Польская кампанія PERN, якая абслугоўвае нафтаправод «Дружба», паведаміла аб разгермэтызацыі на ўчастку каля гораду Плоцку.
«У аўторак [11 кастрычніка] позна ўвечары аўтаматычныя сыстэмы PERN выявілі выцек з нафтаправоду „Дружба“ на адной зь дзьвюх нітак заходняга ўчастка трубы», — паведаміла кампанія на сваёй старонцы ў Twitter.
Гэты ўчастак знаходзіцца за 70 кілямэтраў ад Плоцку. Па ім нафта пастаўляецца ў Нямеччыну.
Спэцыялісты кампаніі PERN вызначаюць прычыны разгермэтызацыі нафтаправоду.
Чым важны нафтаправод «Дружба»
Нафтаправод «Дружба» забясьпечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і яе транзыт у Эўразьвяз.
- Нафтаправод «Дружба» — найбуйнейшая ў сьвеце сыстэма магістральных нафтаправодаў, пабудаваная ў 1960-я гады для пастаўкі нафты ў краіны Ўсходняй Эўропы — Вугоршчыну, тагачасныя Чэхаславаччыну і Нямецкую Дэмакратычную Рэспубліку, а таксама Польшчу.
- Маршрут нафтаправоду пралягае ў Расеі ад Самары да Бранску і потым да беларускага Мазыра, дзе разгаліноўваецца на два ўчасткі: паўночны (ён праходзіць па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Латвіі і Літвы) і паўднёвы (па тэрыторыі Ўкраіны, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны і Харватыі«.
- У савецкія часы цэнтар кіраваньня нафтаправодам «Дружба» знаходзіўся ва ўкраінскім горадзе Львове, а пасьля распаду СССР перамясьціўся ў расейскі Бранск.