Мужчыну арыштавалі за блакітныя і жоўтыя лямпадкі каля помніка «ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій» у Бабруйску. Яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў. Затрыманьне, як высьветлілася, адбылося яшчэ 9 верасьня, піша «„Вясна назірае“».
Мужчыну завуць Вячаслаў Букас. У пратаколе паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне) пазначана, што такім чынам Букас «выказваў сваё грамадзка-палітычную думку да Дня Незалежнасьці Ўкраіны». Сваю віну мужчына прызнаў.
Вядома, што міліцыянты правялі дактыляскапічную экспэртызу — на лямпадках знайшлі адбіткі пальцаў Вячаслава. Фота зь лямпадкамі 24 жніўня апублікаваў тг-канал «Бобруйск Online». Гэтыя фота знайшлі і ў тэлефоне мужчыны.
Таксама на судзе дапыталі сьведку, які расказаў, што асабіста бачыў, як Букас запальвае лямпадкі. У выніку судзьдзя Алена Гормаш 12 верасьня прызнала Букаса вінаватым у «пікетаваньні» і арыштавала яго на 15 дзён.
Гэта чарговы выпадак перасьледу беларускіх грамадзян за выказваньне салідарнасьці з Украінай. Рэжым Лукашэнкі адкрыта падтрымлівае Расею ў вайне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антываенны пікет прайшоў пад Гомлем. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 кастрычніка: у Горадні затрымалі адвакатку; новыя факты перасьледу экскурсаводаў