Свабода пагутарыла з бацькамі і настаўнікамі прыватных установаў. Першыя цяпер ня ведаюць, куды аддаць дзіця вучыцца. Другія засталіся бяз працы.
Чаму закрываюць прыватныя школы
У Менску на пачатак навучальнага году, паводле камітэту адукацыі Менгарвыканкаму, было 25 прыватных устаноў адукацыі. Па зьвестках Свабоды, некаторыя прыватныя школы былі закрытыя яшчэ да 1 верасьня. Дзяржаўную акрэдытацыю, якая дае права выдаваць выпускнікам пасьведчаньні і атэстаты, пасьпяхова прайшлі толькі 13 навучальных устаноў.
Пасьля закліку Лукашэнкі «зачысьціць усё да немагчымасьці» ў прыватныя школы прыйшлі правяральнікі з камітэту адукацыі, санстанцыі, ратавальнай службы і іншых органаў.
Першая намесьніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка выступіла на канале «Беларусь-1» і заявіла, што толькі 6 з 25 прыватных устаноў адукацыі працавалі, маючы пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менгарвыканкаме заявілі, што амаль 20 прыватных школ і садкоў працавалі безь дзяржаўнай рэгістрацыіПры гэтым сэртыфікат гатоўнасьці да новага навучальнага году таксама атрымалі толькі 6 зь іх. Такім чынам, падсумавалі сталічныя ўлады, усе астатнія прыватныя школы і садкі, якія 1 верасьня арганізавалі навучаньне, зрабілі гэта, парушаючы заканадаўства.
Паводле чыноўніцы, у Менску звыш 2 тысяч дзяцей навучаліся ў прыватных школах, але на сёньня ўжо 47% зь іх перайшлі ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі.
15 верасьня ўзьніклі прэтэнзіі да прыватнай школы «Смарт скул». Там вучань стрэліў з пнэўматыкі ў твар сваёй аднаклясьніцы.
«Пачалі разьбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта паводле першай інфармацыі, яны ж на дух не ўспрымаюць беларускую дзяржаву. Гэта што, там каламуць нейкая, нейкая кляака ўтварылася антыдзяржаўная?» — абураўся на адной з нарад Лукашэнка.
На дырэктара школы завялі крымінальную справу.
Пазьней быў затрыманы дзіцячы паэт і празаік Дзьмітры Юртаеў, які выкладаў у «Смарт скул». Мужчына нібыта пакідаў абразьлівыя камэнтары ў адрас міліцыянтаў, хадзіў на «несанкцыянаваныя мерапрыемствы».
Цяпер на праўладных тэлеграм-каналах і ў аўтарскіх каналах беларускіх прапагандыстаў бадай кожны дзень зьяўляюцца допісы пра «выкрываньне ворагаў», якія працавалі ў прыватных школах.
На ўмовах ананімнасьці супрацоўнікі прыватных школ кажуць, што ўстановы былі закрытыя на падставе фармальных надуманых прычынаў. Кіраўніцтва прыватных школ ня страчвае надзею атрымаць ліцэнзіі на сваю дзейнасьць і аднавіць працу школ. Таму яны цяпер «у рэжыме цішыні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшоў час рабіць падпольныя школы». Што адбываецца зь беларускай прыватнай сярэдняй адукацыяй«Мы лёгка атрымалі пасьведчаньне аб рэгістрацыі, але напярэдадні школьнага году нас „лёгка“ закрылі»
Супрацоўніца адной з прыватных школ (цяпер яна закрытая ўладамі, — РС) на ўмовах ананімнасьці распавяла Свабодзе пра спыненьне дзейнасьці ўстановы адукацыі.
«Мы адкрывалі школу некалькі гадоў таму. Канечне, трэба было сабраць неабходныя паперы, але не скажу, што працэс быў складаны. З адкрыцьцём у нас не было праблемаў. Тым больш мы мелі вельмі добры будынак, дзе было ўсё прадугледжана для школьнага навучаньня. Нават такія патрабаваньні камісій, як „ухіл сходу прамянёў сонца ў школьную клясу“. Але новы навучальны год так і не распачаўся», — кажа Марыя (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС).
Яна кажа, што школа пасьпяхова працавала, мела ўсе ўмовы для навучаньня і адпачынку дзяцей. Гэта, паводле Марыі, ацанілі і адмысловыя камісіі, якія наведвалі школу.
«Яны хадзілі па нашай школе і цокалі языком, бо сапраўды ўсё адпавядала нормам. Прыйшла камісія да нас напярэдадні новага школьнага году. Хадзілі, глядзелі, усё праверылі, сказалі, што ў нас усё вельмі добра. Потым даслалі дакумэнт, што школа наша закрываецца, цалкам і назаўсёды — нібыта за парушэньні санітарных нормаў. Усё, і ніякага абскарджаньня не прадугледжана. Іншым школам далі шанец працягнуць дзейнасьць „пасьля ліквідацыі недахопаў“. Нам такога шанцу не далі. Ды і якія заганы мы маглі бы зьліквідаваць, калі іх папросту не было?» — расказвае Марыя.
Яна кажа, што перад закрыцьцём школа прайшла працэдуру перарэгістрацыі.
«Цяпер пракуратура патрабуе ў нас сьпісы вучняў, будзе праводзіць нейкія праверкі. Карацей, яшчэ нічога ня скончана», — кажа былая ўжо супрацоўніца школы.
Яна дадала, што прыватная школа мела «і чырвона-зялёны сьцяг, і партрэт Лукашэнкі, і словы дзяржаўнага гімна на ўваходзе, але гэта не дапамагло нам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля заявы Лукашэнкі аб «антыдзяржаўнай кляацы» ў прыватнай школе на яе дырэктара завялі крымінальную справу«Подла было закрываць школу пасярод чвэрці»
У жыхаркі Менску Людмілы (імя зьмененае. — РС) дачка пайшла сёлета ў першую клясу прыватнай школы. Кажа, што нават не разглядалі варыянт ісьці ў дзяржаўную школу, «асабліва пасьля падзей 2020 году».
«Дачка месяц правучылася ў прыватнай школе, асвоілася, адаптавалася. Але прыйшла праверка і школу нашу закрылі. Дачка засмуцілася, бо ў яе ў школе пачалі сябры зьяўляцца, ды ёй і падабалася вучыцца. Асабіста я лічу, што подла закрываць школу пасярод чвэрці, гэта выбівае дзяцей з каляіны. Дзеці пачалі вучыцца, прывыклі, цяпер жа іх хочуць адправіць у школы з казарменным рэжымам», — кажа маці.
Адміністрацыя школы давяла да бацькоў інфармацыю, што за некалькі гадзін камісія знайшла парушэньні «там, дзе іх не было».
«Перад новым навучальным годам школа праходзіла пераатэстацыю і парушэньняў не было», — перадае маці.
Цяпер бацькі зьбіраюцца зьяжджаць зь Беларусі. «Мы пра гэта думалі і раней, але закрыцьцё ўстановы паскорыла нашы пошукі іншай школы для дачкі, цяпер ужо ў іншай краіне», — кажа жанчына.
«Гімназію закрылі раптоўна, цяпер шукаем, куды ўладкавацца»
Аксана (імя зьмененае. — РС) адна гадуе траіх дзяцей. Старэйшыя вучацца ў гімназіі непадалёк ад дому. Малодшага ў гімназію не ўзялі.
«У нас новы мікрараён, аддзел адукацыі „перарабіў“ свае „карты“, і мы сталі прыпісаныя да іншай гімназіі, якая далёка ад дому. У выніку некалькі месяцаў было так: ранкам вязу сына ў гімназію, потым забіраю, на гэта марную тры з паловай гадзіны! Тым часам трэба старэйшых пакарміць, урокі праверыць. Вырашыла перавесьці яго на індывідуальны плян, таму запісаліся ў прыватную гімназію», — расказала Аксана.
Як шматдзетная маці яна атрымала зьніжку пры аплаце ў гімназіі — атрымлівалася 70 рублёў у месяц на індывідуальным пляне.
«Праходзілі праграму. Нас усё задавальняла. Сёлета ў нас была трэцяя кляса. І тут як гром сярод яснага неба — гімназію закрылі. Нас запрасілі прыйсьці забраць дакумэнты. Што цяпер буду рабіць? Пайду ў аддзел адукацыі, зноў буду прасіць, каб малодшага ўзялі вучыцца ў блізкую да нас гімназію, дзе старэйшыя вучацца», — кажа Аксана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 5 гадоў дактароў навук стала менш на 15%. Што лічбы сьведчаць пра навуку ў Беларусі