У Пэкіне ідзе зьезд кампартыі. Сярод пастаўленых задач — павелічэньне стратэгічнага вайсковага патэнцыялу

Сі Цзіньпінь на ХХ зьезьдзе кітайскай Кампартыі

У Пэкіне праходзіць ХХ зьезд Камуністычнай партыі Кітая, які праводзіцца раз на пяць гадоў. Кіраўнік кампартыі Сі Цзіньпін заклікаў да больш хуткага стварэньня ўзброеных сіл сусьветнага ўзроўню.

Кітайскі кіраўнік сфармуляваў задачы сусьветнага лідэрства Кітая, які знаходзіцца пад узьдзеяньнем усё больш неспрыяльных вонкавых і ўнутраных фактараў:

  • мірнае ўзьяднаньне з Тайванем становіцца ўсё менш рэальным, змушаючы Пэкін рыхтавацца да вайны;
  • становішча ў сьвеце атручваюць «злосныя сілы»;
  • кампартыю разьядае «ракавая пухліна» карупцыі.

Узброеныя сілы

«Мы будзем працаваць хутчэй, каб мадэрнізаваць ваенную тэорыю, падрыхтоўку вайскоўцаў і ўзбраеньня. Мы павялічым стратэгічны вайскковы патэнцыял», – прыводзіць словы старшыні Кампартыі Associated Press.

Незалежнасьць Тайваня

Самыя гучныя аплядысмэнты прагучалі, калі Сі Цзіньпін зноў заявіў аб нязгодзе зь незалежнасьцю Тайваня. «Мы працягнем дамагацца мірнага ўзьяднаньня з Тайванем. Але мы ніколі ня будзем абяцаць адмаўляцца ад выкарыстаньня сілы. І мы пакідаем за сабой права ўжыць усе неабходныя меры», — сказаў старшыня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн заявіў, што ЗШA будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскай агрэсіі

Эканоміка

Сі Цзіньпін назваў сваім прыярытэтам ператварэньне КНР у магутную тэхналягічную і індустрыяльную дзяржаву. Ён паабяцаў, што Кітай даб'ецца тэхналягічнай «самадастатковасьці і моцы» за кошт разьвіцьця адукацыйнай сыстэмы і запрашэньня замежных экспэртаў.

Карупцыя ў кампартыі

«Карупцыя — гэта самая вялікая ракавая пухліна, якая ставіць пад пагрозу жыцьцяздольнасьць і баяздольнасьць партыі», — папярэдзіў Сі Цзіньпін, назваўшы найбольш эфэктыўным сродкам «самарэфармаваньня партыі» барацьбу з хабарніцтвам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: уступленьне Беларусі ў вайну цяпер залежыць ад пазыцыі Кітая
  • Каля 2300 дэлегатаў з усёй краіны сабраліся ў Вялікай залі народных сходаў на плошчы Цяньаньмэнь ва ўмовах узмоцненай бясьпекі.
  • Чакаецца, што на зьезьдзе Сі Цзіньпіня перавыберуць на трэці тэрмін. 69-гадовы Сі Цзіньпін знаходзіцца ва ўладзе дзесяць гадоў. Раней з Канстытуцыі краіны прыбралі абмежаваньне на два тэрміны для старшыні Кітая — традыцыйна гэтую пасаду займае генэральны сакратар ЦК КПК.
  • Пасьля ўражлівага росту апошніх дзесяцігодзьдзяў кітайская эканоміка перажывае няпростыя часы. Было зафіксавана агульнае запаволеньне тэмпу росту ВУП. У першым квартале сёлета ён склаў 4,8%, а па выніках першага паўгодзьдзя абваліўся да 2,5% (у другім квартале ВУП КНР паказаў надзвычай нізкія тэмпы росту — усяго 0,4%). Хоць меркаваны паказчык тэмпаў эканамічнага росту Кітая на 2022 год складае каля 5,5%, МВФ у сваім кастрычніцкім дакладзе панізіў прагноз росту ВУП Кітая па выніках гэтага году да 3,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кітайскай маскай на твары. Лукашэнка спрабуе памяняць «старэйшага брата»