Павысілі цэны на 1,39 рубля
17 кастрычніка начальнік аддзелу дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Юры Кардымон паведаміў пра новыя крымінальныя справы за павышэньне цэнаў.
У двух гандлёвых аб’ектах Слоніма і Горадні тавары пераацанілі «ў бок падвышэньня». У адной з крамаў павысілі цэны на кандытарскія вырабы і паўфабрыкаты зь мяса.
«Розьніца даходзіла да 1,39 рубля», — паведамлялі ў КДК.
У іншай краме, у Слоніме, цэны «былі завышаныя на прамысловыя тавары, павелічэньне цаны даходзіла да 3 рублёў 85 капеек».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржкантролю заявіў аб затрыманьні двух кіраўнікоў сеткі «Дабраном» за парушэньне загаду Лукашэнкі наконт цэнПавысілі цэны на ёгурт
У Баранавіцкім раёне завялі крымінальную справу на намесьніка дырэктара адной з прадуктовых крамаў. Падстава — павышэньне цаны на ёгурт «вядомай беларускай маркі».
Павысілі цэны на сыр
У Магілёўскім раёне, у адной зь вёсак, дырэктар таварыства з дадатковай адказнасьцю «ўстанавіў завышаную цану на сыр». Сілавікі паведамляюць, што зрабіў ён гэта «ў карысьлівых мэтах».
Каўбаса каштавала на 2 рублі даражэй
Ужо 8 кастрычніка КДК паведаміў пра завышэньне цаны на каўбасу ў Лідзе на 2 рублі. Цяпер сілавікі праводзяць праверку, па выніку якой можа быць заведзеная крымінальная справа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Tiktok да забароны на продаж: Гісторыя адной курыцы, якая раззлавала ЛукашэнкуЗавышалі цэны на гародніну
Яшчэ пра адзін выпадак у эфіры «Беларусь-1» паведаміла прадстаўніца КДК Тацяна Самохіна. Нібыта адно з бабруйскіх прадпрыемстваў прадавала гародніну дзяржаўным прадпрыемствам па завышаных цэнах. Па асобных пазыцыях нацэнка складала да 600%. Пастаўкі ж зьдзяйсьняліся са студзеня па жнівень, то бок да замарозкі цэнаў Лукашэнкам.
34 крымінальныя справы, 20 затрыманых
18 кастрычніка МУС паведаміў пра 70 фактаў, калі цэны ў крамах завышалі. На гэтай падставе завялі 34 крымінальныя справы і ўжо затрымалі 20 чалавек.
«Падобныя дзеяньні працаўнікоў гандлю робяць істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Праца па выяўленьні такіх фактаў працягваецца», — дадалі ў МУС.
«Часы ваеннага камунізму»
Да чаго можа прывесьці такая палітыка беларускіх уладаў, тлумачыць Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік Beroc, незалежнага акадэмічнага цэнтру ў галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі.
«Калі цэны аб’ектыўна павышаюцца, а рытэйлеры іх ня могуць павысіць, тады зьмяншаецца попыт. Цяпер гэтага не адбываецца з прычыны запужваньня і крымінальных спраў. Калі прадпрымальнікаў надалей будуць караць за павышэньне цэнаў крымінальнымі справамі, яны пачнуць праядаць свой абаротны капітал. Дзяржпрадпрыемствы могуць пачаць браць крэдыты на заробкі. Колькі так могуць пратрымацца прадпрыемствы, залежыць ад іх капіталу. Аднак пасьля такога фінансавае здароўе прадпрыемстваў будзе падарванае. Любыя мэханізмы абыходу могуць прывесьці да крымінальных спраў, таму любы бізнэс пад рызыкай. У пляне гандлю Беларусь уваходзіць у часы ваеннага камунізму», — кажа Леў Львоўскі.