Сьпіс намінаваных на прэмію Эўрапарлямэнт абвясьціў 12 кастрычніка. Яны вылучаныя фракцыямі і групамі дэпутатаў. Зяленскі і грамадзяне Ўкраіны атрымалі адразу некалькі намінацый з крыху рознымі фармулёўкамі. Дэпутаты адзначаюць адвагу ўкраінцаў перад абліччам расейскай агрэсіі і іх прыхільнасьць эўрапейскім каштоўнасьцям.
Кандыдатуру прэзыдэнта Ўкраіны вылучыла фракцыя Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў, назваўшы Зяленскага «тварам украінскага народу».
Найбуйнейшая фракцыя Эўрапейскай народнай партыі прапанавала прысудзіць прэмію «адважнаму народу Ўкраіны», прадстаўленаму Ўладзімерам Зяленскім. Дзьве іншых партыі, якія ўваходзяць у сфармаваную кааліцыю — «Абнаўляючы Эўропу» і «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў» — намінавалі «народ Украіны», а ў якасьці яго прадстаўнікоў назвалі шэраг арганізацый і людзей, у тым ліку Дзяржаўную службу па надзвычайных сытуацыях, парамэдыка Юлію Паеўскую (Тайру), Івана Фёдарава, былога мэра Мэлітопалю да расейскай акупацыі, і іншых.
Сярод намінаваных іншымі палітычнымі сіламі таксама заснавальнік WikiLeaks, які знаходзіцца ў брытанскай турме, Джуліян Асанж, Калюмбійская камісія па выяўленьню ісьціны, бразыльская актывістка Соня Гуажажара і журналістка тэлеканала Al Jazeera Шырын Абу Акле, забітая на Заходнім беразе Ярдану.
Ляўрэат будзе аб’яўлены 19 кастрычніка, цырымонія ўзнагароджаньня пройдзе 14 сьнежня. У мінулым годзе ляўрэатам прэміі быў расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, які знаходзіцца ў калёніі. Узнагароду ў Страсбуры атрымалі ягоныя паплечнікі і дачка.
- У розныя гады прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), Аляксандар Мілінкевіч, дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай Радай.