Удзень 11 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць ксяндза Ўладзіслава Завальнюка, які шмат гадоў служыць плябанам каталіцкай парафіі сьвятых Сымона і Алены ў Менску, піша «Хрысьціянская візія».
Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
Ужо да 12 кастрычніка парафіі неабходна забраць сваю маёмасьць з будынка.
Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае «чысты пост», маліўся на падворку каля закрытых дзьвярэй Чырвонага касьцёлу, калі да яго падыйшлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць ад ганку з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць.
Парафіяне, у сваю чаргу, паведамляюць пра перашкоды з боку міліцыі і людзей у чорным адзеньні, якія зьявіліся ля сьвятыні каля 17-й гадзіны (у гэты час у касьцёле зазвычай служылі імшу).
«Сабраліся болей за 20 чалавек, якія маліліся ля сьценаў на ружанцы. І тут з розных бакоў прыехалі два міліцэйскія легкавікі, міліцыянты сталі патрабаваць, каб разышліся», — сказала тэлеграм-каналу сьведка падзеяў. Многія зь міліцыянтаў былі юнымі; ня выключана, што гэта курсанты школы МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парафія Чырвонага касьцёла зьвярнулася да Лукашэнкі, просіць пусьціць вернікаў у храмПрычына патрабаваньняў, якую назвалі міліцыянты: «Болей за два чалавекі тут зьбірацца нельга, інакш — масавае мерапрыемства». Пры гэтым вернікам сказалі адысьці на пл. Незалежнасьці: «Маліцеся там!» На пытаньне, чаму нельга зьбірацца на малітву непасрэдна ля храма, адзін зь сілавікоў патлумачыў так: «Паступіў загад зьверху».
Людзей не затрымлівалі і не ўжывалі фізычнай сілы, але запалохвалі групу жанчын пажылога веку, пагражалі АМАПам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атака на Каталіцкую царкву. Улады забіраюць у каталікоў Чырвоны касьцёл, закрылі школу ў Хрысьціянскім цэнтры