У Беларусі працягваецца барацьба з прыватнымі школамі. Як заявіла на тэлеканале «Беларусь-1» першая намесьніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка, 25 прыватных устаноў адукацыі працавалі ў Менску з 1 верасьня, зь іх толькі 6 мелі пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
«На пачатак навучальнага году на тэрыторыі гораду Менску разьмяшчалася 25 прыватных установаў адукацыі. Прычым дзьве зь іх — гэта дзіцячыя садкі, дзьве былі зарэгістраваныя на тэрыторыі Менскага раёну, але функцыянавалі ў нас у горадзе», — патлумачыла Барысенка.
На 1 верасьня, згодна зь яе інфармацыяй, толькі 6 прыватных установаў у Менску мелі права вучыць дзяцей.
«З 25 толькі 6 устаноў мелі пасьведчаньні аб тым, што яны могуць выдаваць дакумэнты аб адукацыі — пасьведчаньні аб акрэдытацыі», — адзначыла чыноўніца.
Пры гэтым сэртыфікат гатоўнасьці да новага навучальнага году таксама атрымалі толькі 6 зь іх. Такім чынам, падсумавалі сталічныя ўлады, усе астатнія прыватныя школы і садкі, якія 1 верасьня арганізавалі навучаньне, зрабілі гэта ў парушэньне дзейнага заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшоў час рабіць падпольныя школы». Што адбываецца зь беларускай прыватнай сярэдняй адукацыяйУ Менску больш за 2 тысячы дзяцей навучаліся ў прыватных школах, але на сёньня ўжо 47% перайшлі ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі.
Мяркуючы па сюжэце, іншыя бацькі не здаюцца, піша Zerkalo. На дзяржаўнай тэлевізіі падкрэсьлілі, што навучаць дыстанцыйна ні прыватныя, ні дзяржаўныя школы ня маюць права.
«Намецілася яшчэ адна тэндэнцыя, калі бацькі спрабуюць аддаць сваіх дзяцей у расейскія школы, якія функцыянуюць у дыстанцыйным фармаце. Але гэта не знаходзіцца ў прававым полі, бо ў Беларусі свае адукацыйныя стандарты. Дзяцей павінны навучаць па дзяржаўных падручніках і праграмах», — гаворыцца ў сюжэце.
Перасьлед прыватных школаў
15 верасьня ўзьніклі прэтэнзіі да прыватнай школы «Смарт скул». Там вучань стрэліў з пнэўматыкі ў твар сваёй аднаклясьніцы.
«Пачалі разьбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта паводле першай інфармацыі, яны ж на дух не ўспрымаюць беларускую дзяржаву. Гэта што, там каламуць нейкая, нейкая кляака ўтварылася антыдзяржаўная? Ну 26 дзяцей. Ну што гэта за школа», — абураўся на адной з нарад Лукашэнка. І даручыў праверыць усе прыватныя школы.
На дырэктара школы Натальлю Базанаву завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 424 КК (Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля заявы Лукашэнкі аб «антыдзяржаўнай кляацы» ў прыватнай школе на яе дырэктара завялі крымінальную справу22 верасьня стала вядома, што затрымалі дзіцячага паэта і празаіка Дзьмітрыя Юртаева, які выкладаў у «Смарт скул». Мужчына нібыта пакідаў абразьлівыя камэнтары ў адрас сілавікоў, хадзіў на «несанкцыянаваныя мерапрыемствы».
На мінулым тыдні 14 прыватных школаў у Менску прыпынілі працу, бо не атрымалі сэртыфікат гатоўнасьці. Паводле інфармацыі чытачоў, такая самая сытуацыя закранула і некаторыя прыватныя навучальныя ўстановы ў Магілёве і Менскім раёне. Сярод іх школа «Эка-Эл» у Ждановічах, якая працуе з 1990-х.
Савет Рэспублікі напярэдадні прыняў праект закону «Аб ліцэнзаваньні». Калі яго падпіша Лукашэнка, школам і дашкольным установам адукацыі трэба будзе атрымліваць ліцэнзію на сваю дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-міністар адукацыі Літвы: беларускія ўлады не дазволяць аднавіць навучаньне ў літоўскай школе ў Пялесе