавачаньняў, крымінальных справаў, статусаў „экстрэмістаў“ і „тэрарыстаў“, — пракамэнтавала сытуацыю Сьвятлана Ціханоўская. — Сёньня зьявіліся новыя „спэцыяльныя вытворчасьці“ — так рэжым рыхтуецца да „завочных судоў“ і крымінальных справаў. У мяне іх набралася ўжо 10, у Паўла Латушкі — 8, Вольгі Кавальковай — 5, Марыі Мароз — 4».
«Што я магу сказаць пра гэта? — дадала Ціханоўская. — Я толькі хачу падтрымаць усіх людзей, якія апынуліся ў гэтых сьпісах. Дзякуй вам усім за вашую працу. Дзякуй за тое, што мы разам. Дзякуй за тое, што вас не зламаць. Кожны, каго перасьледаваў ці перасьледуе рэжым, — памятайце: вы сапраўдныя героі Беларусі».
«Я ведаю, што ў гэтага вялізны кошт. Але аднойчы ўсе гэтыя прыдуманыя крымінальныя справы будуць адмененыя. А гонар і сумленьне — гэта тое, што застаецца назаўжды», — адзначыла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК анансаваў завочныя суды над «Вясной», Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, Nexta і іншымі арганізацыямі і людзьміРаней СК стварыў асобны тэлеграм-канал, дзе будзе публікаваць зьвесткі людзей, супраць якіх пройдуць завочныя суды.
27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Гэта рэдактарка «экстрэмісцкага» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, сябра офісу Ціханоўскай Данііл Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская.
«Спэцыяльнае вядзеньне», паводле інфармацыі СК, таксама распачалі ў дачыненьні да ўдзельнікаў і кіраўнікоў, якія называюцца ў матэрыяле «тэрарыстычнымі арганізацыямі» і «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»:
- Беларускага фонду спартовай салідарнасьці;
- праваабарончага цэнтру «Вясна»;
- тэлеграм-каналу Nexta;
- Каардынацыйнай рады;
- Валера Цапкалы.
Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачата ў дачыненьні да вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені, якой інкрымінуюць ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). Аляксандра Герасіменя цяпер за мяжой, яна ўзначальвала Фонд спартовай салідарнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК заявіў, што алімпійскую прызэрку Аляксандру Герасіменю будуць судзіць завочна