Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 7 кастрычніка на літоўска-беларускім памежжы разьвярнулі 63 мігрантаў. Са студзеня 2022 году ў Літве ўжо зафіксавалі 8 927 спробаў нелегальнага пераходу мяжы.
Літоўскае ведамства са спасылкай на калег зь Дзяржаўнай пагранічнай аховы Латвіі таксама адзначыла, што ў папярэдні дзень было задакумэнтавана 17 спробаў незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.
Памежная ахова Польшчы паведаміла, што за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 107 замежнікаў. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі затрымалі грамадзяніна Расеі і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так нельга з суседзямі». Рэпартаж зь літоўска-беларускай мяжы. ВІДЭАПамежны камітэт Беларусі зноў заяўляе, што на мяжы зь Літвой знайшлі мігранта без прытомнасьці
Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі заявіла, што ў Браслаўскім раёне 7 кастрычніка памежны нарад знайшоў іншаземца, імаверна, грамадзяніна Бангладэш, у «непрытомным стане зь відавочнымі прыкметамі пераахаладжэньня», яго шпіталізавалі ў рэанімацыю. Ведамства сьцьвярджае, што «па словах замежніка, літоўскія сілавікі выцесьнілі яго ў Беларусь».
1 кастрычніка Памежны камітэт заявіў, што на беларуска-літоўскай мяжы знайшлі замежніка-нелегала з Нэпалу з ранамі, абмаражэньнем і ў непрытомным стане, а 2 кастрычніка — мёртвага мігранта.
У Літве паведамленьне беларускага ведамства пакуль не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра труп мігранта каля польскай мяжыМіграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня вырашыла не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, замежнікі пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
Да пачатку вайны ва Ўкраіне плынь мігрантаў істотна скарацілася, але праз нейкі час зноў пачала расьці.
Улады Літвы і Польшчы ўскладаюць адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады. 7 верасьня Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту ў сувязі зь «неаднаразовымі выпадкамі наўмыснага пашкоджаньня фізычнай агароджы (ахоўнага плота і калючага дроту) на літоўскай дзяржаўнай мяжы». Беларускія ўлады ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі апублікавалі відэа, на якім беларускія службы дапамагаюць мігрантам перасекчы мяжу ЭЗ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуска-польскай мяжы качуе каля 800 уцекачоў, — Gazeta Wyborcza