29 верасьня ў Міністэрстве транспарту Расеі было падпісанае міжурадавае пагадненьне аб транзыце беларускіх грузаў праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.
Паводле афіцыйнага паведамленьня, дакумэнт забясьпечвае стварэньне альтэрнатыўных маршрутаў пастаўкі экспартнай прадукцыі. Перавозка грузаў у трэція краіны будзе ажыцьцяўляцца як праз марскія парты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру.
Подпісы пад дакумэнтам паставілі кіраўнікі міністэрстваў транспарту Беларусі і Расеі Аляксей Аўраменка і Віталь Савельеў.
У лютым 2021 году ўрады дзьвюх краін падпісалі пагадненьне аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты для далейшага экспарту ў трэція краіны. Як паведаміў Віталь Савельеў, цяперашнія тэмпы перавалкі дазваляюць спрагназаваць аб’ём сёлетняга транзыту нафтапрадуктаў на ўзроўні каля 3 млн тон, пры заплянаваных 2 млн 400 тыс. тон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыходзіць будзе балюча, але пэрспэктыўна». Ці можа беларуская эканоміка абысьціся без Расеі