Прысуд былому сьледчаму ў Бярозе
Бярозаўскім раённым судом 17 кастрычніка асуджаны былы сьледчы раённага аддзелу Сьледчага камітэту Максім Куроўскі. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Натальля Вакульчык.
40-гадовы Максім Куроўскі скончыў школу ў Пружане, пасьля Акадэмію МУС. Працаваў опэрупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі ў Пружанскім РАУСе. Затым — сьледчым Пружанскага раённага аддзелу СК. Звольніўся са службы ў 2020 годзе.
Яго затрымалі ў канцы ліпеня 2022-га. Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Максім Куроўскі ў адным з чатаў Telegram разьмяшчаў паведамленьні пра Лукашэнку, непрыстойныя па форме і абразьлівыя па зьмесьце. Паводле экспэртызы, паведамленьні зьмяшчалі нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, прыніжалі ягоныя гонар і годнасьць. Куроўскі карыстаўся пры гэтым беларускай мовай.
Нядаўна адмысловым загадам Лукашэнка пазбавіў Куроўскага службовага званьня.
Судовы працэс пачаўся 11 кастрычніка. У якасьці акалічнасьці, якая зьмякчае адказнасьць абвінавачанага, суд прызнаў раскаяньне ў зробленым, а таксама наяўнасьць на ўтрыманьні Максіма дваіх малалетніх дзяцей. Аднак яго пакаралі рэальным турэмным тэрмінам: 2 гады зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон Куроўскага канфіскавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 кастрычніка: у Горадні затрымалі адвакатку; новыя факты перасьледу экскурсаводаўСуд над фігурантам «тэрарыстычнага сьпісу»
Менскі абласны суд 19 верасьня пачынае разгляд крымінальнай справы індывідуальнага прадпрымальніка з Жодзіна Анатоля Сашунова. Судовы працэс будзе весьці судзьдзя Вікторыя Паляшчук.
56-гадовага Сашунова затрымаў ГУБАЗіК за камэнтары ў «экстрэмісцкіх чатах» 10 сакавіка, да суду яго зьмясьцілі ў сьледчую турму ў Жодзіне, піша «Вясна».
20 верасьня ягонае прозьвішча трапіла ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Сашунова абвінавачваюць у наўмысных дзеяньнях, накіраваных на распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу), у публічнай абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), а таксама ў абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за ўдзел у пратэстах мужу і жонцы прысудзілі калёнію. Дома ў іх засталіся двое дзяцей1 год і 7 месяцаў калёніі за камэнтар у «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе 17 кастрычніка вынесьлі прысуд палітзьняволенаму Аляксандру Цымбалісту паводле ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Вера Галаўкова.
Аляксандра Цымбаліста затрымалі па крымінальнай справе, распачатай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.
17 кастрычніка Аляксандра Цымбаліста абвінавацілі паводле
- ч.1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) і
- арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады)
і прысудзілі яму 1 год і 7 месяцаў калёніі, а таксама штраф 100 базавых велічыняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 кастрычніка: у Горадні затрымалі адвакатку; новыя факты перасьледу экскурсаводаўЗатрымалі дацэнтку Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
Група «Хрысьціянская візія» паведамляе, што 18 кастрычніка ў Горадні была затрыманая кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Сілова.
Паводле «Хрысьціянскай візіі», 21 кастрычніка чакаецца суд — папярэдне вядома, што Сіловай могуць паставіць у віну «захоўваньне і распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
За выказваньні пра пратэсты ў Казахстане і Беларусі жыхара Слоніма асудзілі да 7,5 гадоў калёніі
У Горадзенскім абласным судзе вынесены прысуд 34-гадоваму жыхару Слоніма Аляксандру Петушкову. Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прысудзіў мужчыне 7,5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Яго прызналі вінаватым адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы»), ч. 1 арт. 293 («Масавыя беспарадкі») і ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»).
Вядома, што Петушкоў быў затрыманы 12 студзеня 2022 году за камэнтары ў тэлеграм-чатах з нагоды падзей у Казахстане.
«У Telegram-чатах пісаў нэгатыўную інфармацыю па падзеях, якія адбыліся ў Казахстане: па пратэстных настроях таго, пра зьмену ўлады, пра ўвод міратворчага кантынгенту ў Казахстан», — казаў хлопец на «пакаяльным» відэа.
22 ліпеня 2022 году КДБ унёс яго ў «сьпіс тэрарыстаў».
Эколягі трапілі ў сьпіс «экстрэмістаў»
Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», улады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» экалягічную арганізацыю «Экадом» і арганізацыю «Дапамога», што дзейнічае ў Літве.
Акрамя таго, інфармацыйная прадукцыя Telegram-каналу «Belarusforum.оrg» і інтэрнэт-сайту «Форум дэмакратычных сіл» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Сяброўцы БСДП с Пружанаў у выніку апэляцыі скарацілі вырак на 3 месяцы
Пружанскай сяброўцы БСДП Юліі Лаптановіч у выніку апэляцыі Вярхоўны суд скараціў вырак на тры месяцы і 1000 рублёў штрафу. У выніку шматдзетная маці — з 5 гадоў зьняволеньня будзе адбываць чатыры гады і 9 месяцаў. Хутка Юлію этапуюць у калёнію, паведамляе тэлеграм-канал БСДП.
Горадзенскі абласны суд 18 ліпеня асудзіў актывістку з Пружанаў па 6 артыкулах Крымінальнага кодэксу да 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 19 базавых велічынь (608 рублёў). Таксама суд пастанавіў сплаціць 5000 рублёў маральнай кампэнсацыі на карысьць аднаго пацярпелага пракурора.
Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі па «справе карагодаў». Ігара адправілі ў калёнію, а жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію». Празь некалькі месяцаў Юлію затрымалі па новай крымінальнай справе.
На волі Ігара і Юлію чакаюць трое дзяцей.