У Гомлі звольнілі некалькіх супрацоўнікаў дзяржрадыё за падтрымку пратэстаў у 2020 годзе

Пратэставая акцыя ў Гомлі, верасень 2020. Ілюстрацыйнае фота.

На «Гомельскім гарадзкім радыё» звольнілі некалькіх супрацоўнікаў — радыёвядоўцаў абвінавацілі ў падтрымцы пратэстоўцаў у 2020 годзе. Напярэдадні іх імёны зьявіліся ў праўладных тэлеграм-каналах.

У аўторак, 11 лістапада, у праўладным тэлеграм-канале зьявіўся пост, дзе нібыта адзін з падпісчыкаў паскардзіўся на радыё 107.4FM у Гомлі, заснаванае мясцовым выканкамам. У эфіры, па словах карыстальніка, «так расьпісваюць добрыя якасьці нейкага Ю. А. Дудзя, расказваюць, які ён пасьпяховы, знакаміты і ўвесь зь сябе клясны», які, на думку аўтара, «утоптваў у бруд нашу краіну». Абурыла яго і тое, што вядоўца павіншаваў расейскага журналіста з днём нараджэньня.

Пасьля ў канале выклалі скрыншоты з сацсетак радыёвядоўцаў Арцёма Забірана і Яраслава Бычкоўскага, сярод іх — кліп Касты «Выходзь гуляць», відэа Максіма Каца пра Ніну Багінскую, лайкі на пастах, дзе ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг і іншая нацыянальная сымболіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: У «ЛОДЭ» звальняюць «неляяльных» дактароў, запісваюць іх «пакаяльныя» ролікі; некаторыя пад сьледзтвам

Як стала вядома «Зеркалу», Забіран і Бычкоўскі ўжо звольненыя. Яшчэ раніцай у сераду, 12 кастрычніка, іхнія прозьвішчы былі на сайце «Гомельскага гарадзкога радыё», але да сярэдзіны дня зьніклі.

Сам Забіран выклаў пост у Фэйсбуку з працоўнай кніжкай і подпісам: «Ну, што ж... Гэта былі 3 клясныя гады працы ў добрым калектыве. Я буду сумаваць».

Па словах крыніцы, знаёмай з сытуацыяй, страцілі працоўнае месца і іншыя супрацоўнікі, а ў калектывах іншых гомельскіх дзяржаўных СМІ пачаліся праверкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля гульца зборнай Беларусі па хакеі на траве затрымалі і ягонага брата, таксама вядомага TikTok-блогера
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі апублікавалі праект закону аб амністыі. Палітвязьні пад яе могуць і не падпасьці