Сакратар Рады бясьпекі Вальфовіч: Міжнародны кантынгент на мяжы нам не замінае, але і не патрэбны

Аляксандар Вальфовіч

У Беларусі пракамэнтавалі прапанову Ўладзіміра Зяленскага аб разьмяшчэньні назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы.

Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч пракамэнтаваў заяву прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пра неабходнасьць прысутнасьці місіі назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы. З аднаго боку, сказаў ён, «нам гэта не перашкаджае», але зь іншага боку, калі кантынгент місіі будзе складацца з замежных войскаў, «то гэта непрымальна». Гэта першая афіцыйная рэакцыя на прапанову Зяленскага.

«Калі Зяленскаму гэты кантынгент патрэбен на мяжы, дык няхай ён запрашае. Нам гэты кантынгент абсалютна не замінае, але ён нам і не патрэбны. Нам няма чаго кантраляваць і няма чаго хаваць», — цытуе Вальфовіча «Зеркало» са спасылкай на «СБ — Беларусь сегодня».

Ён таксама заявіў, што ўкраінскія памежнікі і іншыя сілавыя структуры на сумежнай тэрыторыі «перакапалі ўсе дарогі і разбурылі ўсе масты, абсталяваўшы іх мінна-выбуховымі загародамі, абараняючыся незразумела ад каго і для чаго... І калі на гэтых мінах міратворчы кантынгент не падарвецца, напэўна, будзе шчасьце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прапануе разьмясьціць міжнародных назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы

Вальфовіч заявіў, што беларускія бесьпілётныя лятальныя сродкі, якія ёсьць на ўзбраеньні ў органаў памежнай службы, не парушаюць украінскую мяжу, а вось украінскія, паводле ягоных словаў, — рэгулярна: «Мы фіксуем сыстэматычнае парушэньне квадракоптарамі з украінскай дзяржмяжы Беларусі. Таму, напэўна, міратворчы кантынгент і будзе фіксаваць тыя парушэньні, якія паходзяць сёньня з боку Ўкраіны ў адносінах да Рэспублікі Беларусь».

Аляксандар Вальфовіч дадаў, што калі гэты кантынгент будзе складацца з замежных войскаў, то «гэта і зусім абсалютна непрымальна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як у лютым ня будзе». Ва Ўкраіне заявілі аб нарошчваньні абаронных сіл на мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры G7 заклікалі ўлады Беларусі не спрыяць «расейскай агрэсіўнай вайне»