Такаева вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты. Будуць выбіраць на 7 гадоў, але на адзін тэрмін

Касым-Жамарт Такаеў

Старшыня партыі «Аманат», якая кіруе ў Казахстане, прапанаваў вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты дзейнага кіраўніка дзяржавы Касым-Жамарта Такаева, перадае казаская служба Радыё Свабода.

«Мы не павінны вяртацца ў мінулае. Маштабныя зьмены павінны мець свой законны працяг. А для дасягненьня вялікай мэты і ідэалаў, якія стаяць перад дзяржавай, нам патрэбен годны лідэр», — сказаў старшыня партыі Кашанаў на зьезьдзе партыі, прапаноўваючы кандыдатуру Такаева.

Дэлегаты аднагалосна падтрымалі кандыдатуру Такаева.

Першага верасьня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў аб'явіў аб датэрміновых выбарах. Яны былі прызначаныя на 20 лістапада. Таксама ён падпісаў папраўкі да Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, ужо пачынаючы з гэтага году, выбіраць прэзыдэнта тэрмінам на 7 гадоў.

Цяпер на пасаду прэзыдэнта вылучыліся некалькі кандыдатаў: Жыгулі Дайрабаеў ад партыі «Аўыл», Нурлан Эўесбаеў ад партыі Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі, Мейрам Кажыкен ад садружнасьці прафсаюзаў «Аманат». У прэзыдэнты Казахстану таксама спрабавала балятавацца грамадзянка Польшчы (ураджэнка Казахстану Балжан Наўрызбаева) Балі Мажэц. Яна некалькі разоў падавала ў ЦВК дакумэнты, але ёй адмовілі ў рэгістрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан працягвае пазбаўляцца спадчыны Назарбаева: скасавалі дзяржаўнае сьвята ў ягоны гонар

Казахстан паступова дыстанцуецца ад Расеі.

  • Улады Казахстану вырашылі адысьці ад кірыліцы і перайсьці на лацінскі альфабэт.
  • Такаеў заявіў, што Казахстан не зьбіраецца далучацца да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.
  • Паводле закону, уся зьнешняя рэкляма павінна быць па-казаску.
  • Першаклясьнікі цалкам вучацца на казаскай мове.
  • Казахстан заявіў, што ня будзе дапамагаць Расеі абыходзіць эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі.
  • Вайну ва Ўкраіне называюць «вайной».
  • У чэрвені Такаеў заявіў, што ягоная краіна наўрад ці прызнае ДНР і ЛНР, і назваў іх «квазідзяржавамі».
  • Казахстан заявіў, што ня будзе выдаваць Расеі ўцекачоў ад мабілізацыі.