Міністар лясной гаспадаркі Беларусі: Эўропа замярзае, але ня хоча браць беларускае паліва

Ілюстрацыйнае фота

У эфіры дзяржаўнай тэлевізіі міністар панаракаў на тое, што Эўропа адмаўляецца ад гандлю зь Беларусьсю нібыта цаной уласнага камфорту. Але запэўніў, што Беларусь знайшла іншыя рынкі збыту.

Эўропа ня хоча браць беларускае паліва, пэлеты, заявіў міністар лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТБ.

«Мы пабудавалі 15 пэлетных вытворчасьцяў, якія ўжо тады практычна выйшлі на сваю вытворчую магутнасьць. Тут мы цяпер працуем. У жніўні быў правал. Таму што гэта паліва, трэба было знайсьці спажыўцоў новых, калі Эўропа замярзае, але ня хоча. Гэта сапраўды так. Замярзаюць, але ня хочуць браць нашае паліва, якое знаходзіцца літаральна ад іх, калі браць Польшчу, краіны Балтыі, на адлегласьці 100–200 кілямэтраў», — сказаў чыноўнік, не патлумачыўшы, чаму Эўропа, на ягоную думку, у сярэдзіне восені замярзае.

Але Беларусь, па словах Куліка, знайшла іншыя рынкі.

«Гэта, як той казаў, іхныя праблемы. Мы з магчымых 25 тысяч тон у месяц, што можам адгружаць, знайшлі іншыя рынкі збыту. Каля 5,5 тысячы тон мы ўжо па верасьні адгрузілі. Думаю, чым бліжэй будзе зіма, гэтае пытаньне будзе вырашацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з колкай дроваў, якую зладзіў Лукашэнка? Тлумачыць вясковец зь Нясьвіскага раёну

Па піламатэрыялах пытаньне практычна зьнятае, заявіў міністар. У жніўні-верасьні адноўлены дасанкцыйныя аб’ёмы.

«Так, ня тая маржынальнасьць; можа, рэнтабэльнасьць меншая, але для нас важна, каб працавалі нашы дрэваапрацоўчыя вытворчасьці, яны разьмешчаны — 90% — у сельскай мясцовасьці. Таму гэтая задача выканана, людзі атрымліваюць заробак, і прадукцыя вырабляецца», — паведаміў Кулік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба чакаць месяцамі». Лукашэнка абяцае сагрэць Польшчу, але ці проста беларусам нарыхтаваць дровы на зіму?