Журналіст польскай штодзёнкі Dziennik. Gazeta Prawna і аўтар кніг пра Ўсходнюю Эўропу Міхал Патоцкі расказвае, як у Польшчы ўспрымаюць гэтыя абвінавачаньні, і разважае, чаму рэжым у Беларусі распачаў антыпольскую кампанію.
Прыводзім ніжэй скарочаныя адказы. Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.
Чаму менавіта Польшча для Лукашэнкі — вораг нумар адзін?
«Калі я чую, што Лукашэнка гаворыць пра агрэсіўную палітыку Польшчы, то мне падаецца, што ён не разумее, як працуе заходняе грамадзтва. Мы ўжо прайшлі тую мяжу, за якой няма агрэсіўнай палітыкі ў адносінах з суседзямі. Кожны сабе выбірае такога ворага, які яму падыходзіць па патэнцыяле. Калі для Расеі вораг нумар адзін — гэта NATO, ЗША ці часам Вялікая Брытанія, то Лукашэнка выбраў сабе Польшчу і Літву. Пасьля 2020 году ў Лукашэнкі ня было іншага выхаду, як абраць шлях васалізацыі Расеяй, і было зразумела, што яму патрэбны будзе вораг, якога б выкарыстоўвала прапаганда, каб легітымізаваць палітыку рэжыму».
Хто ў Польшчы хоча выкарыстаць ядзерную зброю супраць Беларусі?
«Калі я чую пра ядзерны ўдар, то маю пытаньне — а чым мы маем ударыць? У нас няма такой зброі. Наш прэзыдэнт Анджэй Дуда казаў, што мы зацікаўленыя ў амэрыканскай праграме Nuclear Sharing, якая дазваляе амэрыканцам разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Польшчы. Але гэта была б амэрыканская зброя, а ня польская. Але Белы дом ужо сказаў, што такога ня будзе. Дарэчы, у гэтай праграме ўдзельнічаюць Турэччына, Нямеччына, Бэльгія. Ніводная з гэтых краін ня мае ніякіх агрэсіўных намераў у бок Расеі ці Беларусі. Пакуль што адзіная краіна ў Эўропе, якая гаворыць пра магчымасьць выкарыстаньня ядзернай зброі, — гэта Расея».
Ці ёсьць у Польшчы палітычныя сілы, якія мараць вярнуць сабе тую частку Беларусі, якая ад 1921 да 1939 году належала Польшчы?
«Няма такіх партый. І ня толькі ў парлямэнце, такіх партый няма і па-за парлямэнтам, якія б патрабавалі вярнуць Горадню. Пасьля камунізму Польшча перапрацавала ўсе свае гістарычныя страты. Гэта ня той момант у гісторыі, каб дзяржавы ў Эўропе сур’ёзна думалі пра вяртаньне нейкіх гістарычных земляў, пра вайну і напад на суседзяў. Усё гэта існуе ў галаве Лукашэнкі, але ў галовах польскіх палітыкаў гэтага няма ўжо 80 гадоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паслаць беларускую армію на вайну было б для Лукашэнкі вар’яцтвам» — былы кіраўнік бюро NATO у МасквеНавошта Польшча мадэрнізуе сваё войска і ўкладае ў яго мільярды?
«Усё, што мы робім з нашай арміяй, гэта для абароны ад расейскай агрэсіі. З аднаго боку, мы сябра NATO, і гэта гарантуе нам бясьпеку, але ў нас ёсьць свае саюзьніцкія абавязкі. Нам гэтая армія патрэбная, каб бараніць саміх сябе і каб бараніць, калі што, нашых саюзьнікаў, краіны Балтыі, і іншых, хто адчувае пагрозу ад Расеі. Калі Беларусь далучыцца да вайны на баку Расеі, то, магчыма, гэтая армія будзе выкарыстаная для абароны ад Беларусі. Але я спадзяюся, што нават у Лукашэнкі ёсьць здаровы глузд і такой спробы ня будзе»
КДБ абвінавачвае Польшчу ў падрыхтоўцы баевікоў, якія пазьней будуць вызваляць Беларусь
«Польшча нават ва Ўкраіну, дзе ідзе вайна, не высылае сваіх вайскоўцаў. Вызваленьне Беларусі — гэта справа саміх беларусаў. Польшча пакуль што дэмакратычная дзяржава, і ў нас няма плянаў забараняць беларусам, якія жывуць у нас, рабіць тое, што ў Польшчы легальна. Калі яны арганізуюцца і ідуць пастраляць — гэта іх права. Польская дзяржава ў гэтыя пляны не ўваходзіць. Я перакананы, што калі нехта зь беларусаў хоча падрыхтавацца з баявога пункту гледжаньня, у іх ёсьць магчымасьць зрабіць гэта легальна ва Ўкраіне, і яны гэта робяць. Ёсьць полк Каліноўскага і полк „Пагоня“. Гэта не таямніца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаўЧаму Польшча не разрывае дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю
«У нас ёсьць свае інтарэсы ў Беларусі. Разрыў адносін мог бы зашкодзіць беларускім палякам, якія там жывуць. Калі Лукашэнка захоча даць нейкі сыгнал для дээскаляцыі сытуацыі ў Беларусі ці рэгіёне, як ён зрабіў гэта ў 2014 годзе, то гэта дае яму магчымасьць гэта зрабіць. Але ў Варшаве разумеюць, што гэта вельмі малаверагодна. Але даць магчымасьць выхаду з гэтай сытуацыі трэба».