«Абы былі папяросы і кава, і я выжыву дзе заўгодна!». Вітольду Ашурку 52 гады. Кранальныя факты пра яго і дзіцячыя фота

Вітальд Ашурак

Сёньня будаўніку і татуіроўшчыку зь Бярозаўкі Вітольду Ашурку спаўняецца 52 гады. Беларусы ведаюць яго як палітычнага і грамадзкага дзеяча і палітвязьня, які загінуў пры нявысьветленых абставінах у шклоўскай калёніі.

Расказваем малавядомыя факты пра яго і паказваем ягоныя дзіцячыя і юнацкія фтаздымкі.​

1. Бачыў бацьку некалькі разоў у жыцьці

Бацькі разышліся, калі Вітольду быў годзік, а ягоны брат Андрэй яшчэ не нарадзіўся. Іхнага бацьку насамрэч звалі Зьбігнеў, або па-простаму Збышак, але ў дакумэнтах ён запісаны як Міхаіл. Таму Вітольд — Міхайлавіч.

Вітольд Ашурак у дзяцінстве, 1 год і 10 месяцаў

Бацька зьехаў на заробкі ў Расею. Аднойчы вярнуўся і спрабаваў памірыцца з жонкай, але Алена Міронаўна сыходзіцца зноў не захацела.

«Я памятаю, я яшчэ ў школу не хадзіў, гэта быў канец 70-х гадоў, мо які 1979-ы, ён, мусіць, прыехаў з БАМа — я ведаю, што ён езьдзіў на БАМ працаваць — і хацеў памірыцца з мамай. Я памятаю, як бачыў яго з вакна. Памятаю, ён прывёз кедравых арэшкаў — якія яны смачныя былі! Я памятаю, стырыў зь Віталікам у міску, залезьлі пад коўдру, нібыта сьпім, і елі гэтыя гарэшкі», — расказаў брат Вітольда Андрэй Ашурак.

Вітольд з малодшым братам Андрэем зь дзіцячымі аўтаматамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год безь Вітольда Ашурка. Пытаньні і адказы

2. Да прыходу ў палітыку і грамадзянскую дзейнасьць быў Віталікам

Зь дзяцінства ўсе называлі Вітольда Віталікам. На школьных сшытках ён пісаў «Віталій Ашурак». Маці і сваякі так называюць яго дагэтуль. Але і ў пасьведчаньні аб нараджэньні, і ў касьцельных дакумэнтах ён быў запісаны як Вітольд. Калі прыйшоў час рабіць пашпарт, паўстаў выбар, як там сябе запісаць. І Вітольд выбраў сваё дакумэнтальнае імя, па якім яго мала хто тады называў: Ашурак Вітольд Міхайлавіч.

Вітольд з малодшым братам Андрэем

«Слухай, кажу, а як табе больш падабаецца, як цябе завуць: Віталік ці Вітольд? Ён такі задумаўся: ну ты задаў пытаньне, я і сам ня думаў. Пасьля падумаў: усё ж такі Вітольд. З той пары я яго называю толькі Вітольд», — успамінаў сябар Ашурка Сяргей Пантус.



3. У дзяцінстве сабраў каманду, каб вырыць артэзіянскую сьвідравіну

У Бярозаўцы, дзе расьлі Вітольд і Андрэй пасьля пераезду з роднай вёскі Агароднікі, у 1980-я было шмат дзяцей. Зьбіраліся кампаніямі, гулялі ў футбол, хакей. Аднойчы Вітольд прачытаў, што можна вырыць артэзіянскую сьвідравіну і дакапацца да вады.

«Выбралі мы, канечне, самае непрыдатнае месца, дзе адзін пясок. І мы дзіцячымі шуфлікамі вырылі, напэўна, мэтры тры ўніз. І капалі ўсе! Усім было цікава, ці хутка мы дакапаемся да вады. Гэта было нешта», — успамінае Андрэй Ашурак.

Ваду тады яны так і не знайшлі.

Вітольд падчас школы

4. Не атрымаў вышэйшую адукацыю, бо ў сям’і не хапала грошай, але веды меў «акадэмічныя»

На пытаньні пра адукацыю Вітольд адказваў, што мае самую лепшую, бо ён — самавук.

У школе вучыўся добра, быў разумным, генэратарам ідэй. Маці ў школу ніколі не выклікалі, бо праблем зь дзецьмі не было. Аднак пасьля школы не было грошай, каб сыны маглі паехаць вучыцца ў інстытут. Сям’я з двума дзецьмі і бабуляй жыла на заробак маці, якая працавала на заводзе, і пэнсію бабулі.

«Мне цяжка было, я адна працавала, сям’я, і мама яшчэ тады была. Трэба было камунальныя плаціць. Тады ніхто мне не падказаў, што можна было крэдыт на вучобу ўзяць. Хоць было мне цяжка, хай бы ішлі вучыліся. Але я не магла сабе дазволіць», — расказвала Алена Міронаўна.

Маці зь Вітольдам і Андрэем 1 верасьня 1985 гадоў, на лінейцы ў Бярозаўцы, Вітольду 14 гадоў

Адукацыі ў Вітольда было 10 клясаў школы і няскончанае ПТВ. Аднак, як расказваюць сябры, ён уражваў сваімі акадэмічнымі ведамі, інтэлігентнасьцю, шмат чытаў пра ўсё. Ведаў і любіў гісторыю Беларусі і сусьветную гісторыю.

Пасьля 2010 году ён перайшоў на беларускую мову. Каб пісаць без памылак, прасіў жонку дыктаваць яму дыктанты. Яму тады было за 40.

Вітольд падчас школы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм Свабоды пра палітвязьня Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калёніі

5. Пісаў вершы, добра маляваў, рабіў тату

Вітольд са школы любіў маляваць і пісаць тэксты.

«Ён прыроджаны пісьменьнік. Яшчэ ў малодшых клясах пісаў раман пра ўсю клясу. І вершы пісаў», — расказаў Андрэй Ашурак.

У школе Вітольд любіў маляваць і пісаць вершы і прозу

Але ні вершаў, ні карцін Вітольда не захавалася.

«Адзін раз ён на паперы простым алоўкам — гэта гадоў, можа, з 10 таму — намаляваў паўпустую бутэльку, паўпустую шклянку і гурок. Ну так натуральна! Я ў рамку ўсё гэта быў уставіў, і доўга-доўга вісела ў мяне на кухні», — кажа Андрэй.

Брат упэўнены, што Вітольд быў найлепшым татуіроўшчыкам у Бярозаўцы. Трэнаваўся ён на сабе, таму ў Вітольда было шмат малюнкаў на целе. Брату татуіроўкі біў таксама ён.

«Плянавалі, як ён выйдзе з турмы, шмат чаго перабіць. Цяпер ня буду перарабляць, бо няма майго татуіроўшчыка», — кажа Андрэй.​

Вітольд сам сабе біў татуіроўкі

6. Зьвяртаўся да жанчын «пані»

Вітольд называў жанчын і дзяўчат па-шляхецку «пані». Гэта відаць і зь лістоў, якія ён пісаў знаёмым і незнаёмым жанчынам з турмы.

«Вітольд быў хіба адзіны чалавек, які мне называў Волечка. Усё пачалося з таго, што Вітольд калісьці пачаў называць мяне „Пані Вольга“. Дзесьці пару тыдняў я яго ўгаворвала перайсьці на „ты“ і называць мяне неяк па-іншаму, бо я бянтэжылася», — расказвала сяброўка Вітольда Вольга Быкоўская.

Вітольд з жонкай Вольгай, незадоўга да затрыманьня ў 2020 годзе

«Я пакепліваў зь ягонага, як ён да жанчын зьвяртаецца: „пані“. Кажу: „А што ты ўсё „пані-пані“, нават да маладзейшых?“ — „Ай, кажа, Сяргей, ты не разумееш. Ведаеш, як дзяўчатам гэта падабаецца? А мне падабаецца, як ім падабаецца“. Прычым трошкі пачырванеў сам», — успамінаў пра гэта сябар Сяргей Пантус.

7. Быў мушкетэрам у паводзінах і выглядзе

Сябры згадваюць Вітольда як галянтнага і далікатнага чалавека. Некаторыя параўноўвалі яго ў ягоных манерах з рыцарам або мушкетэрам. З апошнімі яго яднала акуратная бародка, якую ён даглядаў нават за кратамі. Зь ёй ён быў і на судзе.

Вітольд Ашурак да зьмены іміджу, 2017 год

Вітольд падчас працы

Вітольд з бародкай падчас суду


Вітольд кардынальна памяняў свой імідж у 2017 годзе. Раней ён насіў джынсы, швэдар, кеды або берцы, завязваў бандану, меў даўгія валасы, якія заплятаў у пучок або коску. А тады папрасіў жонку яго пастрыгчы, зрабіць модную фрызуру. Неўзабаве паехаў зь сябрам у Ліду і выбраў гарнітур. Бародка і вусікі зьявіліся на год пазьней, калі ён вярнуўся зарослы пасьля сплаву па Нёмане. У такім выглядзе многія і ведаюць Вітольда Ашурка зь ягонага агітацыйнага пляката, калі ён браў удзел у парлямэнцкіх выбарах.

Вітольд Ашурак, 1 жніўня 2020 году

У турме, калі ў Вітольда моцна пагоршыўся зрок праз кепскае асьвятленьне, ён клапаціўся, каб акуляры яму былі да твару.

«Акуляры мне перадалі, і я цяпер выглядаю вельмі... А зрэшты, халера яго ведае, як я выглядаю звонку. Адседжу тэрмін у турме, выйду, і ты сама скажаш, як я выглядаю! ))) У пытаньні іміджу я цалкам давяраюся тваім рэкамэндацыям», — пісаў ён у лісьце да Вольгі Быкоўскай.

8. Сваіх дзяцей ня меў, але для пляменьнікаў быў другім бацькам

Вітольд добра ладзіў зь дзецьмі, і два сыны ягонага брата любілі бавіць зь ім час і як былі малыя, і як вырасьлі.

«Ён любіў сваіх пляменьнікаў. Часам яны называлі яго другім бацькам. Як яны яшчэ вучыліся ў Менску, прыяжджалі дахаты на выходныя, абавязкова трэба было пайсьці да дзядзькі, абавязкова пагуляць, пагаварыць зь ім. Малодшы любіў зь ім гуляць. На Нёман яны хадзілі», — расказаў Андрэй Ашурак.

9. Зь ежы яму была патрэбная кава. А таксама цыгарэтка

Вітольд быў вельмі непатрабавальны да ўмоваў жыцьця.

«Ты ж ведаеш маё спартанскае стаўленьне — абы былі папяросы і кава, і я выжыву дзе заўгодна!» — пісаў Вітольд з турмы.

Вітольд падчас сплаву

Кава была адным з абавязковых атрыбутаў, калі яны з паплечнікамі на кухні абмяркоўвалі свае пляны.

«У яго на кухні штаб быў, як мы жартавалі. Там мы ўсе вечары праводзілі ў Вітольда. Гэта апошнія 4 гады. Ну, ня штаб — заля паседжаньняў. Кавы там выпілі не адно вядро. Вітольд таксама каваман. У прынцыпе, ён мяне і прывучыў да кавы», — расказвае сябар Сяргей Пантус.

10. Штогод з паплечнікамі будаваў плыт і сплаўляўся па Нёмане

Гэтае захапленьне зьявілася яшчэ ў юнацтве, у 1988 годзе, і захавалася праз усё жыцьцё. Першы плыт Вітольд зь сябрамі спрабавалі зрабіць яшчэ ў школе з драўлянай гарадзкой прыбіральні, але тады іх «накрыла» міліцыя.

Вітольд у старэйшых клясах

Штогод на двары дома Ашуркаў паўставаў сапраўдны карабель, які будавалі з нуля. Перад гэтым Вітольд падрабязна маляваў чарцяжы. Гарадзкі транспарт на гэты час нават мяняў маршрут, каб паглядзець, як у двары вырастае судна. Кожны карабель меў сваё імя: «Сёмае неба», «Баніфацый», «Коза ностра».

«Гэта атрымліваўся вялікі канструктар без аніводнага цьвіка. Мы яго тут цалкам зьбіралі, а потым разьбіралі. Усё пранумаравана, дзе што стаіць. Везьлі яго на Нёман і зьбіралі там зноў», — расказваў пра працэс Андрэй Ашурак.

На караблі быў свой статут. Сярод правіл — жанчыны маглі толькі праводзіць карабель, але ня плыць на ім увесь час.

11. Не прызнаўся, што яго зьбілі

9 жніўня 2020 году Вітольд быў адным з затрыманых падчас «рэвалюцыі ў Лідзе», як ён яе называў. Яго лічылі лідэрам паўстаньня ў рэгіёне. Ён вёў людзей за сабой, адначасна намагаўся, каб падчас пратэстаў не было крыві, не пацярпелі людзі, спрабаваў весьці перамовы з уладамі.

Сьведкі бачылі, як Вітольда білі пасьля затрыманьня. Аднак ён ніколі не прызнаўся ў гэтым нават самым блізкім, нават пасьля пытаньня, адкуль у яго жоўты сіняк пад вокам, калі яго выпусьцілі празь некалькі дзён.

Вітольд Ашурак падчас мітынгу ў 2020 годзе

12. У кожным лісьце з-за кратаў пісаў «Жыве Беларусь!»

Гэта было традыцыйнае завяршэньне кожнага ягонага ліста, нават у той час, калі на волі гэты вокліч даўно стаў забароненым. Гэтай фразы не было толькі ў адным з апошніх ягоных лістоў у красавіку 2021 году са шклоўскай калёніі, за месяц да сьмерці.

«Жыве Беларусь!» на турэмных лістах Вітольда

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.