У інтэрвію Радыё Свабода яна заявіла, што грамадзяне Зьвязу мусяць разумець, што «цана, якую яны плацяць за дэмакратыю, павінна заставацца нязьменна аплачанай».
Мэтсала, якая размаўляла з Радыё Свабода ў кулюарах саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці 6 кастрычніка ў Празе, сказала, што ўплыў уведзеных да гэтага часу санкцыяў пачынае адчувацца, і могуць быць распрацаваныя новыя пакеты.
«Калі вы спытаеце Эўрапейскі Парлямэнт, то заўсёды можа быць больш санкцыяў. Заўсёды можа быць больш людзей, уключаных у санкцыйны сьпіс», — сказала яна.
Яна зазначыла, што санкцыі «пачалі кусацца», і дадала:
«Ці дастаткова іх, каб перамагчы [прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра] Пуціна? Ці дастаткова іх, каб пераканацца, што асяродзьдзе пуцінскага рэжыму сапраўды іх адчуе? Я сказала б, што нам трэба рабіць больш».
Восьмы пакет санкцыяў ЭЗ супраць Расеі ў сувязі зь яе вайной ва Ўкраіне быў афіцыйна прыняты 6 кастрычніка пасьля канчатковага ўхваленьня днём раней.
Пакет, які ня меў пярэчаньняў з боку 27 чальцоў ЭЗ, закліканы пазбавіць Маскву даходаў ад продажу тавараў, якія, паводле ЭЗ, прыносяць Расеі мільярды эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры 44 краін у Празе абмяркоўваюць «новы парадак без Расеі»Мэтсала, мальтыйскі палітык, якая ад студзеня старшынюе ў Эўрапейскім Парлямэнце, прызнала, што ёсьць асьцярогі наконт таго, як доўга грамадзяне ЭЗ будуць гатовыя трываць самыя жорсткія захады пры рэзкім росьце цэнаў на энэрганосьбіты і інфляцыі, але важна, каб не наступіла «стома ад Украіны».
Паводле Рабэрты Мэтсалы, нядаўнія фікцыйныя рэфэрэндумы, арганізаваныя Расеяй на чатырох акупаваных тэрыторыях, у спалучэньні з «панічнай» вайсковай мабілізацыяй Пуціна далі супрацьлеглы эфэкт.
«Ня думаю, што стомленасьць ужо надышла», — дадала яна, адзначыўшы, што Эўропа прыняла 7 мільёнаў украінцаў, якія ўцяклі ад вайны.
Мэтсала таксама выказала занепакоенасьць наконт «прагалаў» у стасаваньні санкцыяў, асабліва ў пэўных краінах, якія хацелі б далучыцца да Эўразьвязу або на шляху да ўступленьня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.