«З 6 чысла (кастрычніка) забараняецца ўсякі рост цэн. Забараняецца! Ад сёньняшняга дня. Ня з заўтрашняга дня, а зь сёньняшняга. Каб за суткі не накруцілі цэны. Таму зь сёньняшняга дня рост цэн забараняецца», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блёкам ураду.
Лукашэнка патлумачыў сваё рашэньне тым, што ў Беларусі ўзьніклі «запредельные» цэны. «Яны ўперліся ў столь. Далей цэны падвышаць нідзе нельга. Няма неабходнасьці. Але бываюць выключэньні. І гэтыя выключэньні пад кантролем міністра і губэрнатараў. Усё», — заявіў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, каб на гэтым тле ніякія кампаніі не сыходзілі з рынку. «Ня дай бог нейкая крама сыдзе ці яна будзе зачыненая, нейкая кантора, забягалаўка і іншыя... Вы за гэта адкажаце», — сказаў Лукашэнка ўрадавым чыноўнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе чорны рынак». Ці можа дзяржава забараніць цэнам расьці? РазьбіраемсяПа выніках нарады ў Лукашэнкі прэм’ер-міністар падпісаў адпаведную пастанову, якая ўводзіць мараторый на павышэньне цэнаў (тарыфаў) на ўнутраным рынку.
Адначасова Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў, што пачынае «маштабныя маніторынгі» цэнаў у гандлёвых аб'ектах, якія «зь сёньняшняга дня не павінны падвышацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мабілізуйце ўсіх». Лукашэнка загадаў залучыць школьнікаў і студэнтаў да ўборкі ўраджаюПадчас нарады Лукашэнка паведаміў, што за першыя восем месяцаў 2022 году інфляцыя ў Беларусі перавысіла 13%, а да канца году ўрад чакае інфляцыі на ўзроўні 19%. Ён паставіў ураду і Нацбанку задачу зьнізіць узровень інфляцыі да 7–8 % да 2023 году.
- Інфляцыя ў Беларусі ў студзені-жніўні 2022 году, паводле Белстату, склала 13,8%. Гадавая інфляцыя ў Беларусі (са жніўня 2021 па жнівень 2022-га) склала 17,9%.
Лукашэнка таксама лічыць недастатковымі намаганьні Нацбанку па стрымліваньні курсу беларускага рубля. Нацыянальны банк «адыгрывае не апошнюю ролю» ў пытаньні цэнаўтварэньня, заявіў Лукашэнка.
«Курсавы фактар цісьне на цану тавараў, якія мы вымушаны імпартаваць. Дык рэгулюйце, — запатрабаваў Лукашэнка. — Павінна быць уведзеная адказнасьць за абгрунтаванасьць цэнаў імпарту і наладжаная сыстэма [кантролю]. І гэтая сыстэма павінна быць падкантрольная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці разгоняць уцекачы-расейцы інфляцыю ў Беларусі? Разьбіраемся