З Днём маці! Мірнага неба над галавой, стабільнасьці і ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні!
Вось вам, жанчыны, сьвята! Вось вам падзяка ад дзяржавы, што вы нараджалі дзяцей, нягледзячы ні на што! Цяпер гэтая дзяржава можа зрабіць вашых дзяцей закладніцамі і закладнікамі, забараніўшы выезд з краіны; можа забраць вашую машыну і проста так прыйсьці ў ваш дом. І ня тое каб у яе не было такой магчымасьці раней — у Беларусі няма мэханізмаў, якія дазволілі б вам абараніцца ад любога свавольства і беззаконьня. Але цяпер гэта ўсё як быццам законна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі «контратэрарыстычная апэрацыя» ці што? Макей, Лукашэнка, КДБ — усе кажуць рознае
З Днём маці! Спакою ў душы, цікавых падарожжаў і дабрабыту!
Гадамі рэжым Лукашэнкі ўгаворваў жанчын нараджаць і казаў, што стварае ўсе ўмовы для мацярынства і бацькоўства. Гэта ніколі не было праўдай, але цяпер, у 2022 годзе, калі шматдзетных маці саджаюць у турму з палітычных матывах, калі ўлады ці то паўнавартасна далучаюцца, ці то не далучаюцца да генацыду ўкраінскага народу, калі абвяшчаецца так званая антытэрарыстычная апэрацыя... Цяпер нават самым аптымістам і аптымісткам мусіць быць відавочна, што пляваць гэтай дзяржаве на дабрабыт жанчын і што ўсе казкі пра сьвятасьць мацярынства прыдумляюцца проста для таго, каб матываваць жанчын нараджаць будучы вайсковы рэсурс для Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі чыноўнік папярэдзіў школьнікаў аб «эпідэміі бясплоднасьці»Для гэтага рэжыму і маці, якія нараджалі дзяцей у пакутах і гадавалі іх у вельмі неспрыяльным асяродзьдзі, і самі дзеці — проста тэхнічныя адзінкі, якімі можна «гандляваць», каб Лукашэнка мог захаваць свой дабрабыт. Ніколі нельга забываць, што за ўсімі расповедамі пра нацыянальную бясьпеку і дзяржаўныя інтарэсы стаіць клопат пра бясьпеку і інтарэсы аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.
З Днём маці! Штодзённых радасьцяў, усьмешак і дасягненьня мараў!
Што рэжым прыдумае заўтра, цяжка прагназаваць, бо рэальнасьць, якую ён стварае, атрымліваецца страшнейшай за любыя фантазіі. І няма аніводнай нагоды думаць, што нешта ў найбліжэйшы час зьменіцца да лепшага. Але жанчын адназначна працягнуць заклікаць нараджаць, і калі высьветліцца, што на абяцанкі-цацанкі яны ўжо зусім не паддаюцца і ўвогуле не імкнуцца нараджаць дзяцей у такіх умовах, дзяржава будзе падвышаць стаўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жэстачайшая» безадказнасьць. Чаму насуперак жаданьню Лукашэнкі беларускі ня хочуць нараджаць дзяцейСамай відавочнай мерай будзе забарона абортаў, але ёсьць жа і іншыя магчымасьці. Можна ўводзіць падаткі для жанчын, у якіх пасьля 20 гадоў няма дзяцей ці пасьля 25 гадоў толькі адно дзіця; можна забараняць атрымліваць вышэйшую адукацыю бязьдзетным жанчынам, старэйшым за 25 гадоў. Можна забараняць ім выезд за мяжу, не выдаваць крэдытаў і пасьведчаньняў кіроўцы. А прыёмных маці можна ўвогуле больш не лічыць маці, бо яны ніяк не падвысілі колькасьць патэнцыйных вайскоўцаў. І ўвогуле яны робяць тое, што дзяржаве ня трэба: паказваюць дзецям, якія мусілі б расьці як дзяржаўныя адзінкі, што ёсьць у сьвеце безумоўная любоў.
З Днём маці! Лепшай вам будучыні, свабоды і самарэалізацыі! Хай атрымаецца ўсё, чаго вы так хочаце! Хай гэты рэжым нарэшце...
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму нараджальнасьць падае, а Белстат гэта прыхоўвае