Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што мірная дамова з Армэніяй можа быць падпісаная да канца 2022 году.
«Калі армянскі бок будзе мець волю, то мірная дамова можа быць падпісаная да канца гэтага году. Час ідзе. Хоць першая сустрэча кіраўнікоў МЗС не прынесла посьпеху, лічу, што гэта пазытыўны крок. Думаю, што калі найбліжэйшым часам будзе прынята рашэньне, калі бакі пачнуць працаваць над тэкстам мірнай дамовы ў рамках працоўных групаў, то да канца года мы можам выйсьці на дамоўленасьці», — сказаў Аліеў.
Ён сьцьвярджае, што ані Армэнія, ані ЭЗ ня маюць пытаньняў да пяці асноўных прынцыпаў мірнай дамовы, прапанаваных Азэрбайджанам.
«Гэта натуральна, бо мы нічога новага не вынаходзім. Гэта прынцыпы, на якіх грунтуюцца краіны, якія жадаюць нармалізаваць адносіны», — дадаў прэзыдэнт Азэрбайджану.
У верасьнёўскім абвастрэньні канфлікту паміж Армэніяй і Азэрбайджанам загінулі больш за 200 чалавек: у Ерэване прызналі гібель 135 сваіх вайскоўцаў, а ў Баку расказалі пра сьмерць 77 азэрбайджанскіх вайскоўцаў. Гэта самая сур’ёзная эскаляцыя за апошнія два гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт патлумачыў, чаму Расея і АДКБ не заступіліся за Армэнію ў яе збройным канфлікце з Азэрбайджанам