10 кастрычніка, праз два дні пасьля выбуху на Крымскім мосьце, за які Ўкраіна не ўзяла непасрэднай адказнасьці, расейскія войскі выпусьцілі па Ўкраіне 84 ракеты, 43 зь якіх зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны. Гэта стала самым масавым абстрэлам Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня; 19 чалавек загінулі і 105 параненыя.
У ваенным пляне расейскі ўдар ня мае сэнсу, лічыць заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў. Нават пакінуўшы без электрычнасьці шэраг рэгіёнаў Украіны, Расея не прымусіць украінскіх салдатаў здавацца ў палон, і «фронт не пасыплецца», лічыць Левіеў.
Ці азначае гэты ўдар пачатак актыўнай наземнай апэрацыі
— Не. Зусім на гэта не падобна. І ў прынцыпе, у сваёй заяве пасьля паседжаньня Савету бясьпекі Ўладзімір Пуцін проста так і гаворыць. Спачатку ён пералічвае, як ён гэта называе, «тэрарыстычныя акты Ўкраіны», успамінаючы падрывы ліній электраперадачы каля Курскай атамнай электрастанцыі, спробу падрыву газаправоду «Турэцкі паток». І потым кажа, што ў адказ на такія тэрарыстычныя мэтады Ўкраіны мы вырашылі ўдарыць па яе энэргетычнай інфраструктуры, вайсковай інфраструктуры і вузлах сувязі. Гэта значыць, фактычна Ўладзімір Пуцін прама прызнае, што тут няма ніякага ваеннага сэнсу, гэта менавіта вока за вока, на яго думку. Калі вы праводзіце тэракты, то і мы будзем праводзіць тэракты.
Па-мойму, гэта ўпершыню, калі расейскае кіраўніцтва адыходзіць ад свайго звыклага наратыву, што мы б’ём толькі высокадакладнай зброяй, толькі па вайсковых абʼектах, стараемся не закранаць цывільнага насельніцтва, цывільнай мірнай інфраструктуры. Тут упершыню найвышэйшае палітычнае кіраўніцтва прама расьпісваецца ў тым, што мэтанакіравана бʼе па мірнай інфраструктуры, каб пакінуць насельніцтва Ўкраіны, ня войскі, а менавіта насельніцтва Ўкраіны, без электрычнасьці, сьвятла і ацяпленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Conflict Intelligence Team: «Да 40% расейскіх кантрактнікаў, якіх вярнулі з Украіны і рыхтуюць да новага закіду, адмаўляюцца ехаць»— Што, нагадаю, ацэньваецца Жэнэўскімі канвэнцыямі як ваенныя злачынствы. Але мэта ўсё ж якая — ускладніць Украіне зіму?
— У тым ліку, але хутчэй гэта менавіта тэрор, стварэньне хаосу, палітычны ціск. Была праблема, што ўзарвалі Крымскі мост. А Крымскі мост як сымбаль значна важнейшы, чым кавалак Харкаўскай вобласьці, які быў захоплены і зь якога давялося тэрмінова сыходзіць ці, як яны гэта завуць, перагрупоўвацца. Пра Харкаўскую вобласьць у расейскіх вайскоўцаў, якія сымпатызуюць Пуціну, як правіла, няма такіх сантымэнтаў, што гэта «наша тэрыторыя» ці нешта падобнае. Крымскі мост для іх — гэта сьвятое. Таму рэакцыя павінна была быць яшчэ больш цьвёрдай, чым у мінулы раз.
Нагадаю, што, калі пасыпаўся Харкаўскі фронт, Пуцін абʼявіў аб частковай мабілізацыі. А тут вырашылі правесьці вось такую паказальную акцыю, прадэманстраваць расейскую сілу, што можам чарговы раз, як 24 лютага, ударыць адразу па ўсіх рэгіёнах Украіны, нанесьці сурʼёзныя пашкоджаньні. То бок гэта была, як мне здаецца, дэманстрацыя сілы Ўкраіне і ў цэлым Захаду.
Ці ёсьць ваенны сэнс ва ўдары па Крымскім мосьце
— Скажам так, быў бы ваенны эфэкт, калі б удалося абрынуць пралёт чыгуначнага моста. Хаця б адзін пралёт, каб спынілася спалучэньне. Тады гэта была б сурʼёзная пагроза расейскай групоўцы войскаў на поўдні Ўкраіны, таму што гэта найважнейшая транспартная артэрыя, па якой ідзе забесьпячэньне. Так, ёсьць ветка па зямлі ад Херсона ў бок Мелітопаля, Такмака і далей у бок Ілавайска, але там, па-першае, перагон з адной каляінай, гэта значыць лімітаваная прапускная здольнасьць. Па-другое, кажуць, што там каляіны месцамі разбамбаваныя і яны праходзяць паблізу лініі фронту. Значыць, гэта быў бы таксама такі няўдалы шлях. Таму, калі б мост абрынуўся, асабліва чыгуначны, тады б так, гэта быў бы вялізны ваенны эфэкт і сурʼёзны ўклад у перамогу Ўкраіны і больш хуткае вызваленьне Херсона. Але паколькі спалучэньне ўдалося хутка аднавіць, няхай нават у абмежаваным рэжыме, то непасрэднага ваеннага эфэкту гэты ўдар ня меў. Але гэта паказала магчымасьці Ўкраіны, калі мы лічым, што гэта Ўкраіна зьдзейсьніла, і аказала безумоўна маральны ціск на прарасейскі бок, тых, хто падтрымлівае вайну, і ў цэлым расейскіх салдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыму: Падыходы да правядзеньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі зьмененыя— Мае крыніцы ў Службе бясьпекі Ўкраіны якраз сьцьвярджаюць, што гэта справа рук СБУ, хоць афіцыйна Кіеў гэта не пацьвярджае. Папулярная думка ва ўкраінскім сэгмэнце, што Расея такімі ўдарамі, як 10 кастрычніка, хутка выдаткуе свае запасы ракет. Ці падзяляеце вы такі аптымізм украінцаў?
— Не. Прыкладна ў канцы вясны Расея стала паступовае спыняць выкарыстоўваць «Калібры» і іншыя падобныя дарагія дальнабойныя ракеты. І тады празь нейкі час замежныя пасольствы вярнуліся ў Кіеў, таму што ўбачылі, што такія ракеты сталі радзей вылятаць у Кіеў, іншыя далёкія ад фронту гарады Ўкраіны. І тады мы гэта камэнтавалі ў тым духу, што, хутчэй за ўсё, большую частку запасаў падобных ракет Расея патраціла, пакінуўшы недатыкальны запас для асаблівых выпадкаў. І вось асаблівы выпадак надышоў — выбух Крымскага моста, вырашылі яшчэ частку запасаў выдаткаваць, каб правесьці такую паказальную акцыю. Гэта ня значыць, што ў наступныя дні мы ўбачым зноў і зноў такія «Калібры», якія прылятаюць, ракеты «Х-101» і іншыя дальнабойныя ракеты. Хутчэй за ўсё, не. Хутчэй за ўсё, наступным разам гэта паўторыцца пры чарговай нейкай важнай паразе Расеі, напрыклад пры вызваленьні Херсона.
Мы мяркуем, што, хутчэй за ўсё, у Расеі ўсё яшчэ ёсьць магчымасьці нейкі час вырабляць падобныя ракеты. Але, тым ня менш, нават пры гэтым тэмп вытворчасьці ракет невялікі. Гэта значыць, калі б Расея выкарыстоўвала такія ўдары кожны дзень, то прамысловасьць не пасьпявала б аднаўляць патрачаныя ракеты. Таму іх так рэдка выкарыстоўваюць цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўцягвае Беларусь у вайну. Якую ролю ў агрэсіі Масква вызначыла Беларусі?Ці варта чакаць поўнамаштабнага ўступленьня ў вайну беларускага войска
— Мы гэтага не чакаем і ніякіх перадумоў да гэтага ня бачым. Я думаю, і міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, і Ўладзімір Пуцін выдатна разумеюць, што ўсё беларускае войска, нават калі яго адправіць на лінію фронту, будзе кропляй у моры, улічваючы ўвесь маштаб вайны. Таму няма сэнсу неяк зьвяртацца да такіх рызык, тым больш гэта створыць дадатковыя палітычныя рызыкі для самога Аляксандра Лукашэнкі ўнутры Беларусі. А ён, здаецца, спрабуе гэтага пазьбегнуць.
Мне здаецца, што падобныя заявы — гэта рэакцыя ў адказ на заявы заходняга боку. Напрыклад, [экс-дарадца прэзыдэнта ЗША] Джон Болтан казаў, што калі Ўладзімір Пуцін прыменіць ядзернае ўзбраеньне, то асабіста Пуцін стане законнай ваеннай цэльлю. І з гэтай нагоды [прэс-сакратару Крамля Дзьмітрыю] Пяскову даводзілася казаць, што Ўладзімір Пуцін у бясьпецы, усе меры прымаюцца.
Напэўна, гэта быў паказальны адказ з боку Расеі — разгарнулі сумесную групоўку войскаў. Цяпер мы бачым паведамленьні, што ў Беларусь прыбываюць эшалёны, расейскія цягнікі. І ў некаторых зь іх ёсьць таварныя вагоны з расейскімі салдатамі. Наколькі мы бачым, і гэта пацьвярджае праект «Беларускі Гаюн», насамрэч гэтыя цягнікі прыбываюць у Беларусь, каб забраць адтуль раскансэрваваную тэхніку — танкі, ствольную артылерыю. Іх вязуць з базаў рэзэрву ў Белгарадзкую вобласьць, паколькі такая тэхніка ў Расеі таксама паступова заканчваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскай выведцы заявілі аб новых пастаўках Расеяй дронаў у Беларусь і вывазе беларускіх боепрыпасаў— Ці варта чакаць наступу расейскага войска з тэрыторыі Беларусі?
— Мы лічым, што не, паколькі на Кіеўскі, Чарнігаўскі напрамкі сіл няма. Я думаю, у прынцыпе расейскае войска гэта ўжо выдатна зразумела. Нават з улікам мабілізацыі зараз не хапае сіл, каб адбіваць Луганскую вобласьць. Вы бачыце, як украінскія войскі паступова прасоўваюцца, пачынаюць паступова акружаць Сватава, як гэта было зь Ліманам. Яны ня йдуць у лоб вызваляць Ліман, а акружаюць яго, каб адтуль расейскія войскі сышлі самі. І нават з улікам мабілізацыі зараз не хапае сіл, каб утрымаць Сватава. Я думаю, што найбліжэйшым часам Сватава будзе вызваленае. І таму мы б не чакалі ў наступныя месяцы наступу з боку Беларусі. Прынамсі, пакуль эфэктыўна не падрыхтуюць сотні тысяч мабілізаваных.
Ці зьменіць новы камандуючы расейскімі войскамі ва Ўкраіне тактыку РФ
— Наогул генэрал Суравікін (новы камандуючы расейскімі войскамі ва Ўкраіне — Сяргей Суравікін) ужо аднойчы вызначыўся тым, што яму напляваць на жыцьці цывільных. Бо ён кіраваў тым батальёнам, які душыў сваёй тэхнікай пратэстоўцаў у Маскве падчас жнівеньскага путчу (21 жніўня 1991 года непадалёк ад Белага дому загінулі масквічы Зьміцер Камар, Ільля Крычэўскі і Ўладзімір Усаў. — заўв. НВ). Можа быць, і з гэтым зьвязанае яго прызначэньне, таму што ён больш ляяльны ўладзе чалавек і, скажам так, памазаны крывёй. Пры гэтым мы ня бачым, што ў яго быў нейкі такі спэцыфічны досьвед, які прыўнясе якасьць у кіраваньне расейскімі войскамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прызначыў камандуючага расейскімі войскамі, якія ваююць ва Ўкраіне. Ён мае ўзнагароду і ад ЛукашэнкіНаагул мы ўжо ня раз адзначалі, што ў расейскім войску ні ў кога няма адпаведнага досьведу для падобнага маштабу вайны. Многія спрабуюць успамінаць вайну ў Сырыі, называючы Суравікіна «мясьніком Сырыі», але тая апэрацыя зусім не падобная на тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Таму гэты досьвед не дастасавальны ніяк. Улічваючы ўсю біяграфію Суравікіна, вельмі падобна на тое, што ён займаў чарговыя пасады ня ў выніку якаснага кіраваньня войскамі, а ў выніку ляяльнасьці. Напрыклад, ён стаў галаўкамам Паветрана-касьмічных сіл Расеі, ня маючы ў біяграфіі ніводнага году пратыкі службы ў паветраных войсках, што поўны абсурд.