Экспэрт па нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін у інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода ацаніў наступствы выбухаў на газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2», якія адбыліся ў ноч на 26 верасьня.
Міхаіл Круціхін падлічыў, што Расея здабывае прыкладна 700 млрд кубамэтраў газу ў год, з іх 500 спажывае ўнутры краіны, а 200 прадае на экспарт. Эўрапейскія пастаўкі складаюць каля 100 млрд кубамэтраў газу, і Расеі іх немагчыма будзе кампэнсаваць за кошт Кітая або краін былога СССР, — лічыць Міхаіл Круціхін.
«Паўночны паток» і «Паўночны паток-2», больш не існуюць, наўрад ці яны будуць адноўленыя
Наконт нядаўніх выбухаў на газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2» Круціхін заявіў:
«У цяперашняй сытуацыі зусім немагчыма абмяркоўваць, хто канкрэтна ўзарваў газаправоды, бо гэта справа сьледчых. Заведзеныя крымінальныя справы, сьледзтва працягваецца. Але можна паглядзець, што атрымалася ў выніку ў адносінах паміж расейскімі пастаўшчыкамі газу — канкрэтна „Газпромам“ — і эўрапейскімі спажыўцамі. З тых трубаправодаў, якія працавалі раней, некаторыя зачыненыя калі не назаўжды, то надоўга. Першае. Гэта невялікі трубаправод, які злучаў Расію з Фінляндыяй, ён зачынены. Другое: гэта два патокі — „Паўночны паток“ і „Паўночны паток-2“, яны зачыненыя, больш не існуюць, наўрад ці будуць адноўленыя».
У Расеі ёсьць цалкам спраўны газаправод «Ямал — Эўропа», які ідзе праз Беларусь і Польшчу ў Германію, магутнасьцю 33 мільярды кубамэтраў. Але ён не працуе, таму што расейскі ўрад абвясьціў контрсанкцыі супраць апэратара польскага ўчастку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабода ад расейскага газу»: запушчаны газаправод з Грэцыі ў БаўгарыюЭўропа ўжо зразумела, што расейскага газу больш няма, і яна пратрымаецца
Яшчэ ёсьць украінская газатранспартная сыстэма, яна працуе праз расейска-ўкраінскую мяжу толькі па адным пераходзе — «Суджа» ў скарочаным рэжыме. «Газпром» паводле транзытнага пагадненьня з Украінай абавязаўся перапампоўваць штодня 167 мільёнаў кубамэтраў газу, а перапампоўвае 42.
«Газпром» сам скараціў пастаўкі газу ў Эўропу па гэтым газаправодзе ў 4 разы. Існуе яшчэ адзін уваход, які працаваў у бок Украіны, — вымяральна-кампрэсарная станцыя «Суханаўка», але яна не працуе, таму што там стаяць расейскія войскі.
«Застаўся толькі турэцкі маршрут, іх два. Гэта „Блакітны паток“ праз Чорнае мора, ён пабудаваны яшчэ ў 2002 годзе, там таксама можна прапампоўваць 16 мільярдаў кубамэтраў газу. Гэта чыста для Турцыі. Затым ідзе „Турэцкая плынь“, дзьве ніткі, кожная прыкладна па 16 таксама. Адна нітка — для турэцкіх спажыўцоў. Адна нітка „Турэцкага патоку“ з Турцыі ўваходзіць на тэрыторыю Эўразьвязу ў Балгарыі, яна там ужо называецца „Балканскі паток“, яна таксама магутнасьцю 16 мільярдаў кубамэтраў за год. Цяпер з яе атрымлівае газ не Балгарыя, якая толькі забясьпечвае транзыт, там ёсьць крышку для Грэцыі, для Паўночнай Македоніі, для Сэрбіі і для Вэнгрыі.
Але там склалася таксама даволі цікавая абстаноўка, таму што апэратар „Турэцкага патоку“ — галяндзкая кампанія, якая забясьпечвала сэртыфікацыю тэхналягічнай бясьпекі гэтай трасы, — пакінуў праект з-за санкцый. Таму там узьнікла сур’ёзная сытуацыя, калі магчыма спыненьне паставак і па гэтым маршруце ў Турцыю таксама. Там яшчэ незразумела, як вырашаць гэтую праблему, але не выключана, што „Газпрам“ перастане забясьпечваць газам і тыя краіны, якія я згадаў», — кажа Міхаіл Круціхін.
Пытаньне зараз у тым, ці выжыве Эўропа без расейскага газу. Экспэрт адказвае:
«Гандлёвыя пляцоўкі газам у Эўропе спачатку прарэагавалі павышэньнем цэн на фʼючарсныя кантракты, калі паступілі весткі аб выбухах у Балтыйскім моры, а затым цэны зноў пайшлі ўніз. Эўропа, у прынцыпе, упэўненая ў тым, што ёй удасца перажыць зімовы сэзон нават увогуле без расейскага газу. Такія заявы ўжо робяцца ў эўрапейскіх краінах. Так, давядзецца цяжка, давядзецца плаціць завышаныя цэны за звадкаваны прыродны газ, які трэба будзе перавабліваць з Азіі, будуць прыняты дадатковыя захады эканоміі энэргіі і энэргаэфэктыўнасьці, нейкія вытворчасьці, магчыма, давядзецца прытрымаць, спыніць, скараціць. Але Эўропа ўжо зразумела, што расейскага газу больш няма, і яна пратрымаецца», — лічыць Міхаіл Круціхін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёрты выцек на «Паўночным патоку». Што вядома пра вэрсіі здарэньняў на расейскіх газаправодах у БалтыцыХто такі Міхаіл Круціхін
Міхаіл Круціхін — расійскі эканамічны аналітык, спэцыяліст па нафтагазавым рынку. Экс-галоўны рэдактар амэрыканскага часопіса Russian Petroleum Investor. З 2002 года — партнэр інфармацыйна-кансалтынгавага агенцтва RusEnergy.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцечка з сыстэмы газаправодаў «Паўночны паток» спынілася праз тыдзень пасьля выбухаўВыбухі і ўцечкі на газаправодах
Уцечкі ў газаправодах «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» адбыліся ў ноч на 26 верасьня каля дацкага вострава Барнхольм у Балтыйскім моры. Улады Эўразьвязу заявілі, што газаправод быў пашкоджаны наўмысна. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў пашкоджаньне газаправодаў сьвядомым актам дывэрсіі. Раней расыйскі прэзыдэнт, выступаючы ў Крамлі з прамовай аб анэксіі ўкраінскіх тэрыторый, абвінаваціў «англасаксаў» у тым, што яны зьдзейсьнілі дывэрсію на газаправодах.
Прапампоўка газу па «Паўночным патоку-1» была спыненая ў канцы жніўня, як сьцьвярджае расейскі бок, па тэхнічных прычынах. «Паўночны паток — 2» ня быў запушчаны ў эксплюатацыю — пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць яго былі ўведзены санкцыі. Меркаваная дывэрсія адбылася на фоне вайны ва Ўкраіне і рэзкага абвастрэньня адносін паміж Масквой і краінамі Захаду.
Уцечка газу з газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» у Балтыйскім моры спынілася, паведаміла Дацкае энэргетычнае агенцтва.
«Кампанія Nord Stream 2 AG праінфармавала Дацкае энэргетычнае агенцтва, што ў цяперашні час на газаправодзе дасягнуты стабільны ціск. Гэта сьведчыць аб тым, што пуск газу па гэтым трубаправодзе завершаны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле «Газпрому», у пашкоджаных газаправодах знаходзілася каля 800 млн кубамэтраў газу, што раўнацэнна спажываньню Даніі за тры месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля такіх выбухаў трубаправоды не рэанімуеш»,— экспэрт аб пашкоджаньнях «Паўночных патокаў» і вэрсіях здарэньня