У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца відэазапісы беспарадкаў у Тэгеране, Караджы, Шыразе і Ісфахане, на якіх дэманстранты скандуюць лёзунг «Сьмерць дыктатару».
Прэзыдэнт Ірану Ібрагім Раісі падчас сэсіі парлямэнту прызнаў «слабасьці і недахопы» ў краіне, але, як і духоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі, абвінаваціў у пратэстах вонкавыя сілы.
Маштаб беспарадкаў, самых працяглых за апошняе дзесяцігодзьдзе, цяжка праверыць, бо ўрад блякуе доступ да сацыяльных сетак і Інтэрнэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Ірану заклікаў да задушэньня пратэстаў, якія ахапілі краіну. Улады блякуюць інтэрнэт, але пратэсты не змаўкаюцьВідавочцы паведамлялі пра стыхійныя сходы па ўсёй краіне, якія суправаджаліся актамі непадпарадкаваньня. Напрыклад, пратэстоўцы выкрыквалі лёзунгі з дахаў дамоў, жанчыны спальвалі абавязковыя хусткі.
Студэнты-мэдыкі ўнівэрсытэту Гілан пратэставалі 4 кастрычніка супраць выкарыстаньня сіламі бясьпекі машын хуткай дапамогі для здушэньня дэманстрацый.
Пратэсты ў Іране пачаліся ў сярэдзіне верасьня пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымала паліцыя за няправільнае нашэньне хіджаба. Афіцыйныя асобы заявілі, што яна памерла ад сардэчнага прыступу, але яе сваякі і некаторыя праваабарончыя групы адпрэчылі гэтыя заявы, падкрэсьліўшы, што Аміні была пабітая падчас затрыманьня.
Паводле паведамленьняў з роднага гораду Махсы Аміні, Сакез у іранскай правінцыі Курдыстан, настаўнікі страйкуюць у школах, а студэнткі і школьніцы пратэстуюць на вуліцах.