Паводле КДК, у пэрыяд з 6 па 7 кастрычніка былі павялічаныя цэны на каўбасныя вырабы, сыры, малочную і іншую прадукцыю, агулам ня менш як на 30 тавараў у больш як у 120 крамах сеткі. У выніку ў дачыненьні да дзьвюх службовых асобаў акцыянэрнага таварыства ўзбудзілі крымінальную справу. Яны затрыманыя.
Таксама Камітэтам дзяржкантролю выявіў факты неабгрунтаванага павышэньня цэнаў у прыватнай сетцы аптэк. Гэта датычыць прынамсі 65 асартымэнтных пазыцыяў у 11 аптэках Менска. У дачыненьні да намесьніка дырэктара прадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа, яго затрымалі.
6 кастрычніка Лукашэнка забараніў павышаць цэны на тавары. Адразу пасьля заявы Лукашэнкі аб недапушчальнасьці росту цэнаў КДК анансаваў у крамах буйныя праверкі і апублікаваў спэцыяльны тэлефонны нумар прымаць даносы.
Генпракуратура запатрабавала ад Сьледчага камітэту, МУС і ДФР КДК неадкладна распачынаць крымінальныя справы па кожным факце парушэньня заканадаўства, якое пацягнула за сабою неабгрунтаваны рост цэнаў, затрымліваць падазраваных і абіраць меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
Як вядома на 10 кастрычніка, па факце росту цэнаў распачалі ўжо 10 крымінальных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агуркі і памідоры патаньнелі на траціну. Што з цэнамі пасьля таго, як ім забаранілі расьці