Джо Байдэн: Пуцін пралічыўся пры ўварваньні ва Ўкраіну і зрабіў там ваенныя злачынствы; ядзернай зброі ён ня выкарыстае

Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША абмеркаваў сытуацыю ва Ўкраіне ў эксклюзіўным інтэрвію тэлеканалу CNN, якое выйшла ў эфір у аўторак увечары. Пераказ інтэрвію падае «Голас Амэрыкі».

Пра Пуціна

Джо Байдэн назваў Уладзіміра Пуціна «рацыянальным гульцом», які, тым ня менш, пралічыўся пры ўварваньні ва Ўкраіну, дрэнна ацаніўшы сваю здольнасьць здушыць супраціў ўкраінскага народу.

«Я думаю, што ён рацыянальны гулец, які значна пралічыўся», — сказаў Байдэн у гутарцы з журналістам Джэйкам Тэпэрам.

Хаця Байдэн заявіў, што лічыць Пуціна рацыянальным палітыкам, ён назваў «недарэчнымі» мэты, пра якія Пуцін заявіў, разьвязваючы вайну ў лютым сёлета.

«Паслухайце, што ён кажа. Калі вы паслухаеце прамову, якую ён сказаў пасьля таго, як гэтае рашэньне было прынятае... Ён заявіў аб неабходнасьці быць лідэрам Расеі, які аб’ядноўвае ўсіх расейскамоўных людзей... Я думаю, што гэта ірацыянальна», — сказаў Байдэн.

На думку Байдэна, Пуцін самаўпэўнена думаў, што ўкраінцы падпарадкуюцца расейскаму ўварваньню — гэта была памылковая думка, якую абверг жорсткі супраціў унутры краіны.

«Я думаю, што... ягоныя мэты былі не рацыянальныя... Ён... думаў, што яго сустрэнуць з распасьцёртымі абдымкамі, што Кіеў — гэта дом матухны-Расеі і што яго будуць там вітаць, і я думаю, што ён проста цалкам пралічыўся», — сказаў Байдэн.

Пра пагрозы прымяненьня ядзернай зброі

Байдэн, які папярэдзіў на мінулым тыдні пра самую высокую за апошнія 60 гадоў рызыку ядзернага Армагедону, сказаў у інтэрвію, што пагрозы, якія зыходзяць з Расеі, могуць прывесьці да катастрафічных «памылак» і «пралікаў», адмовіўшыся ўдакладніць, як менавіта ЗША адрэагуюць, калі Пуцін прыменіць тактычную ядзерную зброю супраць Украіны.

Байдэн таксама сказаў, што ён ня верыць, што Ўладзімір Пуцін у выніку пойдзе на прымяненьне ядзернай зброі.

«Я ня думаю, што ён гэта зробіць», — сказаў Байдэн у адказ на пытаньне Тэпэра аб тым, ці прыменіць расейскі лідэр тактычную ядзерную зброю.

«Я думаю, што зь ягонага боку безадказна гаварыць аб гэтым... Лідэр адной з найбуйнейшых ядзерных дзяржаў сьвету кажа, што ён можа прымяніць тактычную ядзерную зброю ва Ўкраіне», — дадаў Байдэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША паскараюць пастаўку сыстэм СПА NASAMS Украіне

Байдэн сказаў, што пагрозы з боку Пуціна маюць дэстабілізацыйны эфэкт, і папярэдзіў аб патэнцыйных памылках, якія могуць адбыцца.

«Усё, што я хацеў сказаць, што гэта можа прывесьці да жахлівага зыходу, — дадаў прэзыдэнт ЗША. — Памылкі здараюцца. І можа адбыцца пралік, ніхто ня можа быць упэўнены ў тым, што адбудзецца, і гэта можа скончыцца Армагедонам».

Пра магчымы адказ ЗША на прымяненьне ядзернай зброі

Байдэн адмовіўся ўдакладніць, як будзе выглядаць адказ ЗША, калі Пуцін выканае свае ядзерныя пагрозы. Але ён сказаў, што Міністэрства абароны загадзя распрацавала плян на выпадак, калі гэты сцэнар зьдзейсьніцца.

«Што зьяўляецца чырвонай рысай для Злучаных Штатаў і NATO, і ці давалі вы ўказаньне Пэнтагону і іншым міністэрствам высьветліць, які адказ будзе, калі ён прыменіць тактычную ядзерную зброю ці калі ён разбамбіць Запароскую АЭС?» — спытаў Тэпэр.

«Гэта абмяркоўвалася, але я не зьбіраюся ўдавацца ў падрабязнасьці. З майго боку было б безадказна гаварыць пра тое, што мы будзем рабіць ці ня будзем рабіць», — падкрэсьліў Байдэн.

Папярэджаньне Саудаўскай Арабіі

Прэзыдэнт ЗША таксама папярэдзіў Саудаўскую Арабію аб «наступствах» яе супрацоўніцтва з Масквой пры аб’яўленьні аб скарачэньні здабычы нафты, што можа прывесьці да павышэньня цэнаў на бэнзін у ЗША напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс.

Пра магчымую сустрэчу з Пуціным на саміце G20

Адказваючы на пытаньне аб тым, ці сустрэнецца ён з Пуціным на саміце «Вялікай дваццаткі» ў Інданэзіі, які адбудзецца ў наступным месяцы, Байдэн адказаў, што ня бачыць важкіх прычын для перамоваў.

«Гэта будзе залежаць ад таго, пра што менавіта ён хоча пагаварыць», — сказаў Байдэн, дадаўшы, што калі Пуцін захоча абмеркаваць вызваленьне пасаджанай у турму ў Расеі зоркі амэрыканскага баскетбола Брытні Грайнэр, то ён будзе адкрыты для падобнай размовы.

«Я думаю, што ён зрабіў ваенныя злачынствы. Таму я ня бачу сэнсу сустракацца зь ім цяпер», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

Далейшая дапамога Ўкраіне

Байдэн гутарыў з Тэпэрам празь некалькі гадзін пасьля віртуальнай сустрэчы зь лідэрамі краін G7, падчас якой прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб неабходнасьці ўзмацніць супрацьпаветраную абарону сваёй краіны на фоне новых расейскіх бамбаваньняў.

Зяленскі сказаў, што «сумесныя намаганьні для стварэньня паветранага шчыта для Ўкраіны» павінны быць актывізаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае войска вызваліла ад расейцаў яшчэ пяць вёсак у Херсонскай вобласьці

Паводле прэс-сакратара Белага дома Карын Жан-П’ер, падчас сустрэчы зь лідэрамі краін G7 Байдэн абмеркаваў з калегамі аказаньне Ўкраіне падтрымкі, неабходнай для яе самаабароны, уключаючы пастаўку перадавых сыстэм СПА, а таксама каардынацыю намаганьняў па ўвядзеньні санкцый у дачыненьні да Расеі і забесьпячэньне эканамічнай бясьпекі Ўкраіны.

«Прэзыдэнт Байдэн таксама абмеркаваў з партнэрамі па G7, што мы яшчэ можам зрабіць разам для прызначэньня прыярытэтаў у адносінах да паставак сыстэм СПА для Украіны, што было і застаецца прыярытэтам для ЗША, — дадала Жан-П’ер. — Міністар абароны [Лойд] Осьцін працягне гэтую дыскусію на нарадзе Працоўнай групы ў пытаньнях абароны Ўкраіны, якая адбудзецца ў Бруселі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.