Апыталі ўсіх датычных да гэтай гісторыі, ці магло такое быць. Таксама пацікавіліся ці былі папярэджаныя пра небясьпеку інфарматары канала, якія працягвалі знаходзіцца ў Беларусі, пасьля выкрыцьця агента.
У чым сутнасьць гісторыі?
Супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко на працягу дзевяці месяцаў быў у камандзе «Чорнай кнігі Беларусі». У нейкі момант ён нават пачаў кіраваць ініцыятывай. Пра гэта тэлеканалу «Белсат» расказала Яніна Сазановіч, якая ў мінулым была датычная да «Чорнай кнігі Беларусі».
«Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году. У аднайменным тэлеграм-канале пачала публікавацца інфармацыя пра тых людзей, якія бралі ўдзел у рэпрэсіях у Беларусі, найперш сілавікоў, але ня толькі. Публікаваліся іх фатаздымкі, а таксама пэрсанальныя дадзеныя.
Адным з супрацоўнікаў каманды стаў нейкі Артур, які працягваў знаходзіцца ў Беларусі. Ягонай поўнай вэрыфікацыі так ніхто і не правёў, а іншыя ўдзельнікі нават ня бачылі ягонага твару. Артур прадставіўся супрацоўнікам банку і правяраў людзей нібыта па банкаўскай сыстэме.
У «Чорную кнігу Беларусі» Артура прывёў Данііл Багдановіч, у мінулым студэнт ЭГУ, а ў той час адзін з каардынатараў агенцтва «Інфапойнт». У адзін з момантаў Артур зьліў «Чорнай кнізе Беларусі» поўную базу супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, дзе замяніў толькі сваё прозьвішча.
У хуткім часе пасьля далучэньня Артура да каманды пачалі арыштоўваць важных інфарматараў «Чорнай кнігі», якія заставаліся ў Беларусі. Падазрэньні зьяўляліся ў многіх супрацоўнікаў «Чорнай кнігі Беларусі», але Артур па-ранейшаму працаваў у праекце.
У нейкі момант, калі Багдановіч сыходзіў у адпачынак, Артур нават узначаліў праект. Галоўным у «ЧКБ» супрацоўнік ГУБАЗіКу прабыў каля двух тыдняў.
Ён называў падстаўное прозьвішча «Бароеў», на якое нават быў выдадзены пашпарт. Аднак гэты «Бароеў» узьнік зь ніадкуль. Прозьвішча «Гайко» было вядомае супрацоўнікам «Чорнай кнігі Беларусі», але доказаў таго, што гэта менавіта той самы Артур, не існавала. Пакуль сам Артур выпадкова ня скінуў скрын з размовы ў зуме, дзе ён быў падпісаны менавіта як «Гайко». Выявілі агента толькі ў траўні 2021 году, празь дзевяць месяцаў пасьля далучэньня.
Па зьвестках ByPol, Артур Гайко за сваё ўкараненьне атрымаў павышэньне — займеў пагоны капітана міліцыі.
Свабода задалася некалькімі пытаньнямі, якія ўзьнікаюць пасьля агучваньня гэтай гісторыі. Ці была спроба папярэдзіць інфарматараў пра небясьпеку, пасьля таго як агента выявілі? Ці панёс пакараньне чалавек, які прывёў Гайко ў каманду? Чым цяпер займаецца каманда «Інфапойнт»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік буйнога расейскага сайту, два выпускнікі ЭГУ. Што вядома пра людзей, якіх першымі будуць завочна судзіць у БеларусіЦі папярэджвалі інфарматараў пра небясьпеку?
Яніна Сазановіч ахвотна пагаджаецца пагаварыць пра сытуацыю, просіць толькі для вэрыфікацыі даслаць журналісцкае пасьведчаньне. Яна адразу папярэджвае, што ўжо больш як год ня мае ніякага дачыненьня да «Чорнай кнігі Беларусі», цяпер яна займаецца праектамі «Карнікі Беларусі» і «Дзікае паляваньне». Ці стала сытуацыя з Артурам Гайко прычынай для яе сыходу?
«Гэта адна з прычын», — кажа яна.
Дзяўчына кажа, што пасьля таго выпадку пачала больш старанна правяраць людзей, зь якімі яна працуе і стасуецца.
Ці папярэджвалі інфарматараў «Чорнай кнігі Беларусі» пра тое, што ім пагражае небясьпека, пасьля таго як асоба Артура Гайко была выяўленая?
«Я ведаю толькі тое, што сытуацыя абмяркоўвалася з ByPol, але я ня ведаю, якія крокі рабіла „Чорная кніга Беларусі“, бо мяне на той момант ужо не было ў праекце», — кажа Яніна.
Кіраўнік арганізацыі ByPol Аляксандар Азараў таксама кажа, што ня ў курсе таго, ці паведамлялася людзям пра небясьпеку.
«Я ж не працую ў „Чорнай кнізе Беларусі“. Мы правялі сваё расьсьледаваньне, дзе выявілі, што Артур зьяўляецца супрацоўнікам ГУБАЗіКу. Больш за тое, мы ўжо раней публікавалі дадзеныя на многіх супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, у тым ліку на Гайко, была нават ягоная фатаграфія, але ніхто тады не зьвярнуў на гэта ўвагі».
Азараў перакананы, што інфармаваць людзей у падобных сытуацыях, безумоўна, варта. Аднак існуе адзін нюанс: рабіць гэта трэба праз той самы канал сувязі, празь які чалавек ужо камунікаваў, інакш існуе небясьпека, што такім папярэджаньням людзі не дадуць веры.
Дырэктарка агенцтва «Інфапойнт», мэдыямэнэджар Саша Раманава сказала Свабодзе, што «ня лічыць магчымым раздуваць і працягваць гэтую тэму».
«Большасьць агучаных вамі пытаньняў тычацца ўнутранай палітыкі арганізацыі, таму са зразумелых прычын адказваць на іх немагчыма. Але тое, што я не магу публічыць інфармацыю, якую вы хочаце атрымаць, ужо кажа пра тое, што падыходы ў нас зьмяніліся», — патлумачыла Раманава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прадставіла польскаму прэм’еру Аб’яднаны кабінэт і расказала пра плян «Перамога»Што такое «Інфапойнт»?
У расьсьледаваньні пра Артура Гайко часта гучала назва агенцтва «Інфапойнт», да якога, маўляў, меў дачыненьне супрацоўнік ГУБАЗіК. Што ж гэта такое?
Саша Раманава першапачаткова адпраўляе да сайта агенцтва, але пасьля ўдакладняе: «Мы падтрымліваем сучасныя мэдыя і каналы, гадуем і пашыраем каманды, запускаем новыя журналісцкія прадукты на розных плятформах, ад навінавых сайтаў да ютубаў і тыктокаў, робім прадакшн, працуем з прасоўваньнем, таргетынгам і г.д.».
На сайце «Інфапойнта» напісана наступнае: «Мы зьяўляемся стратэгічным альянсам дзясяткаў незалежных праектаў з агульнай аўдыторыяй больш за 200 мільёнаў праглядаў штомесяц. Наша місія простая: ствараць і падтрымліваць незалежныя СМІ, якія выступаюць за дэмакратыю і свабоду слова ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне».
У пераліку тых СМІ, зь якімі працуе «Інфапойнт», — kyky.org, The Village, шэраг украінскіх выданьняў. Блогеры і тэлеграм-каналы на сайце не пералічаныя.
«Я разумела, што такое „Інфапойнт“, як гэта працуе. Калі я сышла з „ЧКБ“, то мяне ніхто ня ведаў, мне б нават не паверылі, калі б я прыйшла з гэтай гісторыяй у нейкае СМІ. Увесь гэты час я спрабавала данесьці інфармацыю да людзей, якія маглі б паўплываць на сытуацыю. Але ніякіх вынікаў гэтыя размовы не прынесьлі», — кажа Яніна Сазановіч.
У камэнтары «НН» Саша Раманава сказала, што Артур Гайко ніколі ня меў дачыненьня да «Інфапойнта», а толькі да «Чорнай кнігі Беларусі». У рэдакцыі Свабоды ёсьць скрыны, якія сьведчаць пра тое, што Артур Гайко ўваходзіў у закрыты чат у тэлеграме «Інфапойнт», дзе таксама былі дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка і галоўная рэдактарка KYKY Наста Рагатко. Калі Артура раскрылі і выдалілі з чату, то чат перайменавалі ў «Інфапойнт без ГУБАЗ».
Варта адзначыць, што Саша Раманава працягвае адмаўляць датычнасьць Артура да «Інфапойнта». «Не разумею, якая сувязь паміж удзелам у нейкім чаце і працай на „Інфапойнт“. І я, і Франак, і Насьця, напэўна, у сотнях чатаў з рознымі назвамі», — адказала яна Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яніна Сазановіч са сьпісу «завочных судоў»: «Яны ня могуць забраць тое, што я нарадзілася беларускай»Ці ведалі пра Артура ў офісе Ціханоўскай?
Яніна Сазановіч сказала Свабодзе, што сытуацыю з супрацоўнікам ГУБАЗіКу ад пачатку ведаў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
«Але ён не паглыбляўся ў яе, бо ўсю інфармацыю атрымліваў ад Данііла Багдановіча», — кажа Сазановіч.
Больш за тое, дзяўчына кажа, што супрацоўнік ГУБАЗіК Артур Гайко быў нават укаранёны ў працу офісу Ціханоўскай. У прыватнасьці, са словаў Сазановіч, ён рыхтаваў аналітыку пра тое, што мэтад з публікацыяй прыватных дадзеных сілавікоў не працуе.
«Я даведаўся пра існаваньне Артура роўна на наступны дзень, калі ён быў выкрыты, — кажа Свабодзе Франак Вячорка. — Артур ня меў ніякіх стасункаў ці дачыненьня да офісу. ByPol правёў расьсьледаваньне, паводле іх словаў, рызыкі, зьвязаныя з Артурам, былі хутка зьліквідаваныя, як толькі ён быў выкрыты. Доступу да нашай інфармацыі ён таксама ня меў».
Франак кажа, што пасьля таго выпадку ўзмацнілі сыстэму вэрыфікацыі людзей.
«Сыстэма шматузроўневая: праз наяўныя базы, размовы, рэкамэндацыі. Асобную праверку праводзіць ByPol. І калі ёсьць хоць мінімальнае падазрэньне, то чалавек ня трапіць у офіс», — кажа Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Ціханоўская хацела сказаць Макею. Франак Вячорка расказаў пра візыт на Генасамблею ААНШто пасьля гэтай гісторыі стала з Даніілам Багдановічам?
Сам Данііл Багдановіч праігнараваў усе спробы Свабоды зь ім пагаварыць: мы пісалі актывісту адразу на некалькі ягоных тэлеграм-акаўнтаў, але адказу так і не дачакаліся.
Менавіта Багдановіч «вэрыфікоўваў» Артура, перад тым як прыняць у каманду «Чорнай кнігі Беларусі», і менавіта зь ім супрацоўнік ГУБАЗіКу меў найбольш размоваў.
«Ніякага пакараньня ён не панёс. Больш за тое, я ведаю, што Данііл казаў пра тое, што ня будзе ні ў чым прызнавацца сам, пакуль сытуацыя ня выйдзе ў публічную прастору», — кажа Яніна Сазановіч.
Саша Раманава не адказала на пытаньне, якія высновы былі зробленыя з сытуацыі для Багдановіча. Вядома, што Данііл застаецца часткай «Інфапойнта». Ці мае ён цяпер дачыненьне да «Чорнай кнігі Беларусі», невядома.
«Данііл Багдановіч — моладзевы актывіст, блогер. Ён не зьяўляўся ніколі супрацоўнікам Офісу, займаўся тэлеграм-каналамі. Думаю, што правяраў яго ByPol, і, здаецца, падставаў яму не давяраць не было», — кажа Франак Вячорка.
Сама Яніна Сазановіч зьявілася ў праекце «Чорная кніга Беларусі» пазьней за Багдановіча, таму кажа, што ня ведае, як менавіта ён прыйшоў у праект.
«Яшчэ магу сказаць, што факты стасаваньня Данііла Багдановіча з Артурам Гайко былі засьведчаныя і пасьля выкрыцьця апошняга. Я дакладна ведаю, што дзесьці ў сакавіку 2022 году Данііл напісаў у чат, што, маўляў, ха-ха, Артур мне напісаў у Discord, адзінае месца, дзе яшчэ не заблякаваў, што яго жонка цяжарная і яны хочуць назваць сына Даніілам. Але ёсьць людзі, якія кажуць, што Багдановіч прызнаваўся ім, што Артур віншаваў Данііла з Новым годам у Discord. І такіх нестыковак вельмі шмат», — кажа Яніна.
Мы ўжо пісалі вышэй, што Данііл Багдановіч праігнараваў пытаньне, навошта ён працягваў стасавацца з супрацоўнікам ГУБАЗіКу пасьля яго раскрыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК анансаваў завочныя суды над «Вясной», Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, Nexta і іншымі арганізацыямі і людзьміЯкія з гэтага зрабілі высновы?
«Мне сорамна, што толькі цяпер гэта выйшла. Я дзіка выбачаюся, мне трэба стаяць на каленях, што я не прыйшла раней ні ў якія мэдыя», — кажа Яніна Сазановіч.
Аляксандар Азараў з ByPol кажа, што такая сытуацыя стала магчымай праз тое, што ў новапаўсталых арганізацыях у 2020 годзе былі цывільныя грамадзяне, якія мала што разумелі ў пытаньнях бясьпекі.
«Тады ніякай вэрыфікацыі не было — гэта цяпер мы можам праверыць каго хочаш. Цяпер ужо немагчыма ўявіць, каб супрацоўнік ГУБАЗіКу ці іншай структуры трапіў у такія арганізацыі», — кажа Азараў.
Ён заўважае што Артур дасылаў дадзеныя проста зь міліцэйскай базы, а ня банкаўскай, і калі б любы экс-супрацоўнік МУС зірнуў на гэта, то адразу б убачыў нестыкоўку. Але тады такіх у камандзе не было.
«Я лічу гэта нашым сорамам, і мы робім усё магчымае, каб гэта не паўтарылася. Але камэнтаваць лічу некарэктным», — адказала Саша Раманава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol: У «харугвы» ў Польшчы ў першы дзень запісаліся 800 чалавек