Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дому Джон Кірбі паведаміў журналістам, што Іран накіраваў у Крым «адносна невялікую колькасьць» людзей як інструктараў, а таксама тэхнічную падтрымку, у той час як расейцы кіруюць бесьпілётнікамі.
«Цяпер Тэгеран бярэ непасрэдны ўдзел на месцы і шляхам перадачы зброі ўплывае на цывільнае насельніцтва і цывільную інфраструктуру Ўкраіны», — сказаў ён.
«ЗША зьбіраюцца выкарыстоўваць усе сродкі, каб выкрыць, стрымаць і супрацьстаяць пастаўкам Іранам гэтых боепрыпасаў супраць украінскага народу», — падкрэсьліў Кірбі.
Злучаныя Штаты таксама працягнуць «рашуча выконваць санкцыі супраць расейскага і іранскага гандлю зброяй», дадаў ён.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведаў Тэгеран у ліпені, і ЗША тады заявілі, што Расея плянуе купіць іранскія бесьпілётнікі для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны. Іран адмаўляе продаж сваіх боепрыпасаў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўразьвязу зацьвердзіла санкцыі ў дачыненьні да Ірану за пастаўку дронаў у Расею