«А то мне тут дакладваюць, што ў нас у сярэдняй школе забаронена залучаць школьнікаў зьнімаць яблыкі ці, як раней мы займаліся, — бульба, бурак, лён і гэтак далей. Большай дзікасьці, Ігар Пятровіч, я ўявіць не магу», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка сваёй адміністрацыі.
Паводле яго, гэта будзе добрым выхаваньнем і фізычнай падрыхтоўкай школьнікаў і студэнтаў. Адпаведны відэазапіс распаўсюдзіў тэлеграм-канал «Пул первого».
«Мы неяк спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей і гэтак далей. На чым вы будзеце? Балбатнёй? Балбатнёй ня выхаваеш. Мы з вамі на бульбу езьдзілі ў верасьні, студэнты і іншае. Гэта ж аб’ядноўвае! Яны разумеюць, што гэта такое. Сёньня ёсьць прадпрымальнікі, якія гатовыя прыстойныя грошы плаціць на яблыках і гэтак далей. „Не, гэта эксплюатацыя!“ Ды якая гэта эксплюатацыя, калі чалавек пойдзе пяць-шэсьць гадзін папрацуе? І бацькам у радасьць, і дзіцяці добрая фізычная падрыхтоўка».
«Ня ведаю. Мы ўсе працавалі, і вы, напэўна. Не працавалі, а „вкалывали“... Таму, мабілізуйце студэнтаў, працоўных, дзяржаўных службоўцаў, іншых людзей, каб дапамагчы нам гэта ўбраць усё, таму што грошы прыстойныя мы можам зарабіць. Не цяпер, дык вясной. Глядзіце, каб стабілізацыйныя фонды былі, каб людзям было што есьці, каб цэны на бульбу і моркву з буракамі, якія мы вырабляем, не павялічваліся. На імпартныя тавары — мы разьбяромся па цэнах. Галоўнае, каб наша аналягічная прадукцыя кантралявалася па цэнаўтварэньні», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, у экспарце беларускіх сельскагаспадарчых культур зацікаўленыя найперш Расея і Кітай.
«Для сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў адкрыўся велізарны рынак. Мы ўсё можам прадаць у Расею, Кітай», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сьмерці «на бульбе» да ўдару аб парту. Чым заканчваліся скандалы ў адукацыіСьмерць на бульбе
29 верасьня 2016 году падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік.
23 сьнежня 2016 году кіроўцу Паўла Цыбіна асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. 12 ліпеня 2017 году настаўніцам Вользе Завадзкай і Ірыне Апанасевіч, абвінавачаным у неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі, жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і штрафы ў памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скаргу ад бацькоў школьніцы, якая загінула на сельгасработах, зарэгістравалі ў ААН