«Прасторы для перамоваў з рэжымам Пуціна не засталося», — напісаў Зяленскі ў твітэры.
На працягу тыдня расейскія войскі наносяць удары па аб’ектах энэргетыкі ва Ўкраіне. Найбольш інтэнсіўная атака была 10 кастрычніка — расейскія вайскоўцы нанесьлі ня менш за сто ўдараў ракетамі і бесьпілётнікамі па найбуйнейшых гарадах Украіны і амаль усіх абласных цэнтрах.
Удары наступілі за выбухам на Керчанскім мосьце 8 кастрычніка. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў гэты выбух тэрактам і заявіў, што яго выканаўцы і заказчыкі — спэцслужбы Ўкраіны.
14 кастрычніка Ўладзімір Пуцін заявіў, што «цяпер няма неабходнасьці ў нанясеньні масіраваных ракетных удараў па тэрыторыі Ўкраіны», аднак ракетныя ўдары і атакі дронов-камікадзэ працягваюцца.
Раніцай 18 кастрычніка Расея зноў нанесла ракетныя ўдары па гарадах Украіны. Мясцовыя ўлады паведамляюць аб выбухах і рабоце СПА ў Кіеве, Дняпры, Крывым Рогу, Харкаве і Жытоміры. Намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка пазьней пацьвердзіў тры пападаньні па абʼектах энергазабеспячэньня Кіева і сурʼёзных пашкоджаньнях Прыдняпроўскай ЦЭЦ у Дняпры. Без электрычнасьці засталіся некалькі раёнаў гораду. У Жытоміры пасьля выбухаў часткова зьнікла сьвятло, парушана водазабесьпячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі тыдзень ідуць расейскія атакі на цывільныя аб’екты Ўкраіны: атакавалі Кіеў, Мікалаеў і іншыя гарады. ФОТАНамесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Кірыл Цімашэнка ў эфіры тэлемаратону заклікаў украінцаў рыхтавацца да магчымых веерных адключэньняў электраэнэргіі, водазабесьпячэньня або цеплазабесьпячэньня. Тым ня менш словы Зяленскага аб 30 працэнтах зьнішчаных станцый не пацьвярджаюцца іншымі крыніцамі.
Учора Reuters паведаміў, што ў выніку абстрэлаў аказалася пашкоджаная адзіная электрападстанцыя, якая забясьпечвае працу Запароскай АЭС. Украінскі «Енергоатом» пацьвердзіў, што АЭС перайшла на сілкаваньне з аварыйных генэратараў. Рэактары Запароскай АЭС былі спынены раней, аднак электрастанцыя мае патрэбу ў вонкавай электрычнасьці, каб забясьпечваць астуджэньне паліўных элемэнтаў. Расея абвінавачвае ў абстрэлах станцыі Ўкраіну, АЭС знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ад выбуху дронаў-камікадзэ загінула маладая сям’я, якая чакала дзіцяці