Праваабарончаму цэнтру «Вясна» уручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам «Клуні за справядлівасьць», у намінацыі «Справядлівасьць для абаронцаў дэмакратыі».
«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем сябраў „Вясны“ былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачаньнях, абодва лідэры арганізацыі ў турме», — цытуе арганізатараў праваабарончы цэнтар «Вясна».
«Гэтыя людзі былі гатовыя трапіць у турму, бо верылі настолькі цьвёрда, змагаліся за незалежнасьць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі», — сказаў Джордж Клуні ў эфіры тэлеканалу CBS напярэдадні ўручэньня прэміі.
Прэмію прымала Аліна Стэфановіч — жонка палітзьняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча. У прамове яна адзначыла:
«Больш за два дзесяцігодзьдзі мы з мужам і нашы адважныя калегі змагаемся за дэмакратыю ў Беларусі. Як лідэр „Вясны“ менавіта ён павінен быў стаяць тут сёньня і атрымліваць гэтую выдатную ўзнагароду. Ён ня можа гэтага зрабіць, бо ён за кратамі. Мне ўдалося выехаць зь Беларусі, каб выратаваць нашых дзяцей, і для мяне вялікі гонар прыняць гэтую ўзнагароду ад імя „Вясны“».
Аліна на цырымоніі таксама зачытала ліст ад свайго мужа.
Прэмія Албі, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар судзьдзі Албі Сакса, вядомага сваім гераічным імкненьнем пакончыць з апартгэйдам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасьць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.
Фонд «Клуні за справядлівасьць» заснаваны ў 2016 годзе Джорджам і Амаль Клуні для падтрыманьня правасудзьдзя ў залях суду, аўдыторыях і супольнасьцях па ўсім сьвеце.
У сьвяточнай цырымоніі ў Нью-Ёрку ўзялі ўдзел сьпевакі і сьпявачкі, акторы, актрысы, бізнэсмэны і мадэлі — у тым ліку, Джулія Робэртс, Мэрыл Стрып, Джон Олівэр, Дуа Ліпа, Джон Красінскі, Сіндзі Кроўфард.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК анансаваў завочныя суды над «Вясной», Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, Nexta і іншымі арганізацыямі і людзьмі
«Вясна» заявіла, што ня спыніць працу
У верасьні Сьледчы камітэт выставіў больш жорсткія абвінавачаньні старшыню «Вясны» Алесю Бяляцкаму, яго намесьніку Валянціну Стэфановічу і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімеру Лабковічу.
Больш за год праваабаронцаў трымалі пад вартай як абвінавачаных паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў), але зараз справу паводле гэтага артыкула спынілі. Ім выставілі абвінавачаньні паводле арт. 228 (кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 КК (навучаньне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці).
«З абурэньнем адзначаем, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч больш за год правялі ў зьняволеньні, без сустрэчаў і тэлефонных размоваў з сваімі сем‘ямі паводле абвінавачаньня, ад якога Сьледчы камітэт цяпер цалкам адмовіўся, — гаворыцца у заяве «Вясны». — Абвінавачаньні нашым калегам, зьвязаныя з ажыцьцяўленьнем праваабарончай дзейнасьці, аказаньнем дапамогі ахвярам палітычна матываванага перасьледу, сталі наступствам пазбаўленьня рэгістрацыі „Вясны“ і адмовы ў паўторнай рэгістрацыі, што Камітэт правоў чалавека ААН двойчы ацаніў як парушэньне права на свабоду аб’яднаньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеным праваабаронцам «Вясны» перакваліфікавалі абвінавачаньні. Ім пагражае да 12 гадоў турмыУ дакумэнце адзначана, што супраць праваабаронцы «Вясны» Зьмітра Салаўёва, які атрымаў міжнародную абарону за мяжой, пачатае так званае «спэцыяльнае вядзеньне», якое дапускае папярэдняе расьсьледаваньне і суда пры адсутнасьці абвінавачанага.
«Салаўёў стаў ахвярай адвольнага затрыманьня і катаваньняў, а пасьля — адвольнага пазбаўленьня волі, жорсткага, бесчалавечнага, зьняважлівага абыходжаньня, адмовы надаць мэдычную дапамогу ў сувязі з атрыманымі траўмамі ў лютым 2021 году, пасьля чаго ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, асьцерагаючыся далейшага адвольнага перасьледу і адмовы ў правасудзьдзі», — падкрэсьлілі праваабаронцы.
«Чарговая атака таталітарнага рэжыму», як сказана ў заяве, адбылася ў форме выракаў каардынатарцы валянтэрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай і валянтэру Андрэю Чапюку, якім прысудзілі адпаведна 15 і 6 гадоў калёніі, а таксама ўтрыманьня ў папраўчай калёніі юрыста гомельскага аддзяленьня «Вясны» Леаніда Судаленкі. Пад арыштам застаюцца праваабаронцы Ўладзімер Целяпун і Анастасія Лойка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі адчуваю безнадзейнасьць, адчай, ня бачу сьвятла, — успамінаю Алеся». Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму — 60 гадоў«Завочнае вядзеньне ў крымінальных справах канчаткова пазбаўляе абвінавачаных асноўных правоў, адпаведных міжнародным абавязаньням Беларусі, у тым ліку права на абарону, і закладае падставы для вынясеньня несправядлівага прысуду», — канстатавалі праваабаронцы.
Прадстаўнікі «Вясны» запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і заявілі, што ня спыняць сваёй праваабарончай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК анансаваў завочныя суды над «Вясной», Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, Nexta і іншымі арганізацыямі і людзьмі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсіі ў Беларусі — у цэнтры ўвагі Канфэрэнцыі АБСЭ аб чалавечым вымярэньні