У канцы верасьня на сходзе акцыянэраў было вырашана падаць заяву ў суд аб прызнаньні калісьці найбуйнейшай у незалежнай Беларусі сумеснай вытворчасьці банкрутам.
СП «Сапатэкс» стваралася яшчэ ў савецкі час пад праграму па арганізацыі на тэрыторыі БССР выпуску плашчовых тканін. Першапачаткова сумеснае прадпрыемства называлася «Савітэкс» — у ім павінен быў узяць удзел італьянскі партнэр. Калі апошні адмовіўся, яму на замену знайшлі партугальскую кампанію «ІТ Камэрсія Інтэрнасьянал».
У канцы 1991 году партугальцы, якія атрымалі ў «Сапатэксе» 31% акцый, разам з партнэрам «Магатэксам» (былым Магілёўскім вытворчым аб’яднаньнем шаўковых тканін) запусьцілі вытворчасьць сумесавай пражы для далейшага выпуску плашчоўкі, піша OfficeLife.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завод перажыў дзьве вайны, але збанкрутаваў пры Лукашэнку. Што адбываецца зь беларускімі прадпрыемстваміУжо па выніках 1992 году, які стаў першым годам незалежнасьці Беларусі, «Сапатэкс» па аб’ёмах вытворчасьці стаў найбуйнейшым сумесным прадпрыемствам у краіне. Беларуска-партугальскае прадпрыемства тады апярэдзіла ў выручцы такія сумесныя бізнэсы, як «Белвэст» (Нямеччына), «Саміт Сыстэмс» (ЗША), «Белкам-Калій» (Індыя), «Белпак» (ЗША) і «Беліта» (Італія).
У далейшым у выніку зьмены складу акцыянэраў партугальцы пакінулі сумеснае прадпрыемства, але вытворчасьць працягвала разьвівацца, асвоіўшы выпуск некаторых відаў тканін. Аднак праблемы з рэалізацыяй прадукцыі ключавым партнэрам, якія абвастрыліся пасьля 2020 году, у выніку прывялі да запуску працэдуры ліквідацыі прадпрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільённыя даўгі, канфіскаваныя Ўкраінай вагоны. Як праз вайну «Беларуская чыгунка» стала стратным прадпрыемствам