Расея ўдарыла па цывільных і гуманітарных аб’ектах у сямі вобласьцях Украіны. Украінцы стварылі «кацёл» для расейцаў пад Ліманам

Наступствы расейскага абстрэлу канвою пад Запарожжам, 30 верасьня 2022 г.

30 верасьня расейцы атакавалі гуманітарную калёну, якая рухалася на часова акупаваную тэрыторыю Запароскай вобласьці, каб забраць людзей і адвезьці дапамогу. Загінулі звыш 20 чалавек, дзясяткі параненых.

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што за мінулыя содні расейскія войскі абстралялі з авіяцыі і артылерыі амаль 50 паселішчаў у Данецкай, Луганскай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Херсонскай, Сумскай і Харкаўскай вобласьцях. Ёсьць загінулыя і параненыя.

«За мінулыя содні расейскія акупанты нанесьлі 5 ракетных і 11 авіяцыйных удараў, ажыцьцявілі больш як 100 абстрэлаў з рэактыўных сыстэмаў залпавага агню па вайсковых і цывільных аб’ектах», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Аляксанар Штупун.

Запарожжа: ад абстрэлаў загінулі і атрымалі раненьні дзясяткі мірных жыхароў

Запароская вайсковая абласная адміністрацыя паведаміла, што раніцай расейскія войскі абстралялі ваколіцы абласнога цэнтру.

Ёсьць загінулыя і параненыя. Колькасьць удакладняюць.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пракамэнтаваў абстрэл гуманітарнай калёны ў Запарожжы:

«Так могуць учыняць толькі закончаныя тэрарысты, якім ня мусіць быць месца ў цывілізаваным сьвеце. Вораг лютуе і намагаецца адпомсьціць за нашу стойкасьць і свае няўдачы. Цынічна зьнішчае мірных украінцаў, бо даўна страціў усё чалавечае. Крыважэрныя падонкі! Вы абавязкова адкажаце. За кожнае страчанае ўкраінскае жыцьцё!», — заявіў Зяленскі.

Пасьля расейскай атакі на гуманітарны канвой. Запарожжа, 30 верасьня 2022

На 14 гадзін вядома, што 25 чалавек забітыя і 50 параненыя. Паводле ўладаў, людзі стаялі ў гуманітарнай калёне для выезду на часова акупаваную тэрыторыю, каб забраць сваякоў і адвезьці дапамогу. На месцы абстрэлу працуюць ратавальнікі і мэдыкі.

Настуствы расейскага абстрлу канвою пад Запарожжам, 30 верасьня 2022

У горадзе Запарожжы і Запароскай вобласьці 1 кастрычніка абвешчаны днём жалобы па загінулых у выніку нападу Расеі на гуманітарны канвой, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнка апублікаваў відэа зь месца расейскай атакі. Паводле яго, расейскія войскі выпусьцілі па Запарожжы 16 ракетаў зэнітна-ракетнай сыстэмы С-300.

Дніпро: атака на аўтастанцыю

У горадзе Дніпро ў выніку расейскай ракетнай атакі на транспартнае прадпрыемства загінуў адзін і атрымалі раненьні пяць мясцовых жыхароў. Улады паведамілі, што расейцы зьнішчылі больш за паўсотні і пашкодзілі сотню аўтобусаў, чатыры пяціпавярховыя жылыя будынкі, гімназію, краму і легкавыя аўтамабілі грамадзян.

Атакі на цывільныя абекты ў іншых абласьцях

У Данецкай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў загінулі 8 мірных грамадзян і яшчэ 17 параненыя.

У Сумскай вобласьці трое мірных грамадзян атрымалі раненьні, адзін зь іх памёр у шпіталі. Пашкоджаныя лініі электраперадач і 5 жылых будынкаў.

У Мікалаеве загінулі тры і параненыя 12 мірных грамадзян. Уначы расейцы зь бесьпілётніка скінулі бомбы на жылы будынак у цэнтры гораду. Ратавальнікі разьбіраюць завалы, каб выратаваць людзей.

Пад Ліманам на Данеччыне ўкраінскія войскі атачылі расейцаў

Ва Ўзброеных сілах Украіны заявілі, што заканчваюць аточваць расейскія войскі каля Ліману на Данеччыне.

«Дэталі па месцах, якія ўзялі, дакладна назваць пакуль ня можам. Паколькі сьцяг Узброеныя сілы могуць усталяваць, яны дзеляцца радаснымі відэа, але баі яшчэ трываюць. Пасьля стабілізацыйных захадаў можна будзе сказаць больш дэтальна. Калі правядзем усе захады бясьпекі і вораг ня будзе контратакаваць», — цытуе «Суспільне» сьпікера ўсходняй групоўкі ўкраінскіх войскаў Сяргея Чараватага.

Паводле яго, на Ліманскім кірунку працягваецца апэрацыя па атачэньні расейскай групоўкі войскаў.

«Цяжка камэнтаваць, паколькі апэрацыя працягваецца. Апэрацыя менавіта па атачэньні гэтай групоўкі. Пад агнявым кантролем Узброеных сіл Украіны фактычна ўсе падыходы, лягістычныя шляхі праціўніка, па якіх ён дастаўляў боепрыпасы і ежу», — дадаў сьпікер усходняй групоўкі ўкраінскіх войскаў.

Сяргей Чараваты таксама дадаў, што каля Ліману расейская армія нашмат лепш умацаваная, чым было на харкаўскім кірунку. Паводле яго, апэрацыя па атачэньні знаходзіцца на этапе завяршэньня.

Украінскі журналіст Юры Бутусаў таксама паведаміў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны на Данеччыне ў раёне Ліман — Ямпаль загналі ў «кацёл» галоўныя сілы 20-й агульнавайсковай арміі Расеі.

«Украінцы могуць адпомсьціць за Ілавайск у шматразовым памеры. Расейскае кіраўніцтва намагалася за ўсякую цану ўтрымаць два важныя гарады Данецкай вобласьці — Ліман і Ямпаль. Прычыны, імаверна, палітычныя. Аднак спыніць наступ Узброеных сілаў Украіны расейцам не ўдалося», — напісаў Юры Бутусаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны пакуль не камэнтуе гэтай інфармацыі.

Пра атачэньне Ліману ўкраінскім сіламі паведамляюць і расейскія журналісты

Расейскія ваенныя журналісты і прарасейскія тэлеграм-каналы, якія трансьлююць паведамленьні сэпаратыстаў і акупацыйных уладаў на ўсходзе Ўкраіны, паведамілі аб атачэньні ўкраінскай арміяй Ліману (Чырвонага Ліману) — гораду ў Данецкай вобласьці, які перайшоў пад кантроль сэпаратыстаў у траўні 2022 году.

Паведамляецца аб выхадзе расейскіх войскаў з Ямпаля, Ставак, Дробышава — пасёлкаў, у якіх войска і сэпаратысты трымалі абарону гораду. Адзіная дарога на горад, па якой яшчэ могуць перамяшчацца расейскія вайскоўцы, Торскае — Дробышава, прастрэльваецца, на ёй дзейнічаюць украінскія разьведвальна-дывэрсійныя групы, перадае ў тэлеграме карэспандэнт «Камсамольскай праўды» Аляксандар Коц.

Прарасейскі канал «Арханёл спэцназу» трансьлюе паведамленьне падпісчыка аб хаосе ў расейскіх войсках у горадзе і адсутнасьці сувязі. Ваенны журналіст Сямён Пегоў сьцьвярджае, што мінулая ноч павінна была стаць «вырашальнай» для абароны гораду.

Прарасейскія крыніцы сьцьвярджаюць, што горад хуткім часам можа быць захоплены разам з вайскоўцамі, іх колькасьць невядомая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні «незалежнасьці» Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны, рыхтуе іх анэксію

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.