Ляўрэатаў прэміі міру назвалі ў Осла 7 кастрычніка. Прызавы фонд за гэтую намінацыю, як і за іншыя, складзе дзесяць мільёнаў швэдзкіх крон (каля $900 тысяч).
Адносна Алеся Бяляцкага, Нобэлеўскі камітэт адзначыў:
«Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзьнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысьвяціў сваё жыцьцё прасоўваньню дэмакратыі і мірнага разьвіцьця ў сваёй краіне. Сярод іншага, ён заснаваў арганізацыю „Вясна“ ў 1996 годзе ў адказ на спрэчныя канстытуцыйныя папраўкі, якія далі прэзыдэнту дыктатарскія паўнамоцтвы і выклікалі масавыя дэманстрацыі. „Вясна“ аказала падтрымку зьняволеным дэманстрантам і іх сем’ям. У наступныя гады „Вясна“ ператварылася ў праваабарончую арганізацыю шырокага профілю, якая дакумэнтавала і пратэставала супраць ужываньня ўладамі катаваньняў у дачыненьні да палітвязьняў.
Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць. З 2011 па 2014 гады ён знаходзіўся ў зьняволеньні. Пасьля масавых дэманстрацый супраць рэжыму ў 2020 годзе яго зноў арыштавалі. Ён дагэтуль знаходзіцца пад вартай без суду. Нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасьці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантымэтар у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».
Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зь ліпеня 2021 году разам з паплечнікамі застаецца за кратамі. Агулам шасьцёра вясноўцаў у турме: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Леанід Судаленка, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы плакалі ад шчасьця і скакалі» — беларускія праваабаронцы пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся БяляцкагаКіраўніца Нобэлеўскага камітэту ў Осла заявіла, што камітэт гэтай узнагародай зьвяртаецца да ўладаў Беларусі з заклікам вызваліць Алеся Бяляцкага:
«Мы заклікаем улады Беларусі вызваліць спадара Бяляцкага; мы спадзяемся, гэта здарыцца і ён здолее прыехаць у Осла і атрымаць прэмію. Але ў Беларусі тысячы палітычных вязьняў, і я баюся, што маё жаданьне ня вельмі рэалістычнае. Але я заклікаю вызваліць яго», — сказала прадстаўніца Нобэлеўскага камітэту ў Осла.
Было таксама падкрэсьлена, што гэта ўзнагарода для грамадзянскіх спольнасьцяў трох суседніх краін. Дзьве з гэтых краін, Беларусь і Расея, прадстаўленыя рэпрэсіўнымі рэжымамі, а Ўкраіна цяпер зь імі змагаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маральны аўтарытэт, чые каштоўнасьці бясспрэчныя». Што трэба ведаць пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся БяляцкагаЖонка Бяляцкага падзякавала Нобэлеўскаму камітэту за прызнаньне
Натальля Пінчук, жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага, дала камэнтар Свабодзе з нагоды Нобэлеўскай прэміі міру для яе мужа.
«Я толькі што, будучы ў дарозе, даведалася пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся. Мяне перапаўняюць эмоцыі, трэба сабрацца з думкамі. Але перш за ўсё я выказваю вялізную ўдзячнасьць Нобэлеўскаму камітэту і сусьветнай супольнасьці за прызнаньне працы Алеся, яго паплечнікаў і яго арганізацыі», — сказала Натальля Пінчук.
Паводле яе, лісты ад Алеся Бяляцкага зь СІЗА прыходзяць, але ў іх няма дэталяў пра ягонае жыцьцё ў зьняволеньні.
Чытайце падрабязна: Жонка Бяляцкага падзякавала Нобэлеўскаму камітэту за прызнаньне і расказала, што муж піша з турмыАлексіевіч: «Што зробіць зь ім улада, цяжка ўявіць»
«Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія», — сказала Тэлеграм-каналу «Позірк. Навіны пра Беларусь» ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.
«Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім „Вясна“, — гэта ў ягоным духу, у ягонай філязофіі. Я вельмі радая», — заявіла нобэлеўская ляўрэатка.
Сьвятлана Алексіевіч сумняваецца, што пасьля гэтага Бяляцкага выпусьцяць з турмы.
«Што зробіць зь ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек ня можа быць у турме — гэта прыніжэньне і народу, і самой улады, калі яна гэта разумее», — падкрэсьліла Сьвятлана Алексіевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: Алесь Бяляцкі для беларускай барацьбы — міталягічная фігураЦіханоўская: «Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў»
«Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ува ўсім сьвеце. Цяпер у Беларусі ёсьць яшчэ адзін Нобэлеўскі ляўрэат — які супрацьстаіць дыктатуры і вайне», — адзначыла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае за іх ахвяравацца». 10 цытатаў Алеся Бяляцкага на Свабодзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца, беларус, літаратар. Фотажыцьцяпіс Алеся Бяляцкага
Якія арганізацыі атрымалі разам з Алесем Бяляцкім Нобэлеўскую прэмію міру
«Цэнтар грамадзкіх свабодаў» быў створаны ва Ўкраіне ў 2007 годзе для прасоўваньня каштоўнасьцяў правоў чалавека. У 2020 годзе цэнтар далучыўся да глябальнай кампаніі #BelarusWatch, у межах якой валянтэры з розных краіны займаліся зборам і дакумэнтацыяй парушэньня правоў чалавека ў Беларусі з пачатку масавых акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
«Цэнтар грамадзкіх свабодаў» у 2020-2021 гадах правёў шэраг супольных зь беларускімі актывістамі акцый каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне, у тым ліку «Гусь за Беларусь» і «Абаронім беларускіх дзяцей ад рэпрэсій».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гусь за Беларусь». Украінскія і беларускія актывісты правялі флэшмоб у Кіеве каля амбасады Беларусі. ФОТАПрадстаўнікі арганізацыі далучыліся таксама да акцыі, якая праходзіла 26 жніўня 2020 году, калі нацыянальны цэнтар «Украінскі дом» у Кіеве падсьвяцілі бел-чырвона-белым на знак салідарнасьці і падтрымкі мірнага пратэсту ў Беларусі.
Цяпер актывісты арганізацыі ўдзельнічаюць у дакумэнтаваньні ваенных злачынстваў расейскай арміі ў часе яе акупацыі ўкраінскіх гарадоў і вёсак.
Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» быў створаны ў 1989 годзе. Арганызацыя фіксуе выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Расеі, праводзіць адукацыйныя праграмы і юрыдычныя кансультацыі для бежанцаў і палітвязьняў.
«Мэмарыял» быў прызнаны расейскімі ўладамі замежным агентам і ліквідаваны ў сьнежні 2021 года.
Летась Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў расейскі журналіст і праваабаронца, галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ліквідацыі міжнароднага таварыства «Мэмарыял» суд у Расеі вырашыў забараніць аднайменны праваабарончы цэнтар- Паводле запавету вучонага Альфрэда Нобэля, прэмію міру прысуджаюць людзям або арганізацыям «за ўклад у згуртаваньне народаў, барацьбу з рабствам, за скарачэньне колькасьці арміяў і разьвіцьцё сусьветных ініцыятываў». Праз пэўны час дадалі новыя крытэры: за дасягненьні ў барацьбе зь міжэтнічнымі канфліктамі ці кліматычнымі пагрозамі, а таксама за заслугі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
- У 2022 годзе на прэмію міру пададзена 343 заяўкі: 251 чалавек і 92 арганізацыі. Гэта другі па колькасьці прэтэндэнтаў на прэмію год за ўвесь час яе існаваньня.
- Абсалютны рэкорд быў у 2016 годзе, калі на Нобэлеўскую прэмію міру вылучылі 376 кандыдатаў.
- У 2021-м у сьпісе намінантаў было 329 кандыдатаў.
- Сьпіс з імёнамі застаецца таемным цягам 50 гадоў, але тыя, хто прапанаваў кандыдатуру, могуць раскрыць свой выбар.
- Імёны магчымых кандыдатаў можна даведацца і на сайтах некаторых сусьветных СМІ — напрыклад, амэрыканскага часопісу Time і міжнароднага агенцтва Reuters, а таксама на старонцы Інстытуту дасьледаваньня міру ў Осла (Peace Research Institute Oslo — PRIO). Яны складаюць свае шорт-лісты, заснаваныя на зносінах з крыніцамі, блізкімі да Нобэлеўскага камітэту, уласных ацэнках і зьвестках ад букмэйкераў.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.