«Марына Аўсяньнікава вымушана пакінула Расею і цяпер знаходзіцца ў бясьпецы, пад абаронай адной з эўрапейскіх краін», – сказаў адвакат жанчыны Дзьмітры Захватаў.
Ці атрымалася ў яе вывезьці з сабой дачку, юрыст не ўдакладніў.
Раней, 1 кастрычніка, былы муж Аўсяньнікавай Ігар заявіў, што яна ўцякла з-пад хатняга арышту разам зь іх 11-гадовай дачкой. Незадоўга да гэтага журналістка пісала ў сваіх сацсетках, што хоча зьехаць разам зь дзіцем за мяжу.
17 кастрычніка суд абмежаваў Аўсяннікаву ў бацькоўскіх правах. Як паведамляе карэспандэнт SOTAvision, па рашэньні суду 11-гадовая дачка Аўсяннікавай павінна пражываць з былым мужам жанчыны. Таксама экс-рэдактарка павінна выплачваць алімэнты на ўтрыманьне дачкі і сына па 17 тысяч рублёў на кожнага да іх паўналецьця.
Абвінавачаньне настойвала на тым, што Аўсяньнікава выкрала дачку і перашкаджала яе зносінам з бацькам. А прадстаўнік органаў апекі заявіў у судзе, што «дзіця павінна застацца з бацькам, таму што маці вядзе палітычную дзейнасьць».
- Ігар Аўсяньнікаў спрабаваў адсудзіць у былой жонкі права апекі над дзяўчынкай. Бацька ўжо наклаў забарону на вываз дзіцяці за мяжу. Акрамя таго, паводле зьвестак СМІ, 17-гадовы сын Ігара і Марыны ўжо заявіў, што хоча жыць разам з бацькам.
- Аўсяньнікаву абвінавацілі за распаўсюджваньне «фэйкаў» пра расейскае войска па матывах палітычнай або ідэалягічнай нянавісьці. Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле – 10 гадоў пазбаўленьня волі.