У ліпені 2022 году Сьледчы камітэт распаўсюдзіў прэс-рэліз, што ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па «Чорнай кнізе Беларусі» затрымана каля 20 чалавек. Паводле СК, «група тэхнічнай падтрымкі» каналу налічвала дзясяткі чалавек — у тым ліку работнікаў дзяржаўных органаў, былых праваахоўнікаў і асоб, якія мелі доступ да асабістых зьвестак беларусаў. Менавіта яны «зьлівалі» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў.
«Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя дадзеныя людзей, якія спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пранік агент ГУБАЗіКу ў офіс Ціханоўскай? Рэха шпіёнскай гісторыі ў «Чорнай кнізе Беларусі»Ня так даўно стала вядома, што ў праект «Чорная кніга Беларусі» амаль ад моманту стварэньня быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко, які адпрацаваў у «ЧКБ» дзевяць месяцаў. Гайко меў зьвесткі пра людзей, якія дасылалі ў чат-бот «ЧКБ» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў. Выявілі яго толькі ў траўні 2021 году.
Свабода паглядзела, пра якія затрыманьні вядома ў рамках гэтай крымінальнай справы.
Зьміцер Падрэз
Айцішнік, а таксама стрыт-арт-мастак. Быў затрыманы ў ліпені 2021 году, у хуткім часе пасьля раскрыцьця асобы Гайко. Праваабаронцы адзначалі, што пры затрыманьні зь яго зьдзекаваліся і білі яго. Да Падрэза ў кватэру сілавікі трапілі праз вокны, спусьціўшыся па вяроўках.
Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што пры затрыманьні ў кватэры Падрэза сілавікі рэзалі карціны, разьбілі стары ноўтбук. Калі прыбыў ГУБАЗіК, то ад іх затрыманы пачуў: «Сардэчна запрашаем у гестапа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сардэчна запрашаем у гестапа!» Зьявіліся сьведчаньні пра зьдзекі з палітвязьня Падрэза пры затрыманьніСуд адбываўся пры зачыненых дзьвярах. 15 сакавіка 2022 году Падрэзу агучылі вырак — сем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён у калёніі ў Магілёве.
Сяргей Петрушэнка
Тэлеграм-каналы, блізкія да ГУБАЗіКу, наўпрост паведамлялі, што Петрушэнку ўдалося выявіць дзякуючы працы іх супрацоўніка, які быў укаранёны ў працу «Чорнай кнігі Беларусі». Сяргей Петрушэнка — у мінулым работнік «Менскага гарадзкога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастры».
Генэральная пракуратура пісала пра Петрушэнку, што ён ад верасьня 2020 да чэрвеня 2021 году (у гэты месяц якраз яго затрымалі) перадаваў адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі» зьвесткі пра судзьдзяў, работнікаў пракуратуры, Сьледчага камітэту і МУС.
У жніўні 2022 году Петрушэнку асудзілі на 6,5 года калёніі. Цяпер ён у СІЗА ў Баранавічах.
Натальля Лашч
Былая работніца пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску, затрыманая ў жніўні 2022 году за «зьліў» пэрсанальных дадзеных у «Чорную кнігу Беларусі», пра гэта справаздачылася Генэральная пракуратура. Апошнім часам працавала ў сфэры ІТ. Супраць Лашч завялі крымінальную справу па артыкуле 130 КК «Распальваньне варажнечы». Трымаюць яе ў СІЗА на Валадарскага.
Андрэй Гарун
У мінулым быў сілавіком. Перад затрыманьнем працаваў у EPAM. Затрыманы ў кастрычніку 2021 году за перадачу пэрсанальных дадзеных тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Суд яшчэ не адбыўся, трымаюць Гаруна ў СІЗА на Валадарскага.
Сьвятлана Бычкоўская
Жанчына працавала ў службе «Адно акно» Кастрычніцкага раёну Менску. Крымінальную справу завялі за распальваньне варожасьці. У відэа, якое здымалі сілавікі, Бычкоўская казала, што перадавала дадзеныя «Чорнай кнізе Беларусі». Супраць яе завялі крымінальную справу па артыкуле 130 КК «Распальваньне варожасьці», як і супраць іншых фігурантаў справы. Праваабаронцам пакуль невядома пра суд над затрыманай.
Васіль Ермакоў
У мінулым вядучы эканаміст банку БелВЭБ. Затрыманы ў ліпені 2022 году. У пакаяльным відэа Ермакоў казаў, што перадаваў дадзеныя адмінам «Чорнай кнігі Беларусі». Суд над ім яшчэ не адбыўся.
Начальнік аддзелу маркетынгу Life
У лютым 2022 году ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманьне начальніка аддзелу маркетынгу і распрацоўнікі апэратара мабільнай сувязі Life. Яго абвінавачвалі ў зьліве пэрсанальных дадзеных сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў. Супраць 31-гадовага мэнэджара завялі крымінальную справу за распальваньне варажнечы. Ягонага імя не называлі ні сілавікі, ні праваабаронцы. Суд пакуль што не адбыўся.