Міністэрства замежных спраў Армэніі абвінаваціла Азэрбайджан у пакараньнях і катаваньнях ваеннапалонных і апаганеньні цел загінуўшых. Міжнароднае заканадаўства расцэньвае такія дзеяньні як ваенныя злачынствы. Ерэван анансаваў зварот у Эўрапейскі суд і Міжнародны суд ААН.
«Шэраг відэаролікаў, якія пасьлядоўна распаўсюджваюцца азэрбайджанскімі карыстальнікамі ў сацыяльных сетках, сьведчаць аб ваенных злачынствах узброеных сіл Азэрбайджану», — цытуе заяву МЗС армянская служба Радыё Свабода — Радыё Азатуцюн. У тэксьце гаворыцца, што трэба правесьці міжнароднае расьсьледаваньне сытуацыі.
Другога кастрычніка амбудсмэн Армэніі Крысьціна Грыгар'ян заявіла, што спэцыялісты пацьвердзілі сапраўднасьць відэазапісу пазасудовага расстрэлу 7–8 армянскіх салдат, якія трапілі ў палон падчас эскаляцыі канфлікту на мяжы краіны з Азэрбайджанам. У заяве гаворыцца, што вызначана месца і час учыненьня злачынства, сьцьвярджаецца, што яно адбылося 13 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване патрабуюць выхаду краіны з АДКБРаней у сацсетках распаўсюджваліся відэа зь целам 36-гадовай армянскай вайскоўкі. Паведамлялася, што яе захопілі ў палон, згвалцілі, пасьля чаго ёй выкалолі вочы і адрэзалі пальцы рук, вырабіўшы на грудзі назву падразьдзяленьня спэцназу азэрбайджанскай арміі «Яшма». Начальнік Генэральнага штабу ўзброеных сіл Армэніі Эдуард Асран заяўляў, што злачынства ўчынена азэрбайджанскімі вайскоўцамі 16 верасьня.
Azadlıq Radiosu цытуе адказ МЗС Азэрбайджану, у якім зварот армянскага міністэрства называецца «прыкладам крывадушнасьці». Баку ў адказ абвінаваціў Ерэван у ваенных злачынствах і запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. З адказу МЗС вынікае, што Вайсковая пракуратура краіны правярае сапраўднасьць відэа, якое зьявілася ў сеціве.
Агенцтва Azeri-Press Agency цытуе адказ Вайсковай пракуратуры аб відэа з пазасудовым пакараньнем. У ім гаворыцца, што па выніках праверкі будуць прынятыя «адпаведныя меры ў рамках закону», забітых на відэа палонных ведамства называе «правакатарамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ня вераць Расеі, але зьвяртацца па дапамогу няма да каго», — беларус, які цяпер жыве ў Армэніі