Такія танкі не стаяць на ўзбраеньні ў Беларусі, асноўны баявы танк беларускіх Узброоеных сіл — Т-72Б. Блогеры выказалі здагадку, што рэжым Лукашэнкі мог пачаць перадачу Расеі цяжкой бранятэхнікі, зьнятай з захоўваньня.
Што кажуць экспэрты
Свабода зьвязалася з вайсковым экспэртам, які шмат гадоў аналізуе становішча беларускага войска (мы не называем яго імя з мэтаў бясьпекі). Ён кажа, што зьяўленьне эшалёна ў Воршы — гэта частка працэсу разгортваньня сумеснай расейска-беларускай групоўкі Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Таму гэтыя танкі «могуць быць расейскімі, яны разьмяшчаюцца ў Беларусі ў межах агульнай групоўкі».
«Рэгіянальная групоўка войскаў» — гэта «разьмешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы ў рэгіёне для адбіцьця магчымай агрэсіі органы кіраваньня і войскі УС РБ і УС РФ».
Гэтае разгортваньне сумеснай групоўкі адбываецца ў межах старога пагадненьня паміж Беларусьсю і Расеяй, дамовы ў межах Саюзнай дзяржавы. У 2021 годзе Беларусь і Расея падпісалі абноўленую вайсковую дактрыну, дзе прапісалі больш фактараў для разгортваньня такой групоўкі. Сутнасьць пагадненьня — сумесная групоўка разгортваецца ў Беларусі для ўзмацненьня беларускага войска.
«Лукашэнка вырашыў, што ёсьць пагроза, таму запусьцілі гэты мэханізм. Такі сцэнар адпрацоўваецца на вучэньнях „Захад“. У дадзеным выпадку войскі прыбываюць і будуць тут знаходзіцца нявызначаны час. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэтая групоўка павінна быць толькі абарончай. Фармальна гэтая групоўка — толькі для абароны Беларусі», — кажа экспэрт.
Глядзім, што наогул ёсьць на ўзбраеньні ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Хрэнін зьвярнуўся да літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў: «Не правакуйце нас»Танкі, артылерыя, авіяцыя
Зьвесткі пра колькасьць тэхнікі на ўзбраеньні беларускага войска публікуе Global Firepower — гэта рэйтынг узброеных сілаў 142 краін сьвету. Сьвежыя дадзеныя датуюцца 2022 годам.
Паводле іх, Беларусь мае:
- 601 танк
- 1510 бронетранспартэраў
- 482 самаходныя гарматы
- 228 установак буксіраванай артылерыі
- 238 ракетных установак
Асноўны танк на ўзбраеньні Беларусі — гэта танк Т-72Б, яшчэ савецкая распрацоўка. Танк мае гладкаствольную гармату, умяшчае экіпаж з трох чалавек. Гэта вельмі старыя танкі. Паводле экспэртаў, мадэрнізаваць зь іх пасьпелі каля 20 штук.
З авіяцыі Беларусь мае:
- 38 адзінак зьнішчальнікаў/перахопнікаў
- 69 верталётаў
- 21 ударны верталёт
- 4 транспартныя самалёты
«Усё „жалеза“ ў беларускім войску савецкае, толькі малую частку пасьпелі мадэрнізаваць», — кажуць экспэрты.
Ці ёсьць у беларускім войску нешта новае?
Сыстэма залпавага агню «Палянэз» — гэта адна з новых распрацовак беларускага ваенпраму. Мае дальнасьць стральбы да 300 кілямэтраў, у Беларусі такіх установак каля 15 штук.
Таксама Беларусь некаторы час мадэрнізуе сродкі ПВА, гэта, напрыклад, камплекты «Бук», «Аса» і «Страла».
Таксама Беларусь мадэрнізавала рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град».
«Асаблівыя посьпехі ў беларускага ваенпраму — у сродках радыёэлектроннай барацьбы, гэта сродкі, якія могуць садзіць бесьпілётнікі, а таксама сродкі радыёлякацыі», — кажа экспэрт.
Што да дапамогі расейцам, то «наўрад ці Беларусь нечым можа дапамагчы ў пляне баявой тэхнікі, хіба толькі снарадамі», — мяркуе суразмоўца Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «рэгіянальная групоўка войскаў» Беларусі і Расеі, аб разгортваньні якой заявіў Лукашэнка