Пагаварылі з Аляксеем пра тое, як беларусам пазбыцца комплексу «местачковасьці» і рабіць, шанаваць і любіць сваё.
«Як толькі Пуцін абвясьціў мабілізацыю, прагляды вырасьлі да 1 мільёна 200 тысяч»
Аляксей прызнаецца, што гэта яго другая спроба скарыць TikTok. Ён ужо рабіў відэа, якія набіралі па 200 тысяч праглядаў, але тую справу хутка закінуў. І вось пасьля ваганьняў, навучаньня, кансультацый вырашыў распачаць зноў. Хацелася пэрыядычна выпускаць менавіта гумарыстычны кантэнт. Амаль за 2 месяцы ў яго на канале ByLOL ужо больш за 2 тысячы падпісчыкаў.
Што тычыцца гэтага віруснага відэа, якое набрала ўжо больш за 1 млн 200 тысяч праглядаў, ідэю ён падгледзеў у адным з замежных TikTok-акаўнтаў.
«Відэа было пра тое, як адбываюцца інтэрвію на межах розных краінаў. Там былі Францыя, Нідэрлянды, Італія. Я падумаў: а чаму б не адаптаваць гэта пад беларускія рэаліі? Бо мой акаўнт, які называецца ByLOL, скіраваны больш на Беларусь, на беларускую рэчаіснасьць, асаблівасьці і праблемы. Ну, і зрабілі даволі простае відэа, як гэта робіцца ў TikTok’у: ня трэба супэр’якасных здымкаў, ня трэба асабліва замарочвацца.
Да гэтага ў мяне была максымальная колькасьць праглядаў крыху больш за 30 тысяч. А тут пачалося: за першую гадзіну — 2 тысячы, далей 5, 10, 100 — і я зразумеў, што гэта вірусная справа. На 700 тысячах рост спыніўся, а як толькі Пуцін абвясьціў мабілізацыю, прагляды вырасьлі да 1 мільёна 200 тысяч.
Самае цікавае, што яно закранула ня толькі беларускіх карыстальнікаў: былі камэнты з Сэрбіі, Пакістану, Польшчы, Украіны, Расеі — геаграфія даволі шырокая», — расказаў Аляксей Сапрыкін.
«BySOL — ByLOL. Яны робяць сваю справу, а я сваю»
ByLOL — гэта фонд гумарыстычнай салідарнасьці, працягвае ён. Назву прыдумаў падчас гастроляў. Разважаючы пра канцэпцыю канала, натуральна, шукаў і назву — запамінальную, простую, кароткую, ёмістую, якая адлюстроўвала б сутнасьць відэа.
«Сядзеў у гатэлі, глядзеў ютуб, і трапілася мне відэа ByPol — пра тое, як яны выкрываюць агентаў, схемы, зьліваюць размовы сілавікоў. Іх падача мяне праўда расьсьмяшыла, хоць, як па мне, нічога скандальнага там не было. І я пачаў разважаць: BySol — ByLOL.
LOL — гэта інтэрнэт-мэм. Laughing out loud перакладаецца з ангельскай мовы як „гучна, услых сьмяяцца“, альбо „lots of laughs“ — шмат сьмеху. Калі ангельцам ці амэрыканцам вельмі сьмешна, яны коратка пішуць LOL. Такім чынам, By — як абазначэньне Беларусі, LOL — як гумар. Карацей, атрымалася такая назва. Ну, калі ёсьць фонды BySol, ByHelp, няхай будзе і ByLOL. Яны робяць сваю справу, а я сваю.
Ёсьць фонды культурнай, спартовай, мэдычнай салідарнасьці — няхай будзе і Фонд гумарыстычнай салідарнасьці», — тлумачыць Аляксей.
Што да тэмаў, пакуль Аляксея натхняюць навіны. Адзін ролік так і называецца: «Калі раніцай адкрываеш беларускія навіны». Ёсьць на канале «Агляд кампутара „Гарызонт“», «Калі ў Беларусі будзе мабілізацыя», «Так працуе прапаганда».
«Усе тэмы лунаюць у паветры. Насамрэч тут важныя рэакцыя і хуткасьць. Бо я таксама не магу пахваліцца іншым разам хуткай рэакцыяй на нейкія гарачыя падзеі. Як пісаў Альгерд Бахарэвіч, „навіна жыве 8 гадзін“. Таму хочацца перайсьці да нейкага „вечназялёнага“ кантэнту, які будзе актуальны заўсёды. І ў гэты бок трэба рухацца, каб не залежаць ад нейкага парадку дня», — разважае Аляксей Сапрыкін.
«Першыя мае спробы ў TikTok’у былі „пальцам у неба“, цяпер ёсьць канцэпцыя»
Ён прызнаецца, што раней да TikTok’у ставіўся даволі скептычна, як да чагосьці незразумелага, дзіцячага і нават «дэграданцкага». І многія яго сябры і калегі таксама несур’ёзна ставіліся. Аднак, паводле статыстыкі, большая частка аўдыторыі каналу ByLOL — ад 25 да 34 гадоў.
«Калі сур’ёзна, аналізуючы, маніторачы розны кантэнт, я маю ўражаньне, што TikTok эвалюцыянаваў, па-першае. Па-другое, там зьяўляецца гумар (само сабой), а таксама розныя парады пра грошы, нерухомасьць, рэцэпты — кантэнт разнаплянавы. Прыгадваю забаўны выпадак, як маці аднаго майго знаёмага даслала яму TikTok з парадамі бухгальтара: маўляў, «паглядзі, што раяць разумныя людзі. Ён адказаў: „Мама, я ня буду карыстацца парадамі бухгальтара ў тыктоку“. Але хто ведае...
У мяне ёсьць знаёмыя, бабулі і дзядулі якіх „завісьлі“ ў TikTok’у, бацькі іх таксама „заліпаюць“ у TikTok’у — гэта такая „заліпальная“ рэч».
Аляксей распрацаваў канцэпцыю разьвіцьця свайго каналу. На яго думку, да любога блогерства трэба ставіцца сур’ёзна.
«Насамрэч гэта такая ж праца з пэўнымі кампэтэнцыямі, як будоўля, як журналістыка, як мэдыцына. Таму я сур’ёзна да гэтага паставіўся. Бо першыя мае спробы ў TikTok’у былі „пальцам у неба“: ну зрабіў, ну заляцела, мэта дасягнута. Але трэба разумець, што ва ўсіх папулярных блогераў, тыктокераў, у якіх нашмат больш падпісчыкаў і праглядаў, чым у мяне, да якіх мне яшчэ расьці як да Месяца, ёсьць канцэпцыя, ёсьць бачаньне, устойлівасьць.
Калі я прапісваў канцэпцыю свайго каналу, разумеў, што буду пачынаць безь фінансаў, без матэрыяльнай базы. А TikTok і Instagram дазволяць мне прыцягнуць пэўную аўдыторыю, а потым можна будзе пераходзіць на больш складаныя і затратныя формы, наняць каманду і рабіць якасны кантэнт і пераходзіць у Youtube», — разважае Сапрыкін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Моц у тым, што ў цябе няма зброі». Як беларускія артысты і мастакі працягваюць сваю справу ў Польшчы«ByLOL можа стаць аб’яднаньнем беларускіх гумарыстаў»
Аляксей ужо задумваецца пра пашырэньне каманды, бо пакуль яму дапамагае толькі сяброўка, якая ў вірусным відэа пра праходжаньне беларускай мяжы агучвала ролю памежніцы.
«Яна мне дапамагае здымаць, бо самому зьняць сябе цяжка. Дае парады, крытыкуе — і я вельмі ёй удзячны. Калі атрымаецца пашырыць каманду, займець добрых сцэнарыстаў, ByLOL можа стаць аб’яднаньнем беларускіх гумарыстаў, якія пад гэтым брэндам будуць здымаць цікавыя, сьмешныя, прышпільныя і карысныя відэа. Я буду толькі рады, калі атрымаю запыты ахвотных далучыцца да ByLOL».
На думку Аляксея Сапрыкіна, у Беларусі ёсьць цікавыя, сур’ёзныя тыктокеры.
«Калі гаварыць пра беларускамоўных, гэта, канечне, Ліза Ветрава, якая робіць тыктокі пра беларускую мову, цікавыя словы; Мікіта Бялевіч, які робіць тыктокі пра музыку, культуру. Мая дзяўчына Васіліна Сакалоўская робіць TikTok пра навіны культуры — „Навінкі Васілінкі“, Шкада, што гэта, можа, ня вельмі шырокая аўдыторыя, але кантэнт вельмі важны.
Сярод расейскамоўных тыктокераў я магу адзначыць Алежу Обухава. Кожнае яго відэа набірае больш за мільён праглядаў, ён працуе ў гумарыстычным жанры, у яго вельмі сур’ёзны падыход. Ёсьць тыктокер Юрка, які робіць прышпільныя ролікі на трасянцы, у якіх удзельнічаюць маці, бацька і сын-школьнік», — кажа Аляксей.
«Акторства я не закінуў, працягваю сябе шукаць у гэтым»
Аляксей Сапрыкін — вядомы актор. Цягам 7 гадоў ён працаваў у Свабодным тэатры. Граў у спэктаклях «Сабакі Эўропы», «Рэйк’явік 74», «Быў у пана верабейка гаварушчы», «Цэнтральны», «Онікс», «Дом № 5» ды іншых. Аднак з 15 траўня ён ня ў трупе.
«Гэта не маё рашэньне, а зьбег абставінаў. Атрымалася так, як атрымалася. Я не шкадую. У тэатры я працягваю граць як фрылансэр. Але ў складзе асноўнай трупы мяне няма.
Акторства я не закінуў, працягваю шукаць сябе ў гэтым. У Польшчы я працаваў у дзіцячых спэктаклях, здымаўся ў рэкляме, у кіно. Вось і зараз паеду на рэпэтыцыю спэктакля. Жыцьцё на разьвітаньні са Свабодным тэатрам ня скончылася. Але калі паклічуць на гастролі са Свабодным тэатрам — буду думаць».
Улюбёная роля Аляксея Сапрыкіна ў Свабодным тэатры — Эртла Баладацір у спэктаклі «Рэйк’явік 74», які паставіў рэжысэр Юры Дзівакоў.
«Гэта гісторыя пра самае гучнае забойства ў Ісьляндыі. Шасьцёра чалавек былі падазраваныя, і сярод іх Эртла. Усіх астатніх апраўдалі празь нейкі час, адна Эртла была не апраўданая, хоць удзельніцай гэтых забойстваў яна не была. Спэктакль пра судовую і пэнітэнцыярную сыстэму. Сама роля Эртлы вельмі цяжкая, але цікавая. І працаваць зь Юрам Дзіваковым — гэта задавальненьне. Іншыя спэктаклі таксама клясныя, але гэты — мой самы ўлюбёны», — кажа Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны беларус!». Хто такі Павал Белавус, які ня выйшаў на волю пасьля 15 содняў«Нам неабходна пазбавіцца комплексу местачковасьці і рабіць свой кантэнт»
На думку Аляксея Сапрыкіна, цяпер самы час і самая важная задача для беларусаў — зьмяніць сваю сьвядомасьць. Бо нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе адбыліся зьмены, што шмат беларусаў прачнуліся, самая важная задача наперадзе — трансфармацыя сьвядомасьці.
«Што я тут маю на ўвазе: тое інфармацыйнае поле, у якім большасьць беларусаў жыве, нават у варунках вайны застаецца ўсё ж такі расейскім. Канечне, некаторыя пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пачалі адмаўляцца ад спажываньня расейскага кантэнту, але гэтага недастаткова. І каб нам, беларусам, не спажываць расейскі кантэнт, трэба яго нечым замяняць.
А замяняць яго трэба перш за ўсё сваім. Дзеля гэтага нам неабходна пазбавіцца комплексу местачковасьці і рабіць свой кантэнт. І зь цягам часу гэта выкрышталізуецца ў якасны паўнавартасны прадукт, які будзе зьбіраць сотні тысяч і мільёны праглядаў. Усё ў нашых руках. Тут, канечне, варта падтрымліваць сваіх людзей, любіць і шанаваць сваё», — перакананы Аляксей.
Хто такі Аляксей Сапрыкін
- Аляксей Сапрыкін — беларускі актор, вядоўца, культурны мэнэджар, блогер, музыка. У 2017 годзе скончыў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Мэдыя і камунікацыя: візуальная культура і крэатыўныя індустрыі».
- У «Арт Сядзібе» рэалізаваў вялікую колькасьць культурніцкіх праектаў (спэктаклі «Браніслаў» і «Францішак», відэа- і дакумэнтальныя праекты).
- З 2015 па 2022 гады быў акторам Беларускага свабоднага тэатру.
- Быў арганізатарам і вядоўцам сьвяткаваньня 100-х угодкаў БНР. Супрацоўнічаў у якасьці вядоўцы праграмаў з рознымі мэдыя (Радыё Свабода, Эўрарадыё, Белсат, Годна, YouBel TV).
- У сьнежні 2020 году быў затрыманы на 15 сутак. Зараз жыве і працуе ў Варшаве.