«Вайны не было б, калі б Расея і Беларусь былі дэмакратычнымі». Ва Ўкраіне адрэагавалі на Нобэля прадстаўнікам трох краін

Экспэрт Цэнтру грамадзянскіх свабодаў, праваабаронца Ўладзімір Яворскі, якога летась дэпартавалі зь Беларусі, павіншаваў калег з праваабарончых арганізацый «Вясна» і «Мэмарыял» з узнагароджаньнем Нобэлеўскай прэміяй міру.

«Для мяне стала нечакана, што мой Цэнтар грамадзянскіх свабодаў стаў адным з трох ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. Я таксама вітаю Алеся Бяляцкага і расейскі цэнтар „Мэмарыял“ з узнагародай», — напісаў Уладзімір Яворскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Украінскі праваабаронца падкрэсьліў, што не падтрымлівае меркаваньняў аб тым, што Нобэлеўскі камітэт такім чынам спрабуе аб’яднаць Беларусь, Расею і Ўкраіну ў адзін народ ці памірыць усіх.

«Тут мова зусім аб іншым. Мова аб тым, што калі б Расея і Беларусь былі дэмакратыямі з выкананьнем правоў чалавека, то вайны, хутчэй за ўсё, не было б», — мяркуе Ўладзімір Яворскі.

Уладзіміра Яворскага, грамадзяніна Ўкраіны, у пачатку красавіка 2021-га выслалі зь Беларусі. На зборы яму далі 48 гадзін. Ён выехаў разам зь 9-гадовым сынам. Супраць ягонай жонкі, кіраўніцы праваабарончай арганізацыі «Зьвяно» Тацяны Гацуры-Яворскай, грамадзянкі Беларусі, завялі крымінальную справу. Але пазьней яна выехала ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суду яшчэ не было, а пакараньне ўжо адбываецца». Арганізацыі, якая праводзіла выставу пра мэдыкаў, пагражае закрыцьцё

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, які ачольвае дэпутацкую групу ў парлямэнце «За дэмакратычную Беларусь», напісаў у сваім тэлеграм-канале, што пазнаёміўся з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім яшчэ ў жніўні 2020 году.

«Цяпер Алесь за кратамі, дзе з-за надуманых абвінавачаньня знаходзіцца больш за год. Злачынец Лукашэнка на свабодзе, ляўрэат Бяляцкі — у турме. Звычайна мае быць наадварот. Таму рэжым Лукашэнкі трэба зносіць пад корань, палітвязьні — на свабоду, а ўсе датычныя да гэтага трэшу — на іх месцах, па камэрах», — перакананы Аляксей Ганчарэнка.

Кіраўніца Цэнтру грамадзянскіх свабодаў Аляксандра Матвійчук паведаміла, што з радасьцю даведалася аб узнагароджаньні сваёй арганізацыі Нобэлеўскай прэміяй «разам з сябрамі і партнэрамі з «Мэмарыялу» і «Вясны».

Міхайла Падаляк, дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны мяркуе, што «у Нобэлеўскага камітэту адназначна цікавае разуменьнем слова «мір», прэмію атрымліваюць прадстаўнікі трох краін, якія напалі на трэцюю».

«Ні расейскія, ні беларускія арганізацыі так і не змаглі арганізаваць супраціў гэтай вайне. Нобэль сёлета проста «супэр»», – напісаў Міхайла Падаляк на сваёй старонцы ў Twitter.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы плакалі ад шчасьця і скакалі» — беларускія праваабаронцы пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся Бяляцкага