Карціну, якую сьпявачка Маргарыта Ляўчук намалявала валасамі, прадалі на аўкцыёне за 600 даляраў, паведамляе тэлеграм-канал by_culture. Грошы перададуць родным зьняволенага мастака Алеся Пушкіна.
Вядома, што карціну купіў беларускі айцішнік, які выехаў зь Беларусі зь сям’ёй у 2021 годзе.
«Карціну набыў, бо, па-першае, падабаецца Марго і яе творчасьць, а па-другое — гэта мой данат на падтрымку сям’і Алеся і беларускай культуры ўвогуле. Сябры, падтрымлівайце беларусаў і беларускую культуру, захоўвайце мову, і ўсё будзе добра!» — сказаў ён by_culture.
Перасьлед Алеся Пушкіна
Мастак Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021-га.
30 сакавіка Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту).
Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадзкі суд, судзьдзя Алена Шылько. Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяньнях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў». Падставай для абвінавачаньняў сталі карціны з цыклу «Беларускі супраціў» і пэрформанс, які ён правёў ва Ўкраіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі рэзка павялічыўся маштаб рэпрэсій у дачыненьні да людзей, якія выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю. У выніку — дзясяткі тысяч беларусаў прайшлі празь перасьлед і эмігравалі.
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты парушэньняў правоў чалавека — штодзённа ў краіне выносяцца палітычна матываваныя прысуды, людзей катуюць у зьняволеньні і падчас затрыманьняў.
На стане на 11 кастрычніка 2022 году праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітычнымі зьняволенымі 1344 чалавекі.
На фоне саўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны апошнія месяцы адбываецца таксама перасьлед беларусаў, якія нейкім чынам выказаліся супраць вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алеся Пушкіна зь невядомай прычыны зьмясьцілі ў ПКТ на 5 месяцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алеся Пушкіна этапавалі ў калёнію «Воўчыя норы»