Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Уладзімеру Мацкевічу
Апэляцыю адвакатаў палітвязьня не задаволілі, паведамілі паплечнікі Мацкевіча на яго старонцы ў «Фэйсбуку». Чакаецца, што адбываць пакараньне філёзаф будзе ў Шклове.
23 чэрвеня Менскі абласны суд прыгаварыў Мацкевіча да 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Судзьдзя Сяргей Епіхаў прызнаў яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта). Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме.
Філёзафу паставілі ў віну «грубае парушэньне грамадзкага парадку» падчас пратэставай акцыі ў Менску 25 кастрычніка 2020 году.
Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020 году ён на працягу году «стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фармаваньнем», у рамках якога «вырабляў і разьмяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і плятформе „Сход“ матэрыялы, якія зьмяшчалі заведама лжывыя зьвесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама нэгатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў».
Акрамя таго, паводле вэрсіі абвінавачаньня, філёзаф абразіў Аляксандра Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 году відэароліку.
Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, тэлевядоўца, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы старшыня Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту» і член асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амністыя як дараваньне скрозь зубы. Чаму нельга чакаць ад Лукашэнкі літасьці і спагады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: анархіст Емяльянаў у калёніі працуе на ачыстцы дроту, яму далі спатканьне са сваякамі