Падчас нарады з чыноўнікамі, адказнымі за эканоміку, Лукашэнка раскрытыкаваў іх за інфляцыю, якая вырасла да 18% у гадавым вымярэньні.
«З 6 чысла [кастрычніка] забараняецца ўсякі рост цэнаў. За-ба-ра-ня-ецца! Зь сёньняшняга дня. Ня з заўтрашняга дня, а зь сёньняшняга. Каб за суткі не накруцілі цэны. І крый божа хтосьці па бухгальтэрыі правядзе задняй датай нешта, нейкія разьлікі, пераразьлікі», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка забараніў падвышаць цэны. Але з выключэньняміТаксама ён прыгразіў чыноўнікам і бізнэсоўцам, каб «ніводная крама не закрылася».
«Ня дай бог, нейкая крама сыдзе або яна будзе закрытая, нейкая кантора, забягалаўка і іншыя. Ня дай бог, яны сыдуць з рынку. Вы за гэта адкажаце», — сказаў ён.
Глядзім, ці магчыма такое.
«Гэта ня можа спрацаваць»
На думку акадэмічнай дырэктаркі Beroc Кацярыны Барнуковай, «тэхнічна гэта немагчыма забясьпечыць».
«Апошнія два гады — гэта доказ таго, што адміністратыўнае рэгуляваньне цэнаў не дапамагае, калі гэтыя тавары дзяржава ня робіць сама. Дзяржава можа забараніць расьці цэнам на камуналку і пакрываць страты са сваёй кішэні. Аднак дзяржава ня можа забараніць вытворцам павышаць цэны ў гандлі, бо тады гандаль пачынае выкарыстоўваць спосабы абысьці гэтыя абмежаваньні. Калі цэны зафіксаваць, а падстава для іх росту ёсьць, то ў вытворцы ці ў прадаўца два шляхі: або не прадаваць зусім, або шукаць шляхі абыйсьці. Адсюль два вынікі — або рост цэнаў усё адно ёсьць, або ёсьць дэфіцыт», — кажа Кацярына Барнукова.
Яна прыводзіць прыклад, што калі ўзьнікае дэфіцыт, то ўлады адкочваюць сваё рашэньне і цэны ўсё адно растуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год у Беларусі купля новых легкавікоў зьменшылася ў 10 разоў«Будзе чорны рынак, бартэрныя стасункі»
Забарона на рост цэнаў можа прывесьці да гіпэрынфляцыі, а таксама да стварэньня чорнага рынку. Пра гэта гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук.
«Наступствы такой забароны — чорны рынак і адсутнасьць магчымасьці арганізаваць вытворчасьць. Будзе значна больш бартэру ў эканоміцы. Мы ўжо бачылі, калі Лукашэнка спрабаваў забараніць рост цэнаў на нейкія тавары, яны яго не паслухаліся. Калі гэта будзе спалучана з уключэньнем друкарскага станка, то будзе гіпэрынфляцыя. Мяркую, што гэтая заява якраз і спалучана з жаданьнем уключыць друкарскі станок. Будзе як у СССР — усё з-пад крамы, з пад крыса. Гэта апошняя стадыя развалу рынкавай эканомікі. Далей могуць забараніць карыстацца далярамі, каб рабіць попыт на рублі», — гаворыць Яраслаў Раманчук.
У верасьні Свабода замярала рост цэнаў з пачатку году: бульба падаражэла на 65%, буракі і морква — утрая, цыбуля — на 60%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мабілізуйце ўсіх». Лукашэнка загадаў залучыць школьнікаў і студэнтаў да ўборкі ўраджаю