Па справе праходзяць пяць чалавек — Дзьмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Натальля Мацьвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак.
Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм.
Ім інкрымінуюцца тры эпізоды:
- спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі ў Вілейцы,
- замах на прапагандыста Рыгора Азаронка
- і спроба зьнішчёньня лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах.
Пра затрыманьне ўдзельнікаў «АГСБ» і гэтыя эпізоды стала вядома з выступу Лукашэнкі да Дня незалежнасьці ў 2021 года. Ва ўсіх эпізодах былі задзейнічаны «падстаўныя» саўдзельнікі-сілавікі.
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Епіхаў, паведамляе «Вясна».
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, якую агучылі на судзе, Гулевіч і Глотаў, «апрануўшыся ў камуфляжную форму і ўзяўшы агнястрэльную зброю, боепрыпасы для акту тэрарызму, праніклі на тэрыторыю ваеннага аб’екта. Глотаў зафіксаваў выбуховыя прылады, які валодалі паражаючым дзеяньнем у радыюсе ня менш за 11 мэтраў. Пасьля ўстаноўкі яны адышлі на бясьпечную адлегласьць».
Таксама ў судзе ўдакладнілі, што Вадзім Гулевіч, «плянаваў пасьля выехаць на тэрыторыю Ўкраіны, каб там праходзіць падрыхтоўку для ўдзелу ў баявых дзеяньнях». Аднак яго затрымалі ў Берасьці 28 чэрвеня 2021 года.
Гулевіч прызнаў віну часткова.
Спроба зьнішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах інкрымінуецца 39-гадовай Натальлі Мацьвеевай. Таксама пра гэты эпізод упершыню стала вядома ад Лукашэнкі 2 ліпеня 2021 года. Тады ён заявіў, што літаральна нядаўна спрабавалі зьнішчыць вялікую колькасьць лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах.
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, увечары 8 чэрвеня 2021 года разам зь нібыта саўдзельнікам, які на самай справе выконваў заданьне органаў дзяржаўнай бясьпекі, Мацьвеева прыбыла да лясгаса. Яна ўдзельнічала ў вырабе кактэйляў Молатава, пры дапамозе якіх павінны былі падпаліць тэхніку. Аднак была затрыманая да зьдзяйсьненьня, гэта значыць не давяла свае дзеяньні да канца.
Ёй інкрымінуюцца ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Мацьвеева на судзе прызнала віну па ўсіх артыкулах.
32-гадовага жыхара Ліды Дзьмітрыя Сасноўскага затрымалі 1 чэрвеня 2021 года. Яго абвінавачваюць у замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка. У фільме АНТ паказваюцца кадры нападу, праўда, на іх Сасноўскі бяззбройны. Нібыта Глотаў мусіў перадаць яму зброю. Сам напад на Азаронка зьдзяйсьняе чалавек, які, як мяркуецца, быў сілавіком.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» — правакацыйны канал, кантраляваны спэцслужбаміШто адбывалася на судзе?
32-гадовы Дзьмітрый Сасноўскі зь Ліды падчас паседжаньня заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што «не мае дачыненьня да тэрарызму». Ён падзякаваў сваякам, якія прыйшлі ў залю суда, каб падтрымаць яго, і заплакаў.
Пацярпелы Азаронак у залю суду не зьявіўся, суд пачаў судовае сьледзтва безь яго.
Як вынікае з абвешчанага абвінавачваньня Мацьвеевай, у арганізаваную групу тых, каго кіраўнік «АГСБ» Дзяніс Хромаваў-Хофман наймаў для зьдзяйсьненьня акту на тэрыторыі Беларусі, быў укаранёны апэратыўны супрацоўнік па прозьвішчы Гардзееў, пра што ня ведалі ні сама Мацьвеева, ні Хромаў-Хофман.
У матэрыялах справы 15 тамоў. За першы дзень усім абвінавачваньні зачытаць не пасьпелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ перадаў у пракуратуру справу супраць «Атрадаў грамадзянскай самаабароны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «справу аб падрыве ў Вялейцы»