Алесь Жук нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Клешаў на Случчыне. Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосьць», інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам газэты «Літаратура і мастацтва» (1980–1986), сакратаром праўленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1986–1989), намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (1989–2007), галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман» (1997–2003) і «Беларусь» (2003–2005).
Пра ягоную сьмерць у фэйсбуку паведаміў пісьменьнік Міхась Скобла.
«Памёр Алесь Жук, чые кнігі хочацца перачытваць. Асабліва люблю яго апавяданьні, дзе ўсё да месца, усё суладна — і мова, і адносіны герояў, і ўмельства карыстацца мэтафарай, якое Міхась Стральцоў называў сьвятам у будзень. Алесь Жук для мяне майстар прозы ў клясычным бунінскім разуменьні.
Апошнім часам пісьменьнік даводзіў да ладу кнігу мэмуарных эсэ пра тых, з кім яго зводзілі жыцьцёвыя дарогі. Дзейнымі асобамі той кнігі меліся стаць Мікалай Улашчык, Васіль Быкаў, Анатоль Кудравец, Яўгенія Янішчыц, Юрка Голуб... З Голубам яны сябравалі са студэнцкіх гадоў, і Алесь Аляксандравіч быў маім незаменным кансультантам падчас падрыхтоўкі Голубавай кнігі „Дыханьне трысьнягоў“. Радаваўся, калі яна нядаўна выйшла — зь ягоным сяброўскім пасьляслоўем...»
Разьвітаньне з Алесем Жуком адбудзецца 17 кастрычніка ў рытуальнай залі на вул Куляшова, 49, з 12.00 да 13.00.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Андрэй Каляда, прафэсар Акадэміі мастацтваў, спэцыяліст у беларускім сцэнічным вымаўленьні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды