Да 25 год зьняволеньня. Агучылі выракі ў «справе Аўтуховіча». Гэта найвялікшыя палітычна матываваныя прысуды ў сувэрэннай гісторыі Беларусі

Фігуранты «справы Аўтуховіча»

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка Філатаў вынес выракі, паведамляе БелТА:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

1 кастрычніка падсудныя маглі выступіць з апошнім словам, але зьмест іхных прамоў невядомы. Падчас суду сваякі Мікалая Аўтуховіча зьбіралі грошы на яго адваката. Таксама грошы на адваката зьбіраюць сваякі Галіны Дзербыш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятар, украінскія спэцслужбы, ракеты ЗША, майткі і купа г... 10 фактаў пра суд у «справе Аўтуховіча»

Разгляд «справы Аўтуховіча»

Што вядома пра фігурантаў справы?

Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў. У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.

Мікалай Аўтуховіч, 2017 год

Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).

Таксама па справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам з бацюшкам на лаве падсудных ягоная жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч у мінулым валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.

Падчас суду Аўтуховіч пратрымаўся бязь ежы і вады 21 дзень, ён пратэставаў супраць перашкодаў у ліставаньні — яму не аддавалі лісты нават ад маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судовае сьледзтва ў «справе Аўтуховіча» скончылася. Неўзабаве — прысуд

Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».

Уладзімер Гундар

Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі ў Крупскім раёне.

Вольга Маёрава

Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна, маўляў, давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведкі мясцовасьці».

Галіна Дзербыш

Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон — зь Берасьця.

Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы.

Фігурантка Ірына Гарачкіна — былая партнэрка Аўтуховіча. Зь Мікалаем яна пазнаёмілася ў 2014 годзе. У судзе казала, што адносіны паміж ёй і Аўтуховічам былі рамантычныя і што ён для яе «вельмі дарагі чалавек».

Пра Паўла Саву вядома няшмат. На судзе абвінавачаны адмовіўся даваць паказаньні, таму зачыталі тыя, якія Сава даваў падчас сьледзтва. Тады ён расказаў, што падчас чарговай сустрэчы Мікалай прапанаваў дапамагчы яму ў адной справе, на што Павел пагадзіўся. Паводле сьледзтва, Аўтуховіч і Сава падпалілі два аўтамабілі міліцыянтаў у Ваўкавыску, а таксама аднапавярховы жылы дом, які належыць супрацоўніку АУС Ваўкавыскага райвыканкаму. У абвінавачаньні таксама прагучала, што Сава разам з Аўтуховічам плянавалі зьдзяйсьненьне тэрарыстычных актаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Аўтуховіч — чалавек зь велізарнай сілай волі

У чым абвінавацілі падсудных?

У абвінавачаньні прысутнічаў шэраг артыкулаў КК. Самыя цяжкія зь іх:

  • 289 «Акт тэрарызму»,
  • 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»,
  • 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў»,
  • 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі»,
  • 130 «Распальваньне варожасьці»,
  • 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Некаторым падсудным паставілі ў віну падпал недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама падпалы аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаяў у клетцы ў трусах, рукі прышпілілі да кратаў у расьцяжцы». Фігуранта «справы Аўтуховіча» Ўладзімера Гундара катуюць у судзе

Катаваньні фігурантаў

Мікола Аўтуховіч на знак пратэсту супраць блякаваньня карэспандэнцыі 11 ліпеня распачаў сухую галадоўку, якую трымаў 21 дзень. На 22-і дзень ён пачаў піць, але адчуваў сябе яшчэ вельмі кепска. У той жа дзень яму паставілі кропельніцу. Пазьней зьняволены пачаў ужываць дзіцячае харчаваньне.

27 ліпеня Аўтуховічу правялі мэдычнае абсьледаваньне. Яно выявіла, што ў вязьня пачалі разбурацца ныркі, ёсьць зьмяненьні ва ўнутраных органах, моцнае абязводжваньне арганізму. У Аўтуховіча падвышаны цукар у крыві, нізкі ціск, падвышаны пульс, моцная слабасьць, кружыцца галава, ад яго ідзе пах ацэтону, запалі вочы.
Нягледзячы на дрэнны стан, яго працягвалі прыводзіць на суд. Прадпрымальніка прымушалі ўставаць, калі трэба адказваць на пытаньні, хоць ён казаў, што яму гэта зацяжка.

Болі Мікалая турэмны мэдык пры аглядзе назваў «бытавой зьявай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўжо плююся лёгкімі». Аўтуховіч распавёў на судзе пра ўмовы ўтрыманьня ў горадзенскай турме

Трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і ў тым ліку прымусовага разьдзяваньня перад працэсам, і 61-гадовы інвалід ІІ групы Ўладзімер Гундар. Жонка палітвязьня казала, што ў выніку ён моцна схуднеў і «стаў шэрым». Пазьней вязень вырашыў спыніць галадоўку, бо «зьявіліся некаторыя вынікі», паведамілі праваабаронцы «Вясны».

Таксама падчас працэсу чацьвёра падсудных у «справе Аўтуховіча» перадалі на волю зварот, у якім заявілі аб пагрозе іхнаму жыцьцю і здароўю, а таксама пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў.

Зварот падпісалі Ўладзімер Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер. Менавіта іх адміністрацыя турмы неаднаразова зьмяшчала ў карцар.

«Цяжка прадбачыць, што можа адбыцца з кожным з нас і чыімі канкрэтна рукамі гэта будзе зроблена», — адзначылі фігуранты справы.

Падсудныя таксама назвалі імёны людзей, якіх яны лічаць вінаватымі ў тым, што зь імі ўжо адбываецца і яшчэ можа адбыцца. Сярод згаданых — «палкоўнік КДБ Варанецкі, сьледчыя Церашонак, Галавач, Лаўранчук, Герасімовіч, судзьдзя Філатаў, пракуроры Рабаў, Герасіменка, начальнік ПУ „Турма-1“ Казакоў, намесьнік начальніка турмы Станеўскі, начальнік рэжымнага аддзелу Коршунаў».

«Гэтыя людзі або фальсыфікавалі матэрыялы і стваралі справу на ўзор 1937 году, або падтрымалі абвінавачаньне, „не заўважыўшы“ поўнай адсутнасьці якіх-небудзь доказаў нашай віны, і цяпер закрываюць вочы на беззаконьне, чым непасрэдна прымаюць рашэньні аб рэпрэсіях супраць нас, або іхнымі рукамі гэта робіцца», — патлумачылі аўтары звароту.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў, як на калідоры б’юць маю маці». Сабралі падрабязнасьці пра суд у справе Мікалая Аўтуховіча