«Усё гэта моцна нагадала першыя дні вайны»
Беларускі фатограф Яўген Атцецкі разам з жонкай Юліяй былі ў Львове, калі ў 7:30 раніцы 10 кастрычніка пачалася паветраная трывога.
«З траўня ніякіх удараў у Львове не было, то я ня моцна зрэагаваў спачатку, але потым было нешта дзіўнае, падобнае да выбуху, і я пачаў хвалявацца, палез у тэлефон. Тады стала зразумела, што адбываюцца ўдары па горадзе. Праз пару гадзін адключылі электрычнасьць, ваду, бо абстрэлы трапілі па гэтай інфраструктуры. З 10-й раніцы не было інтэрнэту. Усё гэта моцна нагадала першыя дні вайны, такая нявызначанасьць, нешта адбываецца, зьнікае сувязь, спэцыфічна крыху. Але праз тое, што поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ідзе больш за 7 месяцаў, людзі ўжо прывыклі, таму панікі абсалютна не было, мы проста хадзілі па горадзе і спадзяваліся, што ўсё будзе добра», — кажа Яўген Атцецкі.
Мужчына дадае, што панікі сярод людзей не было яшчэ і таму, што ёсьць моцны давер да ЗСУ, якія добра сябе паказваюць. Людзі вераць, што ўсё рана ці позна скончыцца.
«Недзе, а 5-й гадзіне зьявіўся мабільны інтэрнэт, па горадзе пачалі паволі аднаўляцца вада, электрычнасьць, вось у мяне яна ўжо ёсьць. Такія паўсядзённыя рэчы становяцца вялікай каштоўнасьцю. Канечне, мы ўсе застрэсаваныя, стаміліся, гэта вельмі моцна вымотвае, з улікам таго, што ўсім нам трэба працаваць і ўсё сумяшчаць вельмі складана».
«Мы ня можам браць адказнасьць за тое, што робіць Лукашэнка»
Яўген кажа, ёсьць верагоднасьць, што яму з жонкай прыйдзецца зьехаць, калі Лукашэнка ўвядзе беларускія войскі ва Ўкраіну.
«Я думаю, што мне будзе вельмі складана тлумачыць сваю прысутнасьць тут. Гэта нягледзячы на тое, што ўвесь мой папярэдні досьвед, 90% камунікацыі з украінцамі былі станоўчыя, ніякіх пытаньняў. Але, я думаю, тут таксама ўзровень цярпеньня не бясконцы».
За ўвесь час, што Яўген ва Ўкраіне, ён згадвае два непрыемныя выпадкі праз тое, што ён беларус.
«Я працаваў фотажурналістам, здымаў на мясцовым рынку, і да мяне падышоў чалавек. Ён падумаў, што я шпіён, дывэрсант, які пункты для абстрэлу здымае. Ён паглядзеў на маю акрэдытацыю, сказаў, што яна, магчыма, фэйкавая і ён хоча выклікаць паліцыю. Гэта вельмі зразумела: усё ж такі тады прайшло толькі 2 тыдні з пачатку вайны, абсалютна няясная сытуацыя ў краіне, людзі моцна ўзбуджаныя, таму ў мяне ніякіх пытаньняў няма. Другі раз быў, калі я рабіў страхоўку, каб працягнуць від на жыхарства. І ў адной з натарыяльных кантораў мне адмовілі, сказалі: „Мы прыватная кампанія і ня хочам рабіць беларусам“. Было непрыемна, скажу шчыра. Але ў астатніх выпадках да таго, што я беларус, альбо нэўтральна ставіліся, альбо пазытыўна».
Яўген таксама кажа, што цалкам разумее, што рэпутацыя беларусаў ня можа быць «чыстая і белая».
«Я не бяру на сябе адказнасьць за справы Лукашэнкі. Я раблю ўсё, што магу, са свайго боку, бо мне не абыякавая Ўкраіна і Беларусь. Я стараюся ўкладацца, падтрымліваць украінцаў, як гэта атрымліваецца. Мы ня можам браць такую велізарную адказнасьць за тое, што робіць Лукашэнка. Няхай Лукашэнка пускае расейскія войскі і сам апраўдваецца. А для мяне важна дапамагаць украінцам — я дапамагаю. Рэпутацыя беларусаў глябальна мне важная, але я абсалютна ясна разумею, што яна ня можа быць белая і чыстая».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне другі дзень запар ракетныя ўдары Расеі. Украінцы атакуюць на ўсходзе і поўдніМужчына кажа, што яму вельмі дапамагае цяпер трымацца моцная супольнасьць беларусаў у Львове.
«Мы зьбіраемся разам, і гэта вельмі моцна падбадзёрвае, дае адчуваньне пляча. Увогуле, адна з асноўных прычын, чаму я тут застаюся, — вельмі моцная беларуская супольнасьць, якая сфармавалася ў Львове».
Цяпер Яўген едзе на некаторы час у Польшчу па справах.
«Вось толькі нядаўна быў адбой паветранай трывогі. Кажуць, былі два выбухі, зноўку па энэргетычнай інфраструктуры. Ранкам на нейкі час зьнікла вада, скокнула электрычнасьць. Мэр кажа, што цяпер 30% гораду без электраэнэргіі».
«На дадзены момант я хаваюся ў калідоры, бо недзе, а 8-й раніцы пачалася паветраная трывога»
Беларуская праваабаронца Анісія Казьлюк цяпер таксама ў Львове.
«Я ў парадку, адчуваю сябе добра. У прынцыпе, да такога раскладу я была падрыхтаваная. Учора зь вечара я паслала сабе ў ваньне, каб туды перамясьціцца, калі налёт будзе ўначы. У выніку зранку я прыйшла хавацца ў ванну разам са сваімі двума коцікамі. Я падрыхтавала сабе і катам ежу, пітво. Ранкам яшчэ была сувязь, электрычнасьць, і я нават пасьпела трошкі папрацаваць», — кажа Анісія Казьлюк.
Учора Анісія прачнулася, калі ўжо была паветраная трывога. Электрычнасьці не было адразу, а сувязь яшчэ трымалася.
«Спачатку не было такіх страшных паведамленьняў, была інфармацыя толькі пра Кіеў. Пра Львоў я даведалася ад сяброў, якія напісалі, што недзе недалёка ад іх быў чуваць выбух. Мы тады таксама схаваліся з катамі ў ванну. Вось цяпер па вуліцы ходзяць людзі. Як кажуць мае сябры, якія пайшлі па ваду: людзі набываюць сабе штрудэлі, замест таго каб набіраць ваду. У Львоў яшчэ не прыходзіла асабліва вайна, таму тут няма такой панікі і ажыятажу на нешта».
Анісія дадае, што ўчора, калі скончылася трывога, яна бачыла людзей з валізкамі. Дзяўчына мяркуе, што гэта людзі, якія ўцякалі ад вайны ў Львоў і цяпер вырашылі: трэба ехаць далей, бо тут небясьпечна.
«На дадзены момант я хаваюся ў калідоры, бо недзе, а 8-й раніцы пачалася паветраная трывога. Зараз пачала зьяўляцца інфармацыя пра выбухі ў Львове, сытуацыя такая ж, як і ўчора: у кагосьці зьнікла вада, у мяне няма сьвятла і часам зьнікае мабільная сувязь. У мяне цяпер ёсьць вада, запас прадуктаў, аптэчка, але няма электрычнасьці, і, адпаведна, няма інтэрнэту і ацяпленьня, бо газавы абагравальнік запальваецца толькі ад электрычнасьці».
Мабільная сувязь не дацягвае да калідора, дзе хаваецца Анісія, таму, каб даслаць нам паведамленьні, яна мусіла штурхаць тэлефон да вакна, а самой быць у схованцы.
Дзяўчына кажа, розьніца паміж тым, што адбываецца цяпер, і тым, што было 24 лютага, вялікая.
«24 лютага я не разумела ўвогуле, што адбываецца, гэта была мая першая вайна, — сумна ўсьміхаецца Анісія. — Тады я пасадзіла ката ў куртку, мы зь сябрамі ўзялі бутэльку шампанскага, бо думалі, што гэта скончыцца за адзін дзень, і мы дзесьці ў схованцы адзначым разам зь іншымі ўкраінцамі агульную перамогу. Тады мы ўзялі толькі прадукты, дакумэнты і жывёл. Пасьля таго як побач з домам пачалі абстрэльваць, мы вырашылі, што пара зьяжджаць з Кіева».
Учорашні дзень Анісія правяла разам зь сябрамі.
«Мы пасябравалі тут у Львове, сутыкнуліся з аднолькавымі цяжкасьцямі. Мы падтрымліваем адно аднаго. І ўчорашні дзень прайшоў вельмі лёгка, бо мы нашай кампаніяй, з блізкімі мне людзьмі, хадзілі па горадзе, шукалі сувязь, дзе паесьці, дзе купіць прадуктаў. Праз тое, што няма інтэрнэту, нельга было расплаціцца карткай, а зьняць грошы — праблема, бо ў беларусаў іншаземныя карткі і курс вельмі дрэнны».
Дзяўчына кажа, што яны зь сябрамі былі больш падрыхтаваныя: дакладна ведалі, што такое паветраная трывога, дзе шукаць інфармацыю, што трэба браць з сабой, калі выходзіш з дому, і што хавацца трэба празь дзьве сьцяны.
«Людзі навучыліся разумець, што такое трывога, навучыліся хавацца»
Анісія кажа, што ў беларускай дзяржавы няма шанцу «адмыцца» з 24 лютага, калі наша краіна стала саўдзельніцай у вайне.
«Пасьля падзей у Ірпяні і Бучы, куды жаўнеры ўвайшлі з тэрыторыі Беларусі, і таго, што яны там рабілі. І сёньняшнія падзеі ня надта моцна зьмяняюць агульную сытуацыю. Гэта проста адна з чарговых атак на ўкраінскую дзяржаву, адна з чарговых порцый хлусьні, калі спачатку Беларусь выстаўляе ноту да ўкраінскага амбасадара, а потым ладзіць вось такое. Гэта шызафрэнія незразумелага ўзроўню».
Анісія плянуе заставацца ў Львове, хоць і мае магчымасьць выехаць за мяжу.
«Мой партнэр зараз жыве ў Варшаве, у мяне ёсьць гуманітарная польская віза, ёсьць магчымасьці, бо я праваабаронца, мяне падтрымаюць у любой краіне, якую я б ні абрала. Адзінае, што ў мяне яшчэ няма дакумэнтаў на другое кацяня, ёй вось толькі споўнілася 4 месяцы, і толькі цяпер можна рабіць прышчэпку і завесьці вэтэрынарны пашпарт. Я пляную заставацца тут, я адчуваю сябе цалкам у бясьпецы. Так, ёсьць акалічнасьці ў выглядзе адсутнасьці сьвятла, паветранай трывогі, пагрозы жыцьцю, але я ацэньваю рызыку і разумею, што месца, у якім я зараз жыву, цалкам бясьпечнае».
Дзяўчына дадае, што калі такая сытуацыя будзе працягвацца больш за 10 дзён, то яна падумае пра пераезд у іншы ўкраінскі горад ці ў Эўропу, таму што без інтэрнэту ня зможа нармальна працаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO пра напад Расеі на Ўкраіну: «Лукашэнка павінен спыніць любыя крокі па ўступленьні ў гэты незаконны канфлікт»Анісія таксама кажа, што ёй вельмі дапамагае трымацца кампанія беларусаў у Львове, бо яны падтрымліваюць адно аднаго, клапоцяцца. Гэта сапраўднае сяброўства і блізкасьць.
«Мне вельмі хочацца, каб людзі разумелі, што за той час, колькі цягнецца актыўная фаза вайны, якая ахапіла ўсю Ўкраіну, людзі тут навучыліся разумець, што такое трывога, навучыліся хавацца. І пасьля таго, як адбываюцца такія сытуацыі, у людзей няма страху, ёсьць толькі злосьць і жаданьне працаваць далей і болей. Я гэта бачу па сваіх калегах, якія служаць у ЗСУ, займаюцца праваабарончай дзейнасьцю, па простых людзях. І таму я хачу перадаць ім сваю падтрымку і пажадаць ім болей сілаў».