Рэпэр з Краснадару Іван Пятунін, вядомы як Walkie, скончыў жыцьцё самагубствам у знак пратэсту супраць мабілізацыі на вайну ва Ўкраіне. Яму было 27 гадоў.
Перад сьмерцю Пятунін апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэазварот, у якім патлумачыў прычыны гэтага кроку.
«Так, у мяне ёсьць адтэрміноўка ад мабілізацыі з прычыны таго, што я ляжаў у ПНД (псыханэўралягічным дыспансэры. — РС), але мне здаецца, што ў найбліжэйшыя дні мабілізацыя частковая ператворыцца ў мабілізацыю поўную: у мяне ёсьць дзьве рукі, дзьве нагі і ўказальны палец, каб націскаць на курок. А аўтамат ужо які-небудзь мне выдадуць. Я ня маю права націскаць на курок. Я не гатовы браць у рукі зброю і забіваць сабе падобных», — сказаў ён.
Самагубства ён назваў «спосабам выказаць свой фінальны пратэст».
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 21 верасьня абвясьціў у Расеі мабілізацыю, назваўшы яе «частковай». Улады заявілі аб плянах набраць у войска 300 тысяч рэзэрвістаў, якія прайшлі службу і маюць досьвед удзелу ў баявых дзеяньнях. Гэтыя сьцьвярджэньні не прапісаныя ў афіцыйным указе аб мабілізацыі, і зь першага дня яе правядзеньня з розных рэгіёнаў паступаюць паведамленьні аб парушэньні заяўленых абмежаваньняў. Паводле зьвестак некаторых расейскіх СМІ, на вайну з Украінай улады плянуюць мабілізаваць больш за мільён грамадзян.