Натальля Пінчук сказала ў інтэрвію Свабодзе:
«Я толькі што, будучы ў дарозе, даведалася пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся. Мяне перапаўняюць эмоцыі, трэба сабрацца з думкамі. Але перш за ўсё я выказваю вялізную ўдзячнасьць Нобэлеўскаму камітэту і сусьветнай супольнасьці за прызнаньне працы Алеся, яго паплечнікаў і яго арганізацыі».
Натальля Пінчук сказала, што лісты ад Алеся Бяляцкага зь СІЗА прыходзяць, але ў іх няма дэталяў пра ягонае жыцьцё ў зьняволеньні:
«У лістах да мяне Алесь заўсёды піша, што ўсё ў яго нармальна, не скардзіцца на здароўе, стараецца мяне расстройваць. 4 кастрычніка ад яго быў апошні ліст, сярод іншага ён пісаў пісаў у ім пра свой 60-гадовы юбілей, які сустрэў за кратамі 25 верасьня:
«Дзіўны юбілей, ціхі і спакойны, нешта на юбілеі мне мне не шанцуе. Ня верыцца, што мне 60 год, здаецца, гэта не мне, а камусьці іншаму, — напісаў ён. Алесь меў на ўвазе што і свае 50 год ён сустрэў у турме.
У менскім СІЗА знаходзіцца ўжо больш года, з чэрвеня 2021 года. На якой стадыі сьледзтва мне нічога не вядома. Гэта таямніца, адвакаты пад падпіскай аб неразгалошваньні і нічога мне ня кажуць, спаткаваньняў мне не давалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маральны аўтарытэт, чые каштоўнасьці бясспрэчныя». Што трэба ведаць пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся БяляцкагаПерасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.